Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Амбасадар-гамафоб, генсак ФІФА звяртаецца да ведзьмаў, Катар купляе заўзятараў. Самыя свежыя скандалы ЧС-2022

Амбасадар-гамафоб, генсак ФІФА звяртаецца да ведзьмаў, Катар купляе заўзятараў. Самыя свежыя скандалы ЧС-2022

У ФІФА дагэтуль не шкадуюць пра яго правядзенне?

12 лістапада 2022, 11:31
1
Амбасадар-гамафоб, генсак ФІФА звяртаецца да ведзьмаў, Катар купляе заўзятараў. Самыя свежыя скандалы ЧС-2022

Да ЧС-2022 застаецца ўсё менш часу – ўжо 20 лістапада пройдзе цырымонія адкрыцця. Аднак стаміць ён паспеў ужо – дзякуючы сваім шматлікім скандалам.

Амбасадар ЧС назваў гомасексуальнасць «пашкоджаннем мозгу». Арганізатары набралі ў рот вады

Мабыць, самы гучны са скандалаў тычыцца слоў экс-гульца зборнай Катара па футболе і афіцыйнага амбасадара ЧС-2022 Халіда Салмана ў інтэрв'ю нямецкаму тэлеканалу ZDF. Журналіст падняў тэму правоў ЛГБТ+, паколькі гэтае пытанне да гэтага часу выразна не вырашана – невядома, што чакае гэтую катэгорыю фанатаў па прыездзе (бо ў краіне проста факт арыентацыі, адрознай ад гетэрасексуальнай, лічыцца злачынствам).

«Яны павінны прыняць нашы правілы. [Гомасексуальнасць] – гэта харам (забарона ў iсламе – заўв. Tribuna.com). Чаму гэта харам? Таму што гэта пашкоджанне мозгу», – сказаў Салман.

Пасля таго іншы прадстаўнік Катара, які знаходзіўся побач, спыніў інтэрв'ю.

Гэтыя словы выклікалі бурную рэакцыю, асабліва ў Германіі. Першай адрэагавала міністр унутраных спраў Германіі Нэнсi Фэзер, якая за тыдзень да таго знаходзілася ў Катары, дзе дамагалася гарантый бяспекі да фанатаў ЛГБТ+.

«Вядома, гэтыя каментары жудасныя. Вось чаму мы працуем над тым, каб у будучыні сітуацыя ў Катары палепшылася», – сказала Фэзер.

Шырэй выказаўся з асуджэннем гулец «Баварыі» і зборнай Германіі Леон Гарэцка:

«Ён стварае вобраз чалавека з іншага тысячагоддзя. Гэта не тое, за што мы стаім, і не тое, што падае прыклад. Разуменне таго, што падобнае можа сказаць афіцыйны прадстаўнік ЧС незадоўга да пачатку ЧС, адбірае мову».

Сваё слова сказалі і фанаты. З самых гучных прыкладаў – заўзятары той жа «Баварыі», якія вывесілі банер «Пашкоджаны мозг? Ідзіце на ###, Халід і кампанія».

ФІФА і аргкамітэт адрэагавалі на скандал традыцыйна – ні пары словаў з вуснаў.

Катар аплаціў паездку на ЧС некаторым заўзятарам і адарыў брытанскіх дэпутатаў. Тыя ўхваляюць турнір

Краіне-гаспадынi, відавочна, было недастаткова проста набыць турнір – яна спрабуе набыць яшчэ і станоўчыя водгукі пра яго.

Так, па дадзеных Observer, члены брытанскага парламента атрымалі падарункі на суму ў 251208 фунтаў ад Катара ў перыяд з кастрычніка 2021-га па кастрычнік 2022-га. Гэтая сума ўключае ў сябе пражыванне ў раскошных гатэлях, пералёты бізнес-класам і квіткі на вярблюджыя скачкi. Кошт падарункаў ад Катара за апошні год большы за агульную суму падарункаў ад 15 іншых краін, якія дарылі нешта брытанскім дэпутатам.

Пасля гэтага некаторыя з дэпутатаў сталі значна мягчэй крытыкаваць ці ўвогуле абараняць правядзенне ЧС у Катары. Напрыклад, Дэвід Мандэл, адкрыты гей, распавядаў пра «неабходнасць засяродзіцца на правах ЛГБТ+ у футболе ў Вялікабрытаніі, а не ў Катары» і «беспадстаўныя» абвінавачванні ў парушэннях правоў рабочых на будоўлях. Кошт пытання – падарункі на 7473 фунта.

Акрамя таго, Катар распрацаваў праграму «фанацкіх лідараў». За ёй 400 заўзятараў абавязаліся пабыць у краіне мінімум два тыдні і падпісалі «правілы паводзінаў», за што атрымалі ад арганізатараў бясплатныя пералёты, пражыванне, квіткі на матчы і 60 фунтаў у дзень на харчаванне.

«Правілы паводзінаў» прадугледжваюць у тым ліку публікацыю і прасоўванне пэўных месэджаў – хутчэй за ўсё, гаворка ідзе аб апавяданнях пра «цудоўны» ЧС. Акрамя таго, адзін з нідэрландскіх заўзятараў, якога спрабавалі «купіць», распавёў, што правілы фактычна абавязваюць сачыць за паводзінамі сваіх землякоў.

Генеральны сакратар ФІФА з-за траўмы Манэ паабяцала звярнуцца да «марабутаў». Гэта тыя ж «ведзьмы», да якiх нiбыта звяртаўся Пагба

Імя Фатмы Самуры можна было нядаўна пачуць у кантэксце «ліста ФІФА», дзе арганізацыя прасіла «засяродзіцца на футболе». Цяпер жа сенегалка Самура гучна выказалася пра траўму лiдара зборнай сваёй краiны Садыё Манэ. Гэтыя словы ад другой асобы ў кіраўніцтве сусветнага футбола не ўкладваюцца ў галаве.

«Мы звернемся да марабутаў. Я не ведаю, ці эфектыўныя яны, але мы ўсё роўна да іх звернемся. Мы спадзяемся на цуд. Манэ павінен быць на ЧС», – заявiла Самура.

Праблема ў тым, што слова «марабуты» мае два значэння. Першае – мусульманскі прапаведнік. Другое – нешта тыпу «ведзьма-лекар». Уласна, у апошнім значэнні яно нядаўна з'яўлялася ў гучнай гісторыі з шантажом Поля Пагба: ён нібыта звяртаўся да марабутаў, каб тыя наслалі праклён на Кiлiяна Мбапэ.

ФІФА забараніла Даніі надпіс пра правы чалавека на трэніровачнай форме

Зборная Даніі ў рамках свайго пратэсту супраць правядзення ЧС у Катары планавала трэніравацца ў футболках з лозунгам «Правы чалавека для ўсіх». Аднак ФІФА забараніла зборнай гэта рабіць – пра гэта паведаміла Дацкая федэрацыя футбола.

«Мы накіравалі адпаведны запыт у ФІФА, але атрымалі адмоўны адказ. Нам вельмі шкада», – пракаментаваў выканаўчы дырэктар арганізацыі Якаб Енсэн.

Падобна на тое, што у ФІФА лічаць правы чалавека палітыкай – артыкул 27 рэгламенту ЧС забараняе палітычныя ці рэлігійныя лозунгі.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты