Tribuna/Пляжны футбол/Блогі/Пляжны футбол – а наколькі гэта наогул сур’ёзна? Ці ёсць там суперзоркі, топ-клубы і вялікія грошы?

Пляжны футбол – а наколькі гэта наогул сур’ёзна? Ці ёсць там суперзоркі, топ-клубы і вялікія грошы?

Разбіраемся, у чым у зборнай Беларусі атрымлiваецца.

Аўтар — bytribuna com
24 лютага, 10:05
1
Пляжны футбол – а наколькі гэта наогул сур’ёзна? Ці ёсць там суперзоркі, топ-клубы і вялікія грошы?

Зборная Беларусі выйшла ў паўфінал чэмпіянату свету пад эгідай FIFA. Гучыць як навіна пра поспех, ці не праўда? Зрэшты, у 2024-м самы вялікі поспех у гэтым – для беларускай прапаганды (яна шырока асвятляе ў самых хвалебных танах), бо футбольная федэрацыя, у адрозненне ад абсалютнай большасці астатніх, дазваляе зборным Беларусі не проста гуляць, а рабіць гэта пад чырвона-зялёным сцягам. Ды і склад, які дабіўся выніку, ідэалагічна вывераны: 75% – падпісанты за Лукашэнку, а аўтар чатырох мячоў у чвэрцьфінале Iгар Брышцель публічна «пакаяўся» за тое, што ў 2020-м смеў жадаць сумленных выбараў.

Поспех адбываецца ў пляжным футболе – у некаторых крыніцах яго чамусьці называюць «сенсацыйным», хоць на цяперашнім турніры зборная Беларусі была адназначным фаварытам букмекераў ва ўсіх матчах групавога этапу, Партугаліі ў чвэрцьфінале па каціроўках саступала не надта шмат, а цяпер зноў выглядае лепшай, чым супернікі па паўфінале з Італіі. Ды і наогул беларуская каманда гуляе на трэцім для сябе ЧС запар – гэта значыць стабільна ўваходзіць сярод каманд усяго свету ў топ-16, менавіта столькі зборных удзельнічае ў турніры.

Але які статус пляжнага футбола ў свеце? Ці ёсць там топ-клубы, суперзоркі і сур’ёзныя грошы, як у вялікім футболе? Разбіраемся разам.

Крыху пра гісторыю пляжнага футбола. Зарадзіўся ён каля ста гадоў таму ў Бразіліі на пляжах Рыа-дэ-Жанейра – зрэшты, больш правільна было б назваць гэта футболам на пяску. Сучасныя правілы пляжнага футбола як асобнага віду спорту былі распрацаваны ў 1992 годзе ў ЗША, тады ж стварылі кіраўнічую арганізацыю, якая пазней стала міжнароднай асацыяцыяй. Новы від зацікавіў шэраг былых футбалістаў, а яшчэ ў яго паверыла маркетынгавае агенцтва бразільскіх экс-тэнісістаў Томаса Коха і Луіса Фэліпэ Таварэса. «Кох Таварэс» у 1994-м правёў на знакамітым пляжы Капакабана ў Рыа-дэ-Жанейра першы турнір на чатыры зборныя пад назвай «Мундыяліта», вынік іх задаволіў, і ў 1995-м там жа быў арганізаваны першы ЧС – на восем зборных, якія прыцягвалі, ізноў жа, наяўнасцю зорак мінулага з вялікага футбола. Так, званне найлепшага бамбардзіра «пляжнага» ЧС-1995 падзялілі зорка зборнай Бразіліі 1970-80-х Зіка і легенда «Інтэра», італьянскі чэмпіён свету-1982 Алесандра Альтабелі.

З таго часу ЧС па «пляжцы» праводзіўся штогод (выйгравалі амаль заўсёды бразільцы). У 2000-м пляжная асацыяцыя заключыла дамову аб супрацоўніцтве з FIFA, якая ў 2005-м афіцыйна прызнала пляжны футбол і ўзяла правядзенне ЧС у ім на сябе. У тым жа годзе адбыўся першы «пляжны» чэмпіянат свету FIFA – яго выйграла Францыя з зоркай «Манчэстэр Юнайтэд» 1990-х Эрыкам Кантана ў складзе. З 2009-га FIFA павялічыла паўзы паміж ЧС з аднаго года да двух.

У Беларусі пляжны футбол развіваецца з сярэдзіны 2000-х: у 2007-м стварылі федэрацыю віду, у 2008-м пачала сваю гісторыю зборная, якая адразу ж паўдзельнічала ў адборы да ЧС – у першым матчы прайграла 0:5 Іспаніі, за якую забіў і цяперашні трэнер беларускай каманды Нікалас Альварада. З 2008-га таксама праводзіцца чэмпіянат Беларусі, дзе ў 2010-х гегемонам, як і ў вялікім футболе, быў БАТЭ. Праўда, у 2019-м каманду расфарміравалі – наракаючы на тое, што ЧБ «знаходзіцца на вельмі нізкім узроўні, абсалютна не прагрэсуе», бо ўся ўвага федэрацыі сыходзіць зборнай.

У 2019-м у АБФФ прыйшлі «сілавікі» Лукашэнкі са сваімі данымі па чарговай справе пра «дагаварнякi» – і заявілі, што з іх арганізатарамі асабіста меў зносіны, а потым прасоўваў у «пляжнай» зборнай яе гулец Вадзім Бокач. Аднак тады кіраўнік АБФФ Уладзімір Базанаў нагадаў, што хутка Еўрагульні, а калі перад такім турнірам здарыцца скандал, то «галовы паляцяць ва ўсіх». У выніку ўдзел Бокача ў справе «замялі», а ён да гэтага часу ў зборнай – гуляе і на ЧС-2024.

Секцый для дзяцей па пляжным футболе ў Беларусі не знайсці. Звычайны маршрут у гэты від пралягае праз прывычную дзіцяча-юнацкую школу вялікага футбола. «Усе імкнуцца ў вялікі [футбол] трапіць, хто не трапляюць – ідуць у «мінік», ніжэй, каго і там не ўзялі – тыя ўсе сюды», – шчыра кажа пра «пляжку» цяперашні паўфіналіст ЧС Яўген Новікаў.

Паўтарае яму галоўны трэнер лідара расійскага пляжнага футбола «Крыстала», экс-варатар зборнай Беларусі па вялікім футболе Генадзь Туміловіч: «Многія спрабуюць сілы ў вялікім футболе, потым, калі не атрымліваецца, ідуць у міні-футбол, а ўжо затым у «пляжку». Зваротных прыкладаў наўскідку не прывяду». У свеце ўжо існуюць школы пляжнага футбола для дзяцей, але ўсё роўна прыйсці ў «пляжку» і стаць зоркай рэальна для звычайнага футбаліста ў сталым узросце – напрыклад, браты Бэ і Леа Марціншы, топы цяперашняга складу зборнай Партугаліі, у пляжны футбол трапілі, калі ў 21 год не зайгралі ў глыбокім іспанскім «міноры» вялікага футбола.

Нядаўна намстаршыні АБФФ Андрэй Васілевіч заявіў, што «пляжны футбол культывуецца» ўсяго «ў 30 краінах свету». Зрэшты, у сусветным рэйтынгу зборных пляжнага футбола – 90 каманд. Мала цікавы ён у Брытаніі – зборная ёсць толькі ў Англіі, і то на 55-м месцы. Плюс яна наогул не ўдзельнічала ў адборы на ЧС-2024 – як і яшчэ 10 існуючых еўрапейскіх зборных з ніжніх месцаў рэйтынгу. У выніку ў еўракваліфікацыі гулялі толькі 20 каманд, з якіх чатыры паехалі на ЧС.

На клубным узроўні чэмпіянаты краін па пляжным футболе праводзяцца этапамі. Напрыклад, на ўвесь ЧБ-2023 спатрэбілася чатыры ўік-энды: сем каманд гулялі па два туры ў дзень, чым займаліся 13-14 мая, 10-11 чэрвеня, 24-25 чэрвеня і 22 ліпеня, а 23 ліпеня адбыўся плэй-оф, пераможцам якога стаў магілёўскі ЦАР. Кубак Беларусі-2023 прайшоў 2-3 верасня: у першы дзень гулялі дзве групы па тры каманды, у другі – плэй-оф (выйграў зноў ЦАР). Звестак пра наведвальнасць беларуская асацыяцыя не публікуе, але, паводле сведчанняў відавочцаў, звычайна на матчах лік ішоў на дзясяткі гледачоў. Жывыя трансляцыі што чэмпіянату, што Кубка былі даступныя на YouTube, аднак самай паспяховай удалося набраць толькі 907 праглядаў.

У пляжным футболе шмат кароткатэрміновых турніраў – напрыклад, увесь розыгрыш аналага Лігі чэмпіёнаў пад назвай Euro Winners Cup доўжыцца крыху менш за два тыдні ў адным горадзе. Нядзіўна, што пры такіх раскладах у «пляжцы» ёсць мноства пераходаў гульцоў у клуб на адзін турнір – напрыклад, Брышцель так па адным разе ўдзельнічаў у EWC за ўкраінскі «Выбар», турэцкі «Сеферхісар» і польскую «Лодзь», больш у кар’еры за гэтыя клубы не згуляўшы. А бывае, што і цэлую каманду ствараюць пад адзін турнір – так у 2021-м з’явілася і адразу ж знікла пляжнафутбольнае мінскае «Дынама» для клубнага Мундыяліта (фармальна гэта ЧС для клубаў, фактычна гуляюць тыя, каго клічуць арганізатары, пажадана з прывабнымі «шыльдамі» назваў). У вялікім футболе такое ўявіць вельмі складана.

Грошы ў пляжным футболе адносна невялікія. У 2021-м у Расіі, краіне з адной з наймацнейшых ліг у свеце, бюджэты топавых клубаў ацэньвалі ў раёне 850 тысяч долараў у год (даволі каламутнага паходжання). У канцы 2023-га кіраўнік «Краснадара-ЮМР», дзе зараз па сумяшчальніцтве трэніруе Альварада, заявіў пра выдаткi свайго клуба ў прыкладна 300 тысяч долараў у год. З вялікім футболам унутры Расiі гэта не параўнаецца – ды і ў Беларусі, напрыклад, у не самага моцнага па мерках ЧБ «Дняпра» бюджэт складае 1,5 мільёна долараў.

Што да заробкаў, паводле нашых даных, у «Крыстале» беларускі «зборнік» Брышцель атрымлівае каля дзвюх тысяч долараў у месяц – і гэта, мяркуючы па расiйскіх крыніцах, блізка да максімальнага ўзроўню ў лізе. А вось іншыя гульцы зборнай Беларусі Алег Гапон і Мікіта Чайкоўскі ў Расіі маюць толькі каля 600 долараў за месяц, што не вельмі шмат і па мерках ЧБ па вялікім футболе. У ЧБ па «пляжцы» прыбыткі зусім малыя – у адрозненне ад Расiі, дзе заробак хаця б круглагадовы, у Беларусі плацяць за матчы і этапы, і нават у добрым раскладзе выходзіць максімум у раёне тысячы долараў за сезон. У «зборнікаў» ёсць яшчэ стаўка ў «мінспорту» – менш за 300 долараў, і тое некаторым даюць толькі паўстаўкі. Таму, напрыклад, у Новікава і Юрыя Пятроўскага, якія зараз рыхтуюцца да паўфіналу ЧС, пляжны футбол – дадатак да асноўнай працы.

Наведвальнасць пляжнага футбола не параўнаць з вялікім. Напрыклад, усе матчы ЧС-2024 у ААЭ праходзяць на адным стадыёне на 3500 гледачоў. На паўфіналы і фінал арганізатары паведамляюць пра поўны продаж білетаў, але на групавым этапе шэраг матчаў наведала менш за тысячу чалавек (на гульнях Беларусі было 1004, 1411 і 720 гледачоў, у чвэрцьфінале – 2293). Пры гэтым квіткі каштавалі па 5,45 долара – на паўфіналы пусцяць за 8,2, на фінал за 10,9. Для параўнання, самы непапулярны матч ЧС-2022 па вялікім футболе ў суседнім з ААЭ Катары наведалі 39 тысяч чалавек, білеты ж нават на групавыя матчы каштавалі ад 69 да 220 долараў (на фінал – ад 604 да 1607). Цікавасць гледачоў праз медыя таксама моцна адрозніваецца: на папярэднім «пляжным» ЧС-2021 FIFA ацаніла агульную аўдыторыю ў 63 мільёны чалавек, а на «вялікім» ЧС-2022 – у 5 мільярдаў.

Бачная розніца ў папулярнасці і па сацсетках. Вось колькасць падпісчыкаў у Instagram у найлепшых «пляжнікаў» свету апошніх гадоў: гулец зборнай Японіі Озу Марэйра – 37,6 тысячы, партугалец Бэ Марцінш – 17,9 тысячы, бразілец Радрыга – 53,6 тысячы. У партугальца Маджэра, які ў 2019-м быў названы часопісам France Football найлепшым «пляжнікам» у гісторыі, – 269 тысяч. Прадстаўнікі вялікага футбола, у сваю чаргу, уваходзяць у лік самых папулярных людзей у Instagram у прынцыпе: Крышцiяну Раналду мае 622 мільёны падпісчыкаў (больш толькі ў акаўнта самой сацсеткі), Ліянель Месі ідзе следам з 500 мільёнамі. Пройдземся па лідарах у выйграным Месі галасаванні на «Залаты мяч»-2023: Эрлінг Холанд – 38,3 млн падпісчыкаў, Кіліян Мбапэ – 112 мільёнаў, Кевін дэ Бруйнэ – 25,7 млн.

Што тычыцца клубаў, рэкардсмен па перамогах у Euro Winners Cup расійскі «Крыстал» мае 7,2 тысячы падпісчыкаў у Instagram (у расійскім УКантакце – 8 тысяч). Дзеючы пераможца, ізраільскі «Фальфала Кафр-Касем», – 3,2 тысячы. Лідар сусветнага клубнага рэйтынгу нямецкі «Рэал Мюнстэр» – і зусім толькі тысячу. Мадрыдскі «Рэал» са 153 мільёнамі і «Манчэстэр Сіці» з 51,3 млн – вядома, недасяжны ўзровень.

Група УКантакце (самая жывая з сацсетак) беларускай асацыяцыі пляжнага футбола мае крыху менш за 4 тысячы падпісчыкаў, у той час як АБФФ – больш за 31 тысячу. Instagram-акаўнт Beach Soccer Worldwide, фактычна міжнароднай асацыяцыі, мае 90 тысяч падпісчыкаў, а FIFA – 3,5 мільёна. У акаўнта ЧС па вялікім футболе наогул 46,7 млн падпісчыкаў – зрэшты, менавіта туды зараз раздаюць і яркія моманты з пляжнага ЧС, у тым ліку беларускія перамогі. Магчыма, гэта дапаможа папулярызацыі «пляжкі» у свеце – некалькі відэа здолелі набраць па пары сотняў тысяч лайкаў, а прыгожы гол іранскага варатара – пад паўтара мільёна.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты