Tribuna/Баскетбол/Блоги/HOOPS BELARUS/Як блогерка «Трыбуны» стала ворагам федэрацыі баскетбола: кажа пра старую крыўду пасля Алімпіяды ў Рыа і спробы завесці на яе «крыміналку»

Як блогерка «Трыбуны» стала ворагам федэрацыі баскетбола: кажа пра старую крыўду пасля Алімпіяды ў Рыа і спробы завесці на яе «крыміналку»

Вітанні, мяне завуць Наста Уткіна. Я пішу пра жаночы баскетбол ужо больш за пяць год. Напэўна, вы маглі чытаць мае артыкулы пра выступленне нацыянальнай зборнай на якім-небудзь турніры ці разважанні пра развіццё беларускага баскетбола. Я хачу расказаць, як за гэты час Беларуская федэрацыя баскетбола спрабавала забараніць мне любымі спосабамі пісаць нататкі і артыкулы пра гэты від спорта.

Блог — HOOPS BELARUS
19 августа 2021, 16:00
9
Як блогерка «Трыбуны» стала ворагам федэрацыі баскетбола: кажа пра старую крыўду пасля Алімпіяды ў Рыа і спробы завесці на яе «крыміналку»

Ад рэдакцыі: Вы знаходзіцеся ў блогу HOOPS BELARUS, дзе піша Наста Уткіна, якая вельмi любiць белбаскет. Зарабляе Наста журналістам недзяржаўнай «Рэгіянальнай газеты» ў Маладзечне. 19 ліпеня 2021 года яе з iншымi калегамi затрымалi сілавікі, у рэдакцыi выдання адбыўся ператрус. Да вечара ўсіх вызвалілі, але ў журналістаў канфіскавалі тэхніку і ўзялі падпіску аб невыдаванні. З тых часоў «Рэгіянальная газета» не выходзіць у друкаваным варыянце.

Гэты блог – тэрыторыя жаночага баскетбола і падзей вакол яго. Давайце падтрымаем старанні аўтара падпіскамі і плюсамі.

Вітанні, мяне завуць Наста Уткіна. Я пішу пра жаночы баскетбол ужо больш за пяць год. Напэўна, вы маглі чытаць мае артыкулы пра выступленне нацыянальнай зборнай на якім-небудзь турніры ці разважанні пра развіццё беларускага баскетбола. Я хачу расказаць, як за гэты час Беларуская федэрацыя баскетбола спрабавала забараніць мне любымі спосабамі пісаць нататкі і артыкулы пра гэты від спорта.

Як у федэрацыі не зразумелі жарт і гразіліся судом

Восенню 2016 года я ўпершыню апублікавала некалькі нататак на «Трыбуне». Гэта быў чацвёрты курс універсітэта, на якім я рыхтавалася да напісання дыплома па гісторыі баскетбола. Чамусьці вырашыла, што трэба не толькі расказваць у полацкім калегіуме пра развіццё белбаскета ў гістарычным аспекце, але і пісаць аб яго сучаснай гісторыі.

У адной з першых нататак у гумарыстычным ключы разглядала заявы старшынi Беларускай федэрацыі баскетбола Максіма Рыжанкова, які пасля Алімпіяды ў Рыа шмат крытыкаваў ужо былога галоўнага трэнера жаночай зборнай Анатоля Буяльскага. Сэнс быў такім: дзеянні адбывалiся ў нуарным сусвеце «Горад грахоў», дзе Рыжанкоў быў «плахішом».

Праз некаторы час мне патэлефанавалі з «Трыбуны» і расказалі, што з імі звязаліся з БФБ з наступным пасылам: калі не прыбраць нататку, федэрацыя пойдзе ў суд. Гэта быў першы званочак. Я не магла зразумець, чаму жартоўную публікацыю ўспрынялі настолькі негатыўна.

Пяць гадоў таму, уласна як і цяпер, пра жаночы баскетбол піша невялікая колькасць журналістаў Беларусі. У большасці выпадкаў усё заканчваецца напісаннем выніку матчу і кароткім аналізам гульні. Матэрыялы жартоўнага тыпу пра жаночы баскетбол і федэрацыю баскетбола ўвогуле не з’яўляліся. Я палічыла, што асвятленне падзей у такім фармаце можа прыцягнуць больш зацікаўленнасці да віду спорту, але прыцягнула толькі рызыку судовага разбіральніцтва і абурэння з боку баскетбольных чыноўнікаў.

У 2017 годзе я ў другі раз сутыкнулася з крыўдлівасцю федэрацыі. У тым годзе я некалькі месяцаў дапамагала трэнеру Мікалаю Факееву з яго дзіцячай баскетбольнай школай: прымаць ад бацькоў званкі і запісваць на заняткі дзяцей, весці сацыяльныя сеткі. Нас разам з Факеевым паклікалі на сустрэчу ў федэрацыю, якая хацела дапамагчы з развіццём. Там я пазнаёмілася ўпершыню з генеральнай сакратаркай БФБ Настассяй Марынінай. Размова павінна была ісці пра дзіцячую школу, але перарасла ў маналог Марынінай пра маю дзейнасць, допісы на «Трыбуне»: «Вы не любите баскетбол, раз так о нём пишете».

Сэнс гэтай заўвагі ад Марынінай зразумела крыху пазней. Відавочна, для сусвету баскетбольных чыноўнікаў крытыка федэрацыі раўнялася крытыцы баскетбола, самога віду спорту. Як казаў Людовік XIV, «Дзяржава – гэта я». Толькі ў нашым кантэксце атрымалася «Баскетбол – гэта я».

Для федэрацыі не існавала блогераў і журналістаў, якія маглі пісаць крытычныя артыкулы. Бо любая крытыка ўспрымалась на персаналісцкім узроўні, любая крытыка – гэта не рухавік прагрэсу, а самавольства, якое яны не могуць кантраляваць. Адзiны у Беларусі журналіст, які піша пра жаночы баскетбол? Добра. Ён напісаў нешта крытычнае? Забараніць яму працаваць з гульцамі, трэнерамі і арганізатарамі спаборніцтваў.

Як працавалі забароны па працы са мной

Вясной 2018 года ў Мінску запусцілі праект аматарскай жаночай лігі па баскетболе. Мяне паклікалі ў праект, які яшчэ знаходзіўся на сырой стадыі – рабіць тэксты, асвятляць матчы і г. д. Пасля размовы арганізатара і Марынінай маё супрацоўніцтва з гэтай лігай скончылася. Па словах арганізатара, спадарыня з федэрацыі сказала, што калі Уткіна будзе ў праекце, то ніякай дапамогі федэрацыі не акажа.

Забягу наперад: аматарская ліга праіснавала два сезоны. Праект, які павінен быў зацікавіць дзяўчат, што не могуць гуляць на прафесійным узроўні, проста памёр. Аматарскі баскетбол нараджае і прасоўвае цікавасць простых людзей да віду спорту, але ў краіне з моцным жаночым баскетболам ён аказаўся непатрэбным. Дарэчы, цяпер Настасся Марыніна ўзначальвае камітэт ФІБА-Еўропа па жаночым баскетболе.

Усё часцейшыя адмовы ва ўдзеле ў праектах праходзілі на фоне адмоў у інтэрв’ю. Баскетбалісткі прасілі звяртацца з запытамі да прэс-сакратара федэрацыі – пратэжэ Марынінай. Апагей адбыўся пасля караценькага інтэрв’ю з трэнерам жаночай каманды па баскетболе 3х3. Ні федэрацыя, ні прэса не ўзялі ў яго каментарый пасля выступлення на адным з турніраў. Я вырашыла, што гэта несправядліва, і звязалася наўпрост. Праз некалькі гадзін пасля публікацыі трэнер патэлефанаваў і прасіў прыбраць допіс, бо кіраўнікам федэрацыі вельмі не спадабалася, што ён увогуле са мной размаўляў. А яшчэ праз нейкі час на сайце БФБ з’явіўся артыкул з яго каментарыямі пра турнір – гэта, канешне, смешна.

У 2018 годзе ў Мінску прайшоў чэмпіянат свету па баскетболе сярод жаночых каманд да 17 гадоў. Я пачала пісаць пра яго за паўгода, вельмі хацела працаваць на ім у якасці журналіста. На першынства мяне не акрэдытавалі: ФІБА пазначыла ў лісце, што гэта было рашэнне арганізацыйнага камітэту турніра (чытай, Беларускай федэрацыі баскетбола). Яшчэ раз: адзінага журналіста, які пісаў ужо некалькі год пра жаночы баскетбол, не акрэдытавалі на турнір у сваёй жа краіне.

У 2019 годзе мяне без праблем акрэдытавалі на жаночы Еўрабаскет у Сербіі. Напэўна, таму што не пісала нуарных нататак пра кіраўніцтва мясцовай федэрацыі.

Як на мяне спрабавалі завесці крымінальныя справы

Узімку 2019 года мне на электронную пошту прыслалі копію ліста, які перад гэтым даслалі ў КДБ Беларусі. Аўтар ліста сцвярджаў, што некалькі асобаў, якія знаходзяцца на кіраўнічых пасадах у баскетбольнай федэрацыі, могуць быць датычнымі да падазроных фінансавых схем. Дарэчы, адна схема ў лісце была дэталёва апісаная.

Я спрабавала звязацца з аўтарам ліста, але нармальнай гутаркі не адбылося. Інфармацыю пра гэтую схему і ліст у КДБ я апублікавала. З гэтага і пачалося самае цікавае. Праз некалькі тыдняў двойчы тэлефанавалі супрацоўнікі міліцыі, якія спрабавалі высветліць, што было ў лісце і хто мне яго адправіў. Адзін з супрацоўнікаў сказаў, што ад федэрацыі прайшла заява. Яшчэ праз некалькі месяцаў запрасілі на апытанне ў ГУУС Мінгарвыканкама. Прычынай стала заява ад Беларускай федэрацыі баскетбола: у ёй сцвярджалася, што я зганьбіла гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю шэрагу асоб публікацыяй пра ліст у КДБ. Маўляў, яны ні ў якіх падазроных схемах не ўдзельнічалі, а я проста хлусіла.

Ужо летам 2020 года мяне зноў выклікалі ў ГУУС Мінгарвыканкама. Высветлілася, што Беларуская федэрацыя баскетбола за подпісамі старшыні Максіма Рыжанкова падала некалькі заяваў у міліцыю.

Па-першае, яны хацелі працягу справы па абароне гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі. Так, гэта пра той самы ліст ад невядомага аўтара, які я запусціла ў публічную прастору.

Па-другое, тады «Гарызонт» стаў самым праўладным клубам у жаночым чэмпіянаце і яскрава выказаў пазіцыю падтрымкай дзяржаўнай улады, i я напісала тэкст на «Трыбуне» пра свае адчуванні наконт заяваў прэс-службы клуба пасля затрымання Віктара Бабарыкі. Нагадаю, баскетбольны клуб, які павінен заставацца нейтральным і не падтрымліваць ніякі бок (прывітанне ад Статута ФІБА), у сваіх сацыяльных сетках і сайце размясціў словы падтрымкі дзейным органам улады – чытайце, Лукашэнку. У БФБ палічылі, што я, вы не паверыце, зноў закранаю чыйсьці гонар і годнасць.

Па-трэцяе, у БФБ палічылі, што павінны падаць заяву аб тым, што я нiбыта ўдзельнічала ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў Маладзечне. Хтосьці з федэрацыі, хто складаў заяву, нават далучыў скрыншот, на якім ёсць я: у камізэльцы «Прэса», з фотапаратам і бэйджам з журналісцкім пасведчаннем. То бок, чыноўнікі ўжо тады лічылі, што прадстаўнікі медыя падчас пратэстных акцый з’яўляюцца iх непасрэднымі ўдзельнікамі.

Гісторыі з завядзеннем крымінальных і адміністрацыйных спраў скончыліся для федэрацыі нічым, для мяне – некалькімі паездкамі ў Мінск і тэлефоннымі выклікамі ад супрацоўнікаў міліцыі. Усё пачалося з жартоўнай нататкі пра старшыню федэрацыі і экс-трэнера зборнай, у якой чыноўнікі ўбачылі крамолу, а завяршылася (ці завяршылася?) спробамі завесці на мяне крымінальны артыкул.

Замест рэфлексіі і пошукаў недахопаў у сваёй працы чыноўнікі ад Беларускай федэрацыі баскетбола паспрабавалі ліквідаваць пагрозу ў выглядзе мяне. Гэта ілюстрацыя таго, як у Беларусі выглядае супрацоўніцтва журналістаў і дзяржаўных устаноў: крытыкуеш – табе не даюць працаваць у прафесіі, пішаш пазітыўна – сардэчна запрашаем.

Светапогляд беларускіх чыноўнікаў любіць маляваць уяўных ворагаў, бо так прасцей існаваць. Стварыць ворага, якога насамрэч няма, прасцей, чым убачыць, што стваральнікам праблем з’яўляецца не журналіст, што напісаў пра гэта, а ты сам.

Другие посты блога

Все посты