Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Дашчынскі прадае дом у Беларусі, а дзе Казека, Грышын, Раманоўская і іншыя топы фрыстайла «на пенсіі»?

Дашчынскі прадае дом у Беларусі, а дзе Казека, Грышын, Раманоўская і іншыя топы фрыстайла «на пенсіі»?

Траўма, смерць і новае жыццё.

Аўтар — bytribuna com
6 траўня, 06:45
Дашчынскі прадае дом у Беларусі, а дзе Казека, Грышын, Раманоўская і іншыя топы фрыстайла «на пенсіі»?

Днямі выданне «Наша Нiва» паведаміла, што вядомы ў мінулым беларускі фрыстайліст Дзмітрый Дашчынскі прадае свой дом у Драздах. За двухпавярховы катэдж плошчай 270 квадратных метраў двухразовы алімпійскі прызёр хоча атрымаць 650 тысяч долараў.

Вядома, што ў 2022 годзе Дашчынскі з сямʼёй пераехаў у Аўстралію, дзе ўзначаліў зборную па фрыстайле і за два гады дабіўся немалых поспехаў. Яго падапечныя бралі медалі на этапах Кубка свету, Даніэль Скот у лютым 2023-га ўзяла бронзу ЧС, а па выніках сезона-2023/24 стала ўладальніцай Вялікага крыштальнага глобуса.

«Трыбуна» распавядае, чым сёння займаюцца іншыя вядомыя прадстаўнікі беларускага фрыстайлу.

Мікалай Казека, 74 гады

Трэнер – заснавальнік беларускага фрыстайла, выхаваў чатырох алімпійскіх чэмпіёнаў і яшчэ чатырох медалістаў АГ. Двойчы прызнаваўся найлепшым трэнерам Беларусі, зʼяўляецца поўным кавалерам Ордэна Айчыны.

Дзе цяпер. У апошнія гады перажыў адхіленне ад пасады галоўнага трэнера зборнай і перавод на папяровую працу, цяжкую форму кавіду і 10 дзён у рэанімацыі. Пасля выздараўлення яму не працягнулі кантракт у РЦАП па фрыстайле.

5 красавіка Казеку споўнілася 74 гады. Здароўе трэнера прыйшло ў норму, ён вядзе жыццё пенсіянера, шмат часу прысвячае прагулкам на свежым паветры і сямʼі.

Максім Гусцік, 35 гадоў

Чаго дабіўся. Бронза чэмпіянату свету-2015, дзевяць медалёў (у тым ліку два залатыя) на этапах Кубка свету, 2-е месца ў агульным заліку КМ-2015/16

Дзе цяпер. Апошнім стартам Гусціка як спартсмена сталі Алімпійскія гульні-2022 у Пекіне, дзе ён фінішаваў 20-м сярод 24 удзельнікаў. У жніўні 2022-га быў прызначаны старшым трэнерам нацыянальнай зборнай Беларусі па фрыстайле. А 9 снежня 2023 года загінуў у выніку наезду аўтамабіля на праспекце Пушкіна ў Мінску.

Аляксей Грышын, 44 гады

Чаго дабіўся. Бронза (2002) і золата (2010) Алімпійскіх гульняў, бронза (2005), серабро (2003) і золата (2001) чэмпіянатаў свету

Дзе цяпер. Пра першага беларускага чэмпіёна зімовых Алімпійскіх гульняў даўно ўжо не чуваць. Хаця ў свой час ён быў навідавоку: развіваў будаўнічы бізнес на Радзіме (скончылася гэта банкруцтвам), прадаў свой алімпійскі медаль за 100 тысяч долараў, каб дапамагчы з аперацыяй былому партнёру па зборнай Дзмітрыю Раку, быў так званым дэпутатам у мінскім «гарсавеце». Вось ужо некалькі гадоў Грышын жыве і працуе ў Расіі. Чым менавіта займаецца, дакладна не могуць сказаць нават былыя калегі па зборнай. Па звестках «Трыбуны», яго дзейнасць ніяк не звязана ні з будаўніцтвам, ні са спортам.

Асоль Слівец, 41 год

Чаго дабілася. Срэбра чэмпіянату свету-2007

Дзе цяпер. У складзе зборнай Беларусі выступала на трох Алімпіядах (найлепшае месца – 4-е ў 2010-м). У 2011-м перайшла ў зборную Расіі і, выступаючы за яе, стала 12-й на Гульнях у Сочы-2014, пасля чаго завяршыла карʼеру. Жыць вярнулася ў Беларусь.

Некаторы час працавала дзіцячым трэнерам па сноўбордзе, вучыла катацца на лыжах дзяцей з аўтызмам і ДЦП у Мінску, пры гэтым паспяваючы надаваць увагу вялікай сямʼі – у Слівец і яе тагачаснага мужа старэйшага трэнера зборнай Беларусі па канькабежным спорце Сяргея Мініна чацвёра дзяцей (у 2023 годзе жанчына судзілася за аліменты з ужо экс-мужам).

Цяпер уваходзіць у штат Беларускай федэрацыі гарналыжнага спорту і сноўборда, працуе з юнымі спартсменамі трэнерам па сноўбордзе.

Цімафей Слівец, 39 гадоў

Чаго дабіўся. Бронза чэмпіянату свету сярод юніёраў-2003

Дзе цяпер. Як і сястра, адразу выступаў за беларускую зборную (зʼездзіў на АГ-2010, дзе заняў дзявятае месца), але ў чэрвені 2011-га атрымаў расійскае грамадзянства. На Алімпіядзе-2014 за новую каманду стаў 13-м. У студзені 2015-га перанёс аперацыю на плячы, з-за чаго планаваў зрабіць у карʼеры перапынак, але на схіл у выніку не вярнуўся.

Жыве і працуе ў Сочы на гарналыжным комплексе інструктарам па катанні на лыжах і сноўбордзе. Перыядычна прыязджае ў Мінск.

Ала Цупер, 45 гадоў

Чаго дабілася. Золата Алімпійскіх гульняў-2014

Дзе цяпер. На спартыўную «пенсію» ўраджэнка ўкраінскага Роўна пайшла ў верасні 2022-га пасля адкрытага чэмпіянату Беларусі па лыжнай акрабатыцы на водным трампліне – і адразу аказалася ў трэнерскім штабе зборнай, дзе заняла пасаду трэнера-адміністратара.

У 2023-м Цупер, якая ўваходзіць у «камісію спартсменаў» лукашэнкаўскага НАК, атрымала медаль «За выбітныя заслугі». У гэтым годзе спецыялістка з украінскімі каранямі з экс-партнёрам па зборнай Антонам Кушнірам (яшчэ адным украінцам) у лютым 2024-га ездзіла ў Сочы на «вялікае спартыўнае свята ў гонар 10-годдзя АГ-2014». Пра вайну на Радзіме Цупер паслядоўна маўчыць.

Антон Кушнір, 39 гадоў

Чаго дабіўся. Золата Алімпійскіх гульняў-2014, бронза чэмпіянату свету-2011, бронза ў агульным заліку Кубка свету-2018/19, 18 медалёў (у тым ліку дзевяць залатых) на этапах Кубка свету

Дзе цяпер. Падпісант праўладнага ліста, які таксама маўчыць пра вайну ў роднай Украіне, дзе да гэтага часу жывуць яго родныя, завяршыў карʼеру спартсмена ў 2019-м. Працаваў трэнерам-кансультантам зборнай Казахстана, адкуль сышоў у пачатку 2021-га праз праблемы са здароўем. Перанёс аперацыю на хрыбетніку, а пасля – працяглую рэабілітацыю. Прапаноўваў свае паслугі на пазіцыю трэнера зборнай Беларусі, але чыноўнікі далі зразумець, што грошай на яго не маюць.

Пасля аперацыі ў Кушніра нейкі час захоўвалася моцная кульгавасць, былі абмежаванні па фізічных нагрузках. Цяпер, падобна, здароўе нармалізавалася. У лістападзе мінулага года алімпіец удзельнічаў у праекце «Героі» на рэжымным ТБ, дзе пераадольваў перашкоды з пажарна-выратавальнага спорту, а сёлета разам з Цупер ездзіў у Сочы, адкуль зрабіў мноства здымкаў з экс-спартсменамі, якія падтрымліваюць вайну супраць Украіны.

Таксама Кушнір стаў амбасадарам I Зімовых гульняў «Дзеці прыморʼя», якія прайшлі ў лютым 2024-га ва Уладзівастоку.

Што да жыцця па-за спортам, Кушнір цяпер актыўна падарожнічае, наведвае спаборніцтвы па хакеі і боксе, сам трэнуецца ў стральбе са стрэльбы. Шмат посціць у Instagram. Па звестках нашых крыніц, Кушнір у сапраўдны момант нідзе не працуе.

Станіслаў Гладчанка, 29 гадоў

Чаго дабіўся. Срэбра этапу Кубка свету-2017

Дзе цяпер. Мінчуку ў карʼеры моцна перашкаджалі траўмы. Праз іх ён выпадаў на два сезоны. Скончыў са скачкамі ў 2022-м. Апошнім турнірам сталі Алімпійскія гульні ў Пекіне (11-е месца).

Пасля ўладкаваўся ў прыватную фірму, якой валодае яго дзядзька. Нашыя суразмоўцы не ведаюць, у якой сферы працуе Гладчанка, але адзначаюць, што пачуваецца ў новай ролі ён выдатна і «многа што ў яго атрымліваецца».

Дзмітрый Рак, 47 гадоў

Чаго дабіўся. Бронза этапу Кубка свету-2005/06, золата (1996) і срэбра (2005) Кубка Еўропы

Дзе цяпер. У 2006 годзе на трэнінгу перад спаборніцтвамі ў кітайскім Цзілінь-Бэйда-Лэйк Рак пры прызямленні стукнуўся патыліцай аб зямлю, атрымаў цяжкую чэрапна-мазгавую траўму (тамаграфія зафіксавала значную унутрычарапную гематому), быў дастаўлены ў рэанімацыю і каля паўтара месяца правёў у коме. Спартсмен страціў памяць, доўгі час не мог гаварыць і рухацца. Дзякуючы лячэнню і падтрымцы сяброў са спорту стан крыху палепшыўся, аднак аднавіць дзеяздольнасць не ўдалося.

На сёння ў жыцці ў Рака мала што памянялася. Яму прысвоілі групу інваліднасці, якая не дазваляе працаваць. Экс-фрыстайліст атрымлівае дапамогу па інваліднасці, а таксама яго падтрымліваюць бацькі.

Аляксандра Раманоўская, 27 гадоў

Чаго дабілася. Золата чэмпіянату свету-2019, сем медалёў (у тым ліку тры залатыя) на этапах Кубка свету, два золата зімовай Універсіяды-2019

Дзе цяпер. Апошняе на сёння спаборніцтва ў карʼеры Раманоўскай – пераможны этап Кубка свету 7 лютага 2020-га ў амерыканскім горадзе Дзір-Вэлі. Праз тыдзень яна паехала ў Маскву на этап КС, але на старт не выйшла праз траўму. На гэтым сезон (і, як аказалася, карʼера) скончыўся: дзве аперацыі на калене, звальненне з РЦАП па фрыстайле, праца менеджаркай у адной з мінскіх фотастудый і праца інструктарам па катанні на горных лыжах і сноўбордзе ў «Сілічах».

У пачатку 2023-га Раманоўская ў сацыяльнай сетцы LinkedIn апублікавала запіс, што шукае працу або стажыроўку на пазіцыю QA Еngineer, калі прасцей – тэставальніка. У выніку замацавалася ў адной з IT-кампаній.

Фота: noc.by, citydog.io

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты