Усе навіны

Расціслаў Вяргун: «Сухавецкі ўмее даваць вынік, гэта проста пытанне часу»

16 лютага, 21:57

Трэнер зборнай Беларусі Расціслаў Вяргун распавёў, што думае пра «Мінск», які зараз мае 28 параз у 28 матчах лігі ВТБ.

– «Мінск» з'яўляецца базавым для зборнай Беларусі. Скажыце, як яе галоўны трэнер, ці мае патрэбу клуб у рэфармаванні? Калі так, то што трэба змяніць?

– Складана выконваць дзве задачы адначасова: развіваць гульцоў і даваць вынік. Вельмі добра ведаю, што ўсе 13 каманд, акрамя «Мінска», абʼектыўна ставяць перад сабой задачу – патрапіць у плэй-оф. Там усяго восем месцаў, так што нават клубы з добрымі і гульцамі, і бюджэтамі не могуць выканаць гэтую задачу. Так, выдатна, што ёсць такая магчымасць, і вельмі рады за тых, хто правільна гэтай магчымасцю скарыстаўся і зараз гуляе на высокім узроўні еўрапейскага баскетбола. Сумяшчаць гэтыя дзве задачы вельмі складана. Апошнія некалькі гадоў мы спрабавалі гэта зрабіць, былі нейкія лакальныя поспехі: выхад у Лігу чэмпіёнаў, а ў зборнай – праход у асноўную кваліфікацыю на чэмпіянат свету. Але зараз усё сышлося да таго, што кожны год губляем наймацнейшага гульца, і ўсё даводзіцца будаваць нанова. Не заўсёды гэта ўдаецца зрабіць добра.

– Замест вас каманду прыняў Аляксей Сухавецкі. Як ацэньваеце ягоную кандыдатуру?

– Годны гэтага шанцу, вельмі рады, што ён яму прадставіўся. Аляксей выдатна выконвае сваю працу. Мусіць, так непрыгожа казаць, але гэта якасны беларускі адмысловец. Яму патрэбны давер кіраўніцтва і гульцоў, гэта проста пытанне часу. Але ён умее даваць вынік, – сказаў Вяргун.