Tribuna/Футбол/Блоги/Снех/6 самых запамінальных гонак Домрачавай

6 самых запамінальных гонак Домрачавай

Пакуль Домрачава паступова ўліваецца ў сезон, прапаную ўспомніць лепшыя гонкі ў выкананні «беларускай ракеты».

Блог — Снех
Автор — Пан Дзі Мон
30 января 2017, 16:35
4
6 самых запамінальных гонак Домрачавай

Вяртання Домрачавай чакалі не толькі беларускія заўзятары, але і ўсё біятлоннае кам’юніці. Некаторыя адразу ставілі беларуску ў прызёры, нават букмекеры ўпісвалі спартсменку ў лік галоўных прэтэндэнтаў на медалі. Дэбютная ж гонка паказала, што Дар’я ўсё-такі чалавек, а не робат, і каб наблізіцца да сваёй былой формы, спатрэбіцца час.

Пакуль Домрачава паступова ўліваецца ў сезон, прапаную ўспомніць лепшыя гонкі ў выкананні «беларускай ракеты».

Скажу адразу, што гэтыя заезды выбіраліся не з-за прызавой значнасці, а з-за эмоцый, якія я адчуў пры іх праглядзе. Гэтыя шэсць гонак у мяне назаўжды заселі ў памяці, менавіта таму яны для мяне – лепшыя.

Выступленні размешчаны ў храналагічным парадку.

ЧС-2009, Пхёнчхан. Гонка пераследавання

Ішоў сезон-2008/09. У мужчынскім біятлоне нарвежцы займаюць увесь п’едэстал, Сімон Фуркад – лепшы біятланіст Францыі; у жаночым біятлоне за Вялікі хрустальны глобус змагаюцца Экхальм і Вільхельм, а Мякярайнен яшчэ ні разу не выйгравала гонку. Як жа гэта было даўно.

Для беларускага заўзятара сезон запомніцца першымі асабістымі п’едэсталамі Домрачавай і яе трапленнем у топ-10 агульнага заліку. Але ў маёй памяці не знайшлося месца для бронзы Дар’і ў Рупольдынгу і адразу двум трапленнем у тройку ў Антхольцы, бо, на маю думку, лепшую гонку сезона 22-гадовая Домрачава правяла ў Пхёнчхане.

Да паўднёвакарэйскага чэмпіянату свету Дар’я падышла на піку формы, ды і сам удзел у такім важным міжнародным спаборніцтве для беларускай біятланісткі быў трэцім. «Медаль дакладна будзе!» – напэўна так падумаў беларускі заўзятар.

Спрынтарская гонка, якая па традыцыі была першай на чэмпіянаце, стала адной з горшых за ўсю кар’еру Домрачавай: 53-е месца, 4+2 па рубежах і больш за тры хвіліны адставання. Правалены спрынт аўтаматычна хаваў гонку пераследу. Але будзь яно так, гэтага выступлення не было б у дадзеным топе.

Правал у пераследзе пазбаўляў беларуску ўдзелу ў мас-старце, што, безумоўна, не задавальняла Дар’ю. Трэба было ўсімі сіламі адбіваць гэтыя злашчасныя +3.10 адставання. Камбэк будзе рэальны толькі пры ідэальнай стральбе, што, забягаючы наперад, нашай біятланістцы зрабіць не атрымаецца. Але і правальнай яе назваць таксама нельга: 1+0+1+0.

Вільхельм ўжо была на палове шляху да першага рубяжа, як Домрачава толькі стартавала. «Беларуская ракета» паступова пачала адыгрываць пазіцыі. Нягледзячы на промах на першай стральбе, Дар’я сыходзіла са стрэльбішча ўжо на 45-м месцы, але з тымі ж трыма хвілінамі пройгрышу. «Чысты» другі рубеж перамясціў беларуску на 27-ю пазіцыю і +2.46 адставання, а пасля трэцяга круга – 18 і +1.39. Паказваючы лепшы ход на чацвёртым крузе і дакладную стральбу, Домрачава перамясцілася на 7-ы радок і +50 секунд пройгрышу, а на фінішным крузе абагнала Мары-Лор Брунэ і Марціну Бэк, якой прайгравала дваццаць секунд пасля апошняга рубяжа.

За 10 кіламетраў 53-я пазіцыя памянілася на 5-ю, а +3.10 адставання ператварыліся ў +39. Адзін з лепшых «скачкоў» у гісторыі біятлона. Застаецца толькі гадаць, што было б, адстраляйся Домрачава на нуль.

АГ-2010, Ванкувер. Індывідуальная гонка

Увогуле канадскія гульні пакінулі сваё месца ў памяці беларусаў. Асабліва біятлон. Домрачава выйграе медаль на першай жа Алімпіядзе, а праз пару гадзін Сяргей Новікаў адзіны раз узыдзе на асабісты подыум, падзяліўшы другое месца з будучым мужам Дар’і. Можна сказаць, 18 лютага – неафіцыйны дзень беларускага біятлона.

Перад Алімпіядай справы Домрачавай у Кубке свету ішлі нядрэнна: бронза ў індывідуальнай гонцы на першым этапе ў Эстэрсундзе, але пры гэтым дзесяць трапленняў у дзясятку наймацнейшых. У алімпійскі сезон агульны залік Кубка сыходзіць на другі план, таму было вырашана прапусціць апошні даалімпійскі этап, і Дар’я амаль месяц рыхтавалася да Ванкувера.

Спрынт і пераслед патрэбнага выніку не прынеслі (8 і 15 месца адпаведна), заваяваць другі медаль у сезоне атрымаецца зноў жа ва «індывідуалцы». 34-ы стартавы нумар дазволіў сачыць за вынікамі галоўных канкурэнтак: 2-й стартавала Бергер, 4-й – Зайцава, 6-й – Ёхансан, 18-й  – Нойнер, 26-й – Хенкель.

На першым крузе Домрачава паказала трэці ход і дзякуючы дакладнай стральбе ўварвалася ў тройку. Пасля другога круга ўжо другі вынік ходам, але «чыстай» стральбы паўтарыць не атрымалася: чацвёрты стрэл дадаў хвіліну да агульнага часу, падобнага ў гонцы Дар’я больш не паўторыць. Трэці круг – першая ходам, пройгрыш Бергер +1.13, але ўжо на той момант было вядома, што нарвежка на апошнім рубяжы адзін чорны круг не закрые. Такім чынам, трэба адыграць 13 секунд за 2 круга і пры гэтым не прамазаўшы. З другім пунктам Дар’я справілася, але дадаць у хуткасці не змагла. На фінішы беларуска прайграе 28 секунд Бергер, і 8 секунд Хрусталёвай, якая ні разу не прамазала.

КС 2009/10, Кантыялахці. Спрынт

Бронза на АГ гульнях стала адпраўной кропкай у кар’еры Домрачавай. Даказаць, што медаль Ванкувера быў невыпадковым, атрымалася імгненна. На этапе ў фінскім Кантыялахці беларуска возьме першае золата спачатку ў спрынце, а праз дзень у пераследзе.

Срэбра на чэмпіянаце свету, бронза на Алімпійскіх гульнях ужо ёсць, і вось, на чацвёртым сезоне Кубка свету золата, нарэшце, пакарылася. Дакладная стральба, другі час ходам прынеслі першае месца ў спрынце.

КС 2011/12, Хахфільцэн. Гонка пераследавання

У 2011 аўстрыйскі Хахфільцэн прымаў два этапы запар. Тут Домрачава возьме тры медалі кожнай пробы ў чатырох асабістых гонках. Самай запамінальнай стала пераможная гонка пераследу.

Спрынт Дар’я скончыла на пятым месцы з +25 адставання ад Нойнер. Пасля першага круга, аднойчы прамазаўшы, адставанне павялічылася да +52. На другім крузе, пры «чыстай» стральбе, удалося адыграць дзесяць секунд. Трэці круг прайшоў па сцэнары першага, і зноў +55 адставання. На чацвёртым рубяжы прамахваецца Зайцава, Нойнер ідзе на дадатковыя 300 метраў, Домрачава страляе на нуль, і гэтыя тры спартсменкі адначасова пакідаюць фінальны рубеж.

Увесь фінішны круг расіянка, беларуска і немка «наступалі» адзін аднаму на лыжы. Домрачавай далёка не заўсёды ўдавалася перамагаць у фінішных «разборках», асабліва калі ў саперніцах Бергер, але нарвежка на той момант замыкала дзясятку, а Нойнер з Зайцавай прыкметна прайгравалі беларусцы ў слізгаценні лыжаў. На заключнай стометроўцы першай адсеялася немка, а ў двубоі з расійскай біятланісткай фотафініш не спатрэбіцца, Зайцава прайграе +0.3 секунды.

КС 2011/12, Антхольцы. Эстафета

Медаль нашай зборнай у эстафеце – з’ява рэдкая, таму кожная гонка нешта ды пакідала ў памяці. Але гэты заезд запомніўся больш за ўсіх.

Памятаеце, як, сыходзячы на фініш трэцяй, Домрачава з 40 секундным адставаннем амаль «з’ела» Абэр? Такое забыць нельга, бо гэта быў сапраўдны трылер для заўзятараў Францыі і Беларусі.

З прыходам Дар’і ў вялікі біятлон план нашай зборнай у эстафетнай гонцы быў такі: Скардзіна пачыные, Домрачава заканчвае. І калі трэцяя спартсменка перадасць эстафету, прайграючы не больш за хвіліну лідару, то чакайце медаль. «Беларуская ракета» адпрацуе свой этап на ўсе 100%. Па гэтым сцэнары і прайшоў этап у Антхольц-Антэрсельве.

Дубарэзава перадала Домрачавай эстафету пятай з +51 пройгрышам лідару. І вось пачалася сапраўды гонка. Ужо праз кіламетр і сто метраў адставанне скарацілася на дзесяць секунд, праз яшчэ пяцьсот метраў – на пяць. Пасля першага рубяжа з-за запатрабаванага дадатковага патрона вярнуліся тыя ж +41, якія да другой стральбы скароцяцца да +27. Стойка ў францужанкі і беларускі паўторыцца, і на выхадзе са стрэльбішча Домрачава прайгравала +34 секунды Францыі і +13 Расіі. Адрыў беларуску не спалохаў, і яна, як акула, кінулася за параненай ахвярай. Пройгрыш скарачаўся з кожнай дзесяціметроўкай, і за 900 метраў да фінішу складаў +12 ад Абэр, Вілухіна ўжо даўно плялася ззаду. За 400 метраў усяго +5. І тут сапраўды ў галаве прамільгнула, што яна можа адыграць гэты час і выйграць, нягледзячы на велізарны першапачатковы пройгрыш. Цуду, на шчасце зборнай Францыі, не адбылося. І +34 секунды ператварыліся ў +2,5, але гэта срэбра было параўнальна з золатам.

АГ-2014, Сочы. Гонка пераследавання

Апошняя зімовая Алімпіяда стала бенефісам Домрачавай: тры золата ў чатырох асабістых гонках, але запомніўся самы першы медаль.

Шчыра кажучы, я быў вельмі здзіўлены дзявятаму месцу Дар’і ў спрынце. З адным промахам на «лёжцы» беларуска прапусціла наперад Бескон і Навакоўскі-Жэмняк, у якіх таксама мелася па адным штрафным крузе. Хоць па ходу сезона падобны расклад азначаў амаль 100% трапленне ў тройку, а тут на фінішы +31.8 пройгрышу пераможцу. Пасля гонкі адчувалася нейкая трывога за спартсменку, заставалася спадзяецца, што гэта была выпадковасць. Яно так і атрымалася.

Гонка пераследу паказала, чыя гэтая будзе Алімпіяда. Пасля першага этапу дзявятае месца ператварылася ў трэцяя, а +32 секунды сталі +10. На другі рубеж Домрачава прыбегла разам з Кузьміной, расіянка прамазала, а беларуска адзначылася другім «сухаром». Пасля трэцяй стральбы, якая зноў была дакладнай для Дар’і, адрыў паміж другім месцам быў +33 на карысць беларускі. Ужо было зразумела, што перамога не сыдзе, больш за два промахі наша спартсменка не зробіць. Толькі апошняму стрэлу беларуская біятланістка дазволіць патрапіць у малако. Ад фінішнага круга Домрачава проста атрымлівала асалоду, адрыў у +36 секунд дазваляў. 

Фото: globallookpress.com/CTK Photo/Lubos Pavlicek