Tribuna/Амерыканскі футбол/Блогі/Праўнук пінчука – суаўтар поспеху мегапоп-спявачкі, якой амерыканскі футбол абавязаны рэкорднай увагай

Праўнук пінчука – суаўтар поспеху мегапоп-спявачкі, якой амерыканскі футбол абавязаны рэкорднай увагай

Дзяўчына чэмпіёна і Джэк Антонаф.

Аўтар — bytribuna com
13 лютага, 06:37
Праўнук пінчука – суаўтар поспеху мегапоп-спявачкі, якой амерыканскі футбол абавязаны рэкорднай увагай

У ноч з 11 на 12 лютага па беларускім часе ў ЗША прайшла галоўная спартовая падзея краіны – Супербоўл, фінал плей-оф нацыянальнай лігі амерыканскага футбола. Супербоўл – гэта заўсёды поўны стадыён, нягледзячы на кошт квіткоў (сёлета на некаторыя месцы перавышаў 100 тысяч долараў), і максімальная ўвага тэлегледачоў, праз што рэклама падчас мерапрыемства каштуе шалёных грошай.

Аднак, паводле даследаванняў у ЗША, Супербоул-2024 біў рэкорды ўвагі нават па сваіх мерках. Па некаторых звестках, цікавасць амерыканцаў да матчу ў параўнанні з 2023-м вырасла на цэлых 169%. Ды і наогул у сезоне моцна вырасла папулярнасць і даходнасць як НФЛ у цэлым, так і «Канзас-Сіці» – каманды, якая выйграла Супербоўл-2023, а цяпер паўтарыла свой поспех (у фінале вырвала перамогу ў «Сан-Францыска» 25:22).

Усе гэтыя дасягненні звязваюць з адной падзеяй – прысутнасцю на матчах «Канзас-Сіці» спявачкі Тэйлар Свіфт, якая дзеля цяперашняга Супербоўла зрабіла 12-гадзінны пералёт у Лас-Вегас з Японіі, дзе давала канцэрты. Яны ў Свіфт у цяперашнім туры мегапапулярныя – кажуць, кожны яе канцэрт па эканамічных паказніках прыкладна роўны Супербоўлу, то-бок спявачка не спрабуе піярыцца на спорце, а зусім наадварот. А яе зʼяўленні на гульнях цяперашніх пераможцаў тлумачацца проста: са жніўня Свіфт сустракаецца з гульцом каманды Трэвісам Келсі. Праз гэта прыхільнікі спявачкі масава сталі заўзятарамі «Канзас-Сіці», колькасць дзяўчынак-падлеткаў у аўдыторыі НФЛ вырасла на 53%, а сама Свіфт аказалася галоўнай зоркай Супербоўла – яе «пераможны» пацалунак з Келсі стаў хітом у сацсетках.

Музычны ж поспех Свіфт забяспечвае не толькі яна сама. Яе галоўны суаўтар і прадзюсар – 39-гадовы Джэк Антонаф. На «Грэмі»-2024 ён атрымаў сваю 9-ю і 10-ю статуэткі ў карʼеры – першыя браў яшчэ ў 2013-м як удзельнік і аўтар гурта Fun (за хіт We Are Young з цяпер 1,1 мільярда праглядаў на YouTube), а ўжо ў 2016-м выйграў і як прадзюсар альбома Свіфт. У 2024-м Антонаф узяў адну са сваіх узнагарод як першы ў спісе прадзюсараў і адзіны суаўтар Свіфт у альбоме Midnights – вядома, выйшаў на сцэну разам са спявачкай і выдаваў тыя яшчэ эмоцыі.

Таксама Антонаф трэці год запар перамог у намінацыі «Прадзюсар года» – там была адзначаная і яго праца над таксама папулярным альбомам Did You Know That There’s a Tunnel Under Ocean Blvd Ланы Дэль Рэй, які канкураваў з Midnights за званне альбома года. Дэль Рэй, дарэчы, на Супербоўле міла гутарыла са Свіфт – дзеляць паслугі Антонафа яны мірна.

Антонаф жа цікавы нам тым, што ў яго ёсць беларускія карані. У амерыканскіх генеалагічных крыніцах пазначана, што прадзед музыкі Лейбель Воль нарадзіўся ў 1895 годзе ў Пінску, а памёр праз год пасля нараджэння Антонафа, у 1985-м ужо ў ЗША, у мясцовых дакументах стаўшы Луі Уолам. Сын Лейбеля-Луі Макс, будучы рабін, зʼявіўся на свет у 1915-м – у крыніцах месцам указаная Польшча. Ужо ў ЗША ў Макса Уола нарадзілася дачка Шыра, якая праз гады выйшла замуж за Рыка Антонофа – у іх і нарадзіўся сын Джэк, які сёння топавы прадзюсар.

У адным з інтэрвʼю Джэк Антонаф прызнаўся, што робіць прабежкі з-за рэкамендацый лекара, але лічыць іх «адным з самых па-сапраўднаму сумных заняткаў на Зямлі». Уся яго ўвага прысвечана творчасці.

«Мне трэба хобі, і я не хачу, каб гэта быў баскетбол. Я хачу, каб гэта была музыка. Каб узяць паўзу ад адной музыкі, я займаюся іншай музыкай. Калі стварэнне музыкі пачынае зводзіць мяне з розуму, мне трэба заняцца чым-небудзь іншым, але я не хачу, каб гэта была ёга», – адхрышчваўся ад спорту прадзюсар, які і сам выступае з канцэртамі ў складзе свайго праекту Bleachers.

Зрэшты, гэта не перашкодзіла яму ў 2017-м выйсці на поле перад матчам бейсбольнага «Нью-Ёрка» і паспрабаваць зрабіць падачу.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты