Tribuna/Біятлон/Блогі/У беларускiм біятлоне чарговая расіянка – кажуць, праз зборнiка, якога выганялi пасля адмовы ехаць у Расiю

У беларускiм біятлоне чарговая расіянка – кажуць, праз зборнiка, якога выганялi пасля адмовы ехаць у Расiю

Вось так усё дзiўна пераплецена.

Аўтар — Pam-pam
15 траўня, 06:00
У беларускiм біятлоне чарговая расіянка – кажуць, праз зборнiка, якога выганялi пасля адмовы ехаць у Расiю

У беларускім біятлоне застаецца незразумелым, ці скончыць кар’еру Ірына Лешчанка. Казалi, што яна патрэбная камандзе, але сама падпісантка за рэжым не бачыць асаблівага сэнсу працягваць без міжнародных турніраў. Хаця ёсць i вiдавочныя iншыя прычыны для сыходу.

Але замену ўжо знайшлі – прычым не ў беларускім рэзерве, а ў Расіі, нягледзячы на наказы ад рэжымнага «міністра спорту» Сяргея Кавальчука «развіваць сваё» i папярэнiя няўдачы з такой натуралiзацыяй.

Навічком беларускай зборнай стане Ксенія Шнэйдэр, якая выступала за зборную Цюменскай вобласці Расіі. Тамтэйшы трэнер Максім Кугаеўскі наўпрост заявіў, што разлічваў на спартсменку яшчэ адзін год, але пасля перамоў з кіраўніком беларускай федэрацыі Андрыянам Цыбульскім дазволіў Шнэйдэр з’ехаць ужо зараз, прычым без кампенсацыі. Падобна, Цыбульскі змог пераканаць суразмоўцу, што яму сапраўды вельмі патрэбная новая біятланістка.

Калі глядзець толькі на спартыўныя дасягненні Шнэйдэр, то цікавасць да яе зразумець будзе цяжкавата. Біятланістцы, якая прыйшла ў свой цяперашні вiд з лыжных гонак дзесяць гадоў таму, ужо 24 гады, а дасягненняў у яе нават на расійскім узроўні зусім няшмат. Ёсць два медалі чэмпіянатаў Расіі, але толькі ў эстафетах (змяшанай і звычайнай). У мінулым сезоне ў асабістых гонках Кубка Расіі спартсменка не паднімалася вышэй за 10-е месца, а ў агульным заліку стала 20-й – як і на Кубку Садружнасці, дзе найлепшым вынікам была 12-я пазіцыя ў заключным мас-старце. Праўда, трэба сказаць, што вышэй па выніку сезона КС з беларускіх біятланістак аказаліся толькі Ганна Сола (14-я) і Дар’я Кудаева (17-я). Але ўсё роўна запомніцца Шнэйдэр магла хіба што мэйкапам на хатнім турніры «Пралог».

Чаму ж менавіта Шнэйдэр спатрэбілася ў Беларусі? Па звестках расійскіх СМІ, усё проста: біятланістка рыхтуецца выйсці замуж за 28-гадовага калегу з беларускай каманды Максіма Вараб’я, пара паразмаўляла з Цыбульскім – і той адразу выйшаў на сувязь з цюменцамі наконт «трансферу».

Цікава тут тое, што ў 2022-м зборнай аказаўся не патрэбны сам Варабей. А праблемы ў падпісанта за рэжым пачаліся пасля таго, як ён адмовіўся ехаць на спаборніцтвы ў Расію. Тады гэтая краіна толькі пачала вайну ва Украіне, і з боку сітуацыя бачылася ледзь не карай за грамадзянскую пазіцыю. Але пасля Варабей выступіў у медыя і заявіў, што яго адмова ад расійскіх спаборніцтваў ніяк не была звязана ні з вайной, ні з палітыкай – а ў падтрымцы Украіны, напрыклад, спартсмен наогул не ўбачыў сэнсу, таму што, маўляў, «не можа ні на што паўплываць».

Што да праблем, біятланіст растлумачыў, што спачатку Цыбульскі сказаў усім спартсменам, што ўдзел у турнірах суседняй краіны добраахвотны, пасля чаго Варабей вырашыў на гэты час пайсці ў адпачынак за свой кошт, каб разабрацца з уласнай вінтоўкай, у якой бачыў магчымыя прычыны праблем са стральбой. Аднак затым у Вараб’я запатрабавалі тлумачальны ліст за пропуск спаборніцтваў у Расіі, а следам біятланіст быў адхілены ад зборнай. Каб абараніць сваё месца, Варабей звярнуўся да «міністра» Кавальчука, які паслаў да трэнераў каманды, а тыя не адказвалі нічога канкрэтнага. Асабліва біятланісту было крыўдна за тое, што яго «ніхто з каманды не падтрымаў, нават тыя, хто [незадоўга да таго] абдымаў за добрыя вынікі».

Але потым Варабей «усё абдумаў і зразумеў, што трэба перавярнуць гэтую старонку». І ўлюбёны для рэжыма метад спрацаваў – спартсмену дазволілі працягнуць кар’еру, а ў 2023-м і ў зборную вярнулі. У сезоне-2023/24 Варабей пацвердзіў пазіцыю «трэцяга нумара» пасля рэжымнiкаў Антона Смольскага і Дзмітрыя Лазоўскага – стаў 11-м у заліку Кубка Расіі і 8-м у Кубку Садружнасці.

Асабістае жыццё Варабей не афішуе. Тое ж тычыцца і Шнэйдэр. Нi як пара пазнаёмiлася, нi iншыя падрабязнасцi невядомыя. Увогуле, што гэтых дваіх нешта звязвае, стала зразумела толькi ў красавіку, калі яны выклалі сумеснае фота са Шры-Ланкi.Пры гэтым, каментуючы свой адпачынак у цюменскай прэсе, дзяўчына нават не абмовілася, што была там не адна.

А вось у 2020-м спартсменка распавядала пра адпачынак ў акупаваным Расiяй Крыме.

Ёсць у Inatagram Шнэйдэр i здымкі з легендамі біятлона Мартэнам Фуркадам ды Ёханесам Бо.

Цалкам верагодна, Шнэйдэр будзе не адзінай расіянкай у зборнай Беларусі. Плануе вярнуцца ў каманду Ірына Кручынкіна, якая нядаўна стала мамай.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты