Все новости

Трэнер зборнай Беларусі Маiсевіч дыскваліфікаваны на 5 гадоў за ціск на Ціманоўскую на АГ

27 лютага, 22:18

Дысцыплінарны трыбунал міжнароднай арганізацыі Athletics Integrity Unit (AIU) 27 лютага прыняў рашэнне пра дыскваліфікацыю беларускага трэнера па лёгкай атлетыцы Юрыя Маiсевіча на 5 гадоў.

Бан Маiсевіча звязаны з ціскам на АГ-2020 на бягуху Крысціну Ціманоўскую. Тады спартсменка абурылася ў сацсетках з-за таго, што яе заявілі ў няпрофільную для яе эстафету 4х400 метраў, нават не паведаміўшы пра гэта. Пасля гэтага Маiсевіч, які быў галоўным трэнерам зборнай Беларусі па лёгкай атлетыцы, разам са старшым трэнерам Артурам Шумаком патрабаваў у Ціманоўскай заявіць пра траўму і адправіцца ў Беларусь замест удзелу ў профільным забегу на 200 метраў. Калі бягуха адмовілася, яе ўсё роўна знялі са спаборніцтваў і паспрабавалі сілай адправіць у Беларусь. У аэрапорце Токіа 1 жніўня 2021-га Ціманаўская змагла атрымаць абарону паліцыі, а пазней адправілася ў Польшчу. 6 жніўня МАК ануляваў алімпійскія акрэдытацыі Маiсевіча і Шумака.

Цяпер трыбунал AIU устанавіў, што падчас Алімпіяды ў Токіа Маiсевіч парушыў некалькі правілаў Кодэкса добрасумленнасці:

3.3.10 – яўная абраза годнасці спартсмена і злоўжыванне ўладай;

3.3.1 – прадастаўленне ілжывай або недакладнай інфармацыі, якая прывяла да ад'езду спартсмена з Алімпійскай вёскі;

3.3.17 – парушэнне стандарту абароны рэпутацыі.

Адзначым, Маiсевіч сёлета займае пасаду старшага трэнера зборнай Беларусі. Шумак, якому абвінавачанні выстаўлены не былі, з'яўляецца начальнікам каманды.