Tribuna/Баскетбол/Блоги/Rock the Tsmok/Нешчаслівая Клайпеда

Нешчаслівая Клайпеда

У рамках Адзінай лігі ВТБ мужчынская каманда «Цмокі» адправілася ў Клайпеду за першай перамогай у новым каляндарным годзе. На жаль, як і год таму, беларуская дружына зноў саступіла «Няптунасу», толькі на гэты раз абышлося без авертайма. Перамогу ж літоўскаму клубу прынёс шалёны кідок Рункаўскаса на апошняй секундзе супрацьстаяння. Для злога генія мінчукоў гэта быў 10 трохачковы ў матчы.

Блог — Rock the Tsmok
Автор — Tsmoki-press
12 января 2014, 20:11
3

Букмекерскія канторы, якія вызначылі «Няптунас» як фаварыта пары (хай і далёка не безумоўнага), напэўна былі ашаломленыя бліцкрыгам мінчукоў. Можа, за час гульнявога прастою „драконы“ засумавалі па баскетболе. Можа, Данальдас Кайрыс „напампаваў“ іх палымянымі прамовамі. Як бы там ні было, але старт паядынку госці правялі на парадак больш упэўнена апанентаў. Ці ледзь не кожную страту або промах суперніка мінчукі канвертавалі ў хуткі адрыў, сарваць які ўдавалася хіба што цаной парушэння. У выніку гаспадары ўжо за пару хвілін перабралі камандных заўваг. Акрамя гэтага, і ў пазіцыйным нападзенні праблемы нейкі час абыходзілі беларусаў бокам. Шмат у чым дзякуючы відавочнай перавазе ў фактуры „вялікіх“. Бо пасля ад'езду Сміта ў складзе літоўцаў застаўся толькі адзін намінальны цэнтравы — Галдзікас, рост якога складае "ўсяго" 204 сантыметры. У другой жа чвэрці парачка далёкіх спроб Шаракаўскаса і зусім дазволіла „Няптунасу“ зраўняць лік — 23:23. Акрамя таго, да таго моманту чатыры персанальных заўвагі атрымаў Бэнсан — і, зразумела, адправіўся на лаўку. Добра, што асноўнага цэнтравога якасна замянялі Хантэр, Лашкевіч і Коршук. Акрамя таго, пасля раўнавагі беларусы ўшчыльнілі абарону на перыметры, а адрэзкамі ўдала выкарыстоўвалі прэсінг па ўсёй пляцоўцы. Усё гэта нярэдка прыводзіла да страт гаспадароў (16 толькі за першую палову!), якія госці, як ужо адзначалася, па-майстэрску выкарыстоўвалі. У выніку неўзабаве „цмокі“ здзейснілі рывок 10:0, шэсць ачкоў у якім набраў усё той жа Хантэр. Глядзіш, і сышлі б на вялікі перапынак з двухзначнай перавагай, калі б не дзве шалёныя і цалкам нелагічныя „трошкі“ Рункаўскаса пад заслону чвэрці.   Нажаль, антракт не збіў прыцэл лепшага снайпера гаспадароў. Нават наадварот. Толькі ў трэцяй чвэрці Рункаўскас настраляў 11 ачкоў, да таго часу давёўшы асабісты ўлоў да 27 балаў. У выніку Марыус практычна ў адзіночку вярнуў клуб з Клайпеды ў гульню. Праўда, паспеў адзначыцца і са знакам „мінус“. У канцы 10-хвілінкі ён настолькі засмуціўся прабежцы, што зарабіў тэхнічны. Ва ўмовах жа роўнай барацьбы лішнія штрафныя зусім не лішнія — і ў выніку беларусы сыходзілі на заключную чвэрць хай і з невялікай, але ўсё ж перавагай. Неўзабаве ж пасля аднаўлення гульні нядобраму прыкладу старэйшага таварыша рушыў услед і Улановас. Гулец, які на гэтым тыдні адсвяткаваў 22-і дзень народзінаў, вырашыў выправіць страту таварыша вельмі нетрывіяльным спосабам — схапіў за руку Трасцінецкага ў той момант, як Аляксей напэўна ўжо разважаў пра тое, якім менавіта слэм-данкам яму завяршыць хуткі адрыў. Зразумела, Эдагараса пакаралі неспартыўным фолам. Здавалася б, той эпізод можа стаць гэткім Рубіконам, за якім застануцца надзеі „Няптунаса“ на вікторыю. Аднак літоўцы не склалі зброю — і зноў метадычна адыгрывалі адставанне. У выніку за чатыры хвіліны да сірэны шалі зноў выраўняліся. Пасля чарговага шалёнага трохачковага Рункаўскаса...  Усё той жа няўрымслівы лідар гаспадароў стаў галоўнай дзеючай асобай і ў канцоўцы. Так, спачатку ён адзначыўся чарговым далёкім трапленнем (дзевятым у матчы!), а пазней забіў абодва штрафных пасля спрэчнага фолу Хантэра. Неўзабаве, праўда, Марыус падарыў надзею беларускім заўзятарам, парушыўшы правілы на Пэці падчас выканання ім кідка з-за дугі. У выніку абаронца стрымана рэалізаваў 3 штрафных і зраўняў лік. У „Няптунаса“ заставаўся час — і не трэба было хадзіць да варажбіткі для таго, каб вызначыць, праз чые рукі пройдзе патэнцыйна пераможная атака. Пры гэтым спачатку Рункаўскас паспрабаваў вызначыцца з сярэдняй дыстанцыі, але нарваўся на блок-шот Бэнсана. Авертайм? Нажаль, не. Насуперак нашым чаканням, мяч пасля блока застаўся ў Рункаўскаса, які выканаў кідок адчаю праз руку ўсё таго ж Бэнсана на апошніх імгненнях матчу. На жаль, насуперак усякай баскетбольнай логіцы чарговая шалёная спроба абаронцы дасягнула мэты, давёўшы да экстазу літоўскую тарсіду і абрынуўшы ў магільнае маўчанне беларусаў, якія назіралі за перыпетыямі сустрэчы. Данальдас КАЙРЫС, галоўны трэнер БК „Цмокi-Мiнск“: Вельмі складаны, але цікавы матч. Раней „Няптунасу“ кожны раз бракавала нейкай драбніцы, каб павярнуць зыход гульні на сваю карысць. Сёння ж Клайпеда выйшла на эмацыйны пік — і дабілася жаданага. Мы ведалі, што літоўцы будуць гатовыя памерці на пляцоўцы, але здабыць два ачкі. Нажаль, нічога супрацьпаставіць ім, перш за ўсё менавіта ў гэтым плане, мы не змаглі. Практычна месячны перапынак «заспакоіў» нашу каманду, выбіў з тонусу, з рытму. Як здаецца, менавіта таму дапусцілі амаль тры дзесяткі памылак. Вельмі крыўдна аддаць вікторыю, не саступіўшы суперніку ў ключавых кампанентах. Аднак Марыус Рункаўскас апынуўся тым вырашальным фактарам у вызначэнні мацнейшага, што адсунуў усе астатнія на перыферыю. Ён выдаў нешта падобнае на лепшы матч жыцця, перасягнуўшы абарону любога з маіх хлопцаў. Клайпеда. 12 студзеняНЯПТУНАС: Гірджунас (9), Рункаўскас (40), Улановас (2), Васілюс (2), Шаракаўскас (7 + 8 пад + 3 пер); Галдзікас (7), Якстас (4), Буткевічус (2+ 8 пад), Эйтутавічус (2), Мажэйка (н.в.).ЦМОКІ-МІНСК: Міркавіч (5), Харпер (6), Ульянка (4), Коршук (2), Бэнсан (12); Хантэр (13), Трасцінецкі (10), Пэці (8 + 6 пер), Лютыч (7), Лашкевіч (5), Мешчаракоў (н.в.).

НЯПТУНАС — ЦМОКІ-МІНСК - 75:72 (15:21, 16:16, 23:21, 21:14)

Другие посты блога

Сербскі падарунак
11 апреля 2015, 22:47
1
Все посты