Усе навіны

Міхал Шлезінгр – пра заяву Фуркада наконт сораму за магчымы нядопуск расіян і беларусаў да міжнародных спаборніцтваў: «Спорт ніколі не быў і не будзе па-за палітыкай»

17 лютага 2023, 22:17

Чэшскі біятланіст Міхал Шлезінгр адрэагаваў на словы Мартэна Фуркада, што яму будзе сорамна, калі Францыя забароніць расіянам і беларусам выступаць на міжнароднай арэне.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

«Калі Фуркад выступаў супраць расіян у допінгавым скандале, расіяне называлі яго вар'ятам, які нічога не разумее і павінен маўчаць. А зараз, калі ён кажа нешта, што іх задавальняе, расіяне адразу паказваюць на тое, што ён з'яўляецца прадстаўніком камісіі спартсменаў МАК, таму яго меркаванне значна больш абгрунтаванае, чым у любых іншых спартсменаў, якія яму супрацьстаяць. Расійская прапаганда можа эксплуатаваць абсалютна ўсё.

Я разумею, што Мартэн не хоча браць усіх расіян пад адзін грабянец, таму што некаторыя з іх могуць быць сапраўды не згодныя з тым, што адбываецца ва Украіне, але баяцца выказваць сваё меркаванне публічна. Але ў той жа час Фуркад выпускае з-пад увагі тое, наколькі шчыльна ў Расіі спляліся спорт і палітыка. І калі былыя расійскія біятланісты карыстаюцца перавагамі і выгодамі рэжыму, яны павінны разумець, што ў гэтага могуць быць негатыўныя наступствы.

Спорт ніколі не быў і не будзе па-за палітыкай. Гэта бессэнсоўнае сцвярджэнне, якім Расія прыкрываецца, але насамрэч гэта пусты гук. Мы не можам абараняць расійскіх атлетаў ад іх уласнай дзяржавы, замоўчваючы тое, што адбываецца ва Украіне», – заявіў Шлезінгр.