10 біятланістаў, якія прадставяць Беларусь на чэмпіянаце свету ў Хахфільцэне
Хто з беларусаў едзе на чэмпіянат свету, і чаго нам варта чакаць, раскажа блог Снех.
Хахфільцэн чацвёрты раз прымае чэмпіянат свету (1978, 1998, 2005 і 2017). З апошняга мы з'язджалі з двума медалямі, і хочацца, каб традыцыя працягнулася, бо за п'едэстал сапраўды ёсць каму змагацца.
Усяго пяць спартсменак паехалі ад Беларусі, і толькі чатыром дазволена стартоваць у спрынтарскіх гонках. Хто едзе і ў якіх гонках возьме ўдзел, зараз раскажам.
Надзея Скардзіна. 31 год, 21 месца ў агульным заліку (236 ачкоў)
У гэтым сезоне не атрымліваецца казаць пра поспехі Надзеі. Падчас перапынку Домрачавай «карона» перайшла да Скардзіна, і новы лідар зборнай заўзятараў не падвёў. У мінулым сезоне беларуска не раз прымала ўдзел у кветкавай цырымоніі, але ў гэтым сезоне ўсяго адно трапленне ў дзясятку наймацнейшых.
Скардзіна ніколі не лічылася моцнай гоншчыцай, але ў гэтым сезоне хуткасць прыкметна ўпала. Кожны пройдзены кіламетр дыстанцыі дадае +8,6 секунд адставання ад сярэдняга часу пяцёркі лідараў, што на дзве секунды больш у параўнанні з мінулым годам. Але хуткасць – толькі палова бяды. У трынаццаці асабістых гонках толькі ў трох беларуска ні разу не прамахнулася, што неўласціва для Скардзіна. Больш за тое, Надзея паказвае горшую дакладнасць стральбы за ўвесь час у любімай дысцыпліне: 80% дакладнасць у «індывідуальцы».
У якіх гонках прыме ўдзел? Безумоўна для Скардзіна забраніраваны ўсе месцы ў спрынтарскіх гонках, да таго ж яна пакуль адзіная з беларусак, хто можа прыняць удзел у мас-старце. Таксама да асабістых гонках дададуцца абедзве эстафеты.
Ірына Крыўко. 25 гадоў, 37 месца ў агульным заліку (116)
Для Крыўко дадзены сезон праходзіць больш чым удала. Беларуска ўжо зараз набрала больш ачкоў, чым у любым папярэднім поўным сезоне. Лепшай гонкай сезону пакуль застаецца спрынт у Эстэрсундзе (11 месца).
На дадзены момант Крыўко займае 39 месца па хуткасці на лыжні (пройгрыш +9,2 секунды на кіламетр) і 35 месца па стральбе (другі вынік у камандзе).
У якіх гонках прыме ўдзел? Індывідуальная гонка і спрынт будуць, ну, а далей як пойдзе. Толькі месца ў тройцы ў любой асабістай гонцы гарантуе ўдзел у мас-старце, які пакуль недасягальны для Крыўко. Дакладна прыме ўдзел у эстафеце, не здарся які-небудзь форс-мажор, магчыма стане другой удзельніцай у змешанай эстафеце.
Дар'я Домрачава. 30 гадоў, 56 месца ў агульным заліку (53)
Скроліць табліцу агульнага заліку, каб знайсці Домрачаву – з'ява рэдкая. Аднак хапіла ўсяго чатыры гонкі, каб абыйсці палову спартсменак, нават уключаючы некаторых медалістак.
З кожнай гонкай Дар'я дадае ў хуткасці, часцей за ўсё паказваючы выдатны старт, і скідваючы па дыстанцыі, але 5 месца ходам у 15-кіламетровай гонцы кажа, што «беларуская ракета» вяртаецца. У сярэднім Домрачава прайграе пяцёрцы лідараў +6,5 секунд на кіламетр, і гэта 15-е агульнае месца. Перашкодзіць п'едэсталу можа толькі стральба, якая па выніках праведзеных этапаў горшая за ўсе сезоны, а 66% пры стойцы – сапраўдная катастрофа.
У якіх гонках прыме ўдзел? Усюды. Упэўнены, што па выніках спрынтарскіх гонак у Дар'і атрымаецца прыняць удзел у першым мас-старце гэтага сезону. Пад пытаннем толькі стартавая змешаная эстафета, якую можа выключыць трэнерскі штаб, каб не перагружаць спартсменку.
Дар'я Юркевіч. 28 гадоў, 58 месца ў агульным заліку (48)
Усе добра прыфігелі калі ўбачылі бронзу Юркевіч, не толькі ў ваш адкрыты рот паспела заляцець муха. На гэты сезон план для Беларуси быў такі: выйграць ні аднаго медаля. Дар'я перавыканала план у першай жа гонцы :)
Пасля індывідуальнай гонцы ў Эстэрсундзе Юркевіч прыняла ўдзел толькі ў шасці спрынтарскіх гонкак у Кубку свету (не набраўшы ніводнага ачка) і адной эстафеце, астатні час правяла ў Кубку IBU.
Пакуль у Юркевіч горшая хуткасць на лыжні з усіх заяўленых беларусак: +13,5 секунд на кіламетр і агульнае 74 месца.
У якіх гонках прыме ўдзел? Безумоўна ў індывідуальнай гонцы, а далей усё не так адназначна. Вынікі ў спрынце крыху лепш, чым у Пісаравай, і менавіта першая гонка скажа, каго з спартсменак паставіць трэнерскі штаб. Удзел у эстафеце хутчэй за ўсё не прыме, яе месца зойме Надзея.
Надзея Пісарава. 28 гадоў, 88 месца ў агульным заліку (2)
Сезон у Надзеі складваецца дрэнна, усё ідзе па сцэнары мінулага года. У васьмі асабістых гонках толькі ў адной атрымалася набраць ачкі: 39-е месца, спрынт, Паклюка. Акрамя дрэннай стральбы Пісарава моцна страціла ў хуткасці. +11,7 секунд на кіламетр, што амаль на чатыры секунды слабей мінулага сезону.
У якіх гонках прыме ўдзел? Старт у спрынце запланаваны ў выпадку дрэннага выніку Юркевіч у «індывідуальцы», у перспектыве толькі ўдзел у эстафеце.
Сярод мужчын асабліва выбіраць не было з каго. Заяўлена гэтак жа пяць чалавек, у спрынтарскіх гонках могуць прыняць удзел толькі чацвёра. Пра кожнага спартоўца па падрабязней.
Уладзімір Чапелін. 28 гадоў, 43 месца ў агульным заліку (103 ачкі)
Чапелін – адзіны беларус, якому ўдалося набраць ачкі больш у адной гонцы. Але галоўнае дасягненне, вядома, медаль у Эстэрсундзе. Асабістых подыумаў у мужчынскім біятлоне мы не бачылі з ванкуверскіх гульняў, а мінула ўжо амаль 7 гадоў. Уладзіміру, як і Юркевіч, паддалася тая ж індывідуальная гонка. Ужо пасля першага этапу можна было казаць, што сезон прайшоў удала.
Сярод усіх беларусаў у Чапеліна лепшы паказчык стральбы – 75,6%, але па хуткасці толькі трэці радок у камандзе (+5,2 секунд на кіламетр).
У якіх гонках прыме ўдзел? Пачне са змешанай, а скончыць агульнай эстафетай. Для пераследу трэба трапіць у 60, што двойчы не атрымлівалася на працягу сезону. Трапіць у мас-старт дапаможа толькі медаль.
Раман Ялётнаў. 23 гады, 76 месца ў агульным заліку (7)
Не гледзячы на адно трапленне ў ачковую зону, у маладога беларуса праглядаецца прагрэс як у стральбе, так і па ходзе на дыстанцыі. У параўнанне з мінулым сезонам Раман дадаў у дакладнасці (з 69,9% да 72,7%), у хуткасці скінуў амаль секунду і ў сярэднім прайграе +4,7 на кіламетр.
Як і ўсе заяўленыя беларусы, прыняў удзел у чэмпіянаце Еўропы ў Душнікі-Здруй, дзе вышэй 70-га месца падняцца не змог.
У якіх гонках прыме ўдзел? Зыходзячы з вынікаў, то можа прапусціць і індывідуальную і спрынт, а яго месца зойме Абашэў, які замест Ялётнага ўдзельнічаў на этапе ў Італіі, ды і вынікі на ЧЕ паказаў значна лепшыя.
Сяргей Бачарнікаў. 28 гадоў, 82 месца ў агульным заліку (5)
Сяргей пачаў у асноўным складзе, але пасля двух беспаспяховых этапаў адправіўся заваёўваць IBU. Правёўшы дзве гонкі ў аўстрыйскім Аберцілахе (13-ы ў індывідуальнай і 31-ы ў спрынце) вярнуўся ў аснову. Лепшы вынік – 36 месца ў пераследзе.
На дадзены момант Бачарнікаў самы хуткі з беларусаў (+4,4 на кіламетр), але пры гэтым горшы ў стральбе (67,5%).
У якіх гонках прыме ўдзел? У польскім Душнікі-Здруй заняў 7 месца ў індывідуальнай гонцы, 37-ы ў спрынце, таксама прыняў удзел у змешанай эстафеце, дзе наша зборная стала 9-й. Прыме ўдзел у гэтых жа дысцыплінах і на чэмпіянаце Свету, плюс да гэтага эстафета, і, спадзяюся, гонка пераследу.
Максім Варабей. 21 год, 93 месца ў агульным заліку (1)
Для Максіма пакуль самай паспяховай гонкай сезону лічыцца 40 месца ў «індывідуальцы» ў Эстэрсундзе, далей бездань. У астатніх сямі спрынтэрскіх гонках беларус бліжэй не наблізіўся. Вінаватая ў гэтым стральба, асабліва стоячы (64%).
У якіх гонках прыме ўдзел? На чэмпіянаце Еўропы ўдзельнічаў у спрынце (60-е месца), больш у заяўку не трапляў. Усё залежыць у якім стане спартсмен знаходзіцца прама цяпер. Мяркую, што прыме ўдзел у «індывідуальцы», у спрынце можа саступіць месца Ялётнаму ці Абашэву, залежыць ад вынікаў у стартавай гонцы. Хутчэй за ўсё патрапіць у эстафету.
Дзмітрый Абашэў. 26 гадоў, без ачкоў
Амаль увесь сезон Абашэў правёў у Кубку IBU, і толькі на апошніх этапах падцягнуўся да асноўнага складу. Дзве гонкі ў Кубку свету працягнуліся трыма ў чэмпіянаце Еўропы, дзе Дзмітрый паказаў нядрэнныя вынікі, заняўшы 37-е месца ў індывідуальнай, 30-е ў спрынце і 55-е ў пераследзе.
У якіх гонках прыме ўдзел? Неблагі выступ на ЧЕ дазволіць прыняць удзел у стартавай «індывідуальцы», далей трэнера будуць выбіраць паміж ім, Ялётнавым і Варабьём.