Все новости

Падпісантка за сумленныя выбары Максімава: «У сусветным спорце хапае карупцыі, несправядлівасці. Мяне ўжо даўно нічога не здзіўляе»

8 сакавіка 2023, 12:44

Лёгкаатлетка і падпісантка за сумленныя выбары Яна Максімава выказалася пра магчымы допуск беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

– Вас кранае, што праўладныя спартсмены, «маўчуны», магчыма, апынуцца на Алімпіядзе ў Парыжы, а вы і тыя, хто ахвяраваў ці ледзь не ўсім, змушаныя фактычна завяршаць кар’еру?

– У сусветным спорце хапае карупцыі, несправядлівасці. Мяне ўжо даўно нічога не здзіўляе. Дапусцяць спартсменаў, якія маўчалі або публічна падтрымлівалі рэжым, – у маім жыцці нічога не памяняецца. Ды і спорт – не галоўнае. Зразумела гэта пасля жніўня 2020 году.

– А што галоўнае?

– Агульначалавечыя каштоўнасці. Дабро. Выраз грамадзянскай пазіцыі, калі сутыкаешся са злом. Свет нашмат шырэйшы за спорт, і людзям важна казаць, што яны думаюць і адчуваюць насамрэч. Акрамя гэтага, вядома, хвалюе будучыню дачкі. Не ўяўляю, як сёння жыць у Беларусі. Дзецям у школе навязваюць усякае глупства, а да бацькоў могуць прыйсці ў любы момант і пасадзіць за нейкія фатаграфіі, – сказала Максімава.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.