Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/У белфутбола самы сталы бос сярод суседзяў і адзіны без досведу ў спартыўным кіраванні

У белфутбола самы сталы бос сярод суседзяў і адзіны без досведу ў спартыўным кіраванні

Побач – Z-сумнеўны «газпрамавец», кум Шаўчэнкі, якога вінавацяць у карупцыі, і той, хто прэсаваў Зубовіча ў Польшчы.

Аўтар — bytribuna com
27 красавіка 2023, 09:43
У белфутбола самы сталы бос сярод суседзяў і адзіны без досведу ў спартыўным кіраванні

Пакуль былы дырэктар мінскай птушкафабрыкі і экс-cтаршыня выканкаму Лукашэнкі па Віцебскай вобласці 62-гадовы Мікалай Шарснёў асвойваецца ў футболе як новай для сябе галіне народнай гаспадаркі, “Трыбуна” вывучыла, хто ёсць хто сярод ягоных калег у краінах-суседках. Ці там таксама футбольнымі федэрацыямі кіруюць “моцныя гаспадарнікі”?

Літоўская федэрацыя футболу

Хто бос: Эдгарас Станкявічус

Як і ў нас, у сакавіку 2023-га новы футбольны бос з’явіўся ў Літве. Томаса Данілявічуса, колішняга капітана нацыянальнай зборнай і яе найлепшага бамбардзіра, які гуляў у свой час за “Бруге”, “Балонью” і правёў некалькі матчаў у складзе лонданскага “Арсеналу”, на пасадзе прэзідэнта Літоўскай футбольнай федэрацыі змяніў Эдгарас Станкявічус. Але не блытайце яго з Марусам Станкявічусам, які выступаў за сборную Літвы і такія вядомыя еўрапейскія клубы, як “Сампдорыя”, “Лацыё”, “Валенсія” ды “Севілья”.

Эдгарас Станкавічус амаль удвая маладзейшы за кіраўніка Беларускай федэрацыі футболу Мікалая Шарснёва (1987 год наражэння vs 1960-ы). Футбольнай кар’еры не мае, але як спартыўны функцыянер працуе ўжо дастаткова доўгі час. Дагэтуль у футбольнай федэрацыі быў генеральным сакратаром, кіраўніком яе маркетынгавага аддзелу, ранейшыя месцы працы – шэраг баскетбольных клубаў, Літоўская баскетбольная ліга. Таксама кіраваў спартыўным агенцтвам.

У Літоўскай федэрацыі футболу нямала праблемаў, у тым ліку фінансавых, можа, таму канкурэнтаў на выбарах у Станкявічуса не было. Што праўда, у адрозненне ад Шарснёва, якога абралі адзінагалосна, яго літоўскі калега атрымаў паўдзясятка галасоў “супраць” з агулам крыху больш як 60.

Латвійская асацыяцыя футболу

Хто бос: Вадзім Ляшэнка

А вось за пасаду прэзідэнта Латвійскай асацыяцыі футболу некалькі гадоў таму разгарнулася зацятая барацьба. У Беларусі тое было б дзівам, але футзаліст Вадзім Ляшэнка перамог міністра ўнутраных справаў Латвіі (па галасах атрымалася 96 супраць 26). Папярэднікам Ляшэнкі, якому той прайграў пазамінулыя выбары, быў былы капітан латвійскай зборнай, гулец клубаў “Рэдынг” ды “Куінз Парк Рэйнджарс” Каспар Горкшс, якога датэрмінова адправілі ў адстаўку з прычыны дрэннага кіравання федэрацыяй. Сам Ляшэнка капітаніў у зборнай Латвіі па футзале, а затым кіраваў футзальнай федэрацыяй.

Прозвішча галоўнага футбольнага начальніка Латвіі мільгацела ў мясцовай прэсе не толькі праз спартыўныя нагоды. Ён згадваўся як бізнесовец у журналісцкіх расследаваннях. Найбольш скандальна – у 2011 годзе, калі фірма, у склад праўлення якой уваходзіў Ляшэнка, усталявала на Эспланадзе (парк у цэнтры Рыгі) каруселі. Міністэрства культуры Латвіі пасля гэтага нават падрыхтавала папраўкі, каб болей у гістарычным цэнтры было немагчыма размяшчаць атракцыёны.

Паводзіны Ляшэнкі, ужо калі ён кіраваў латвійскім футболам, разглядаў камітэт па этыцы – нібыта прадпрымальнік набыў кампрамат у выглядзе аўдыёзапісу на свайго папярэдніка. У гэтай гісторыі не было ніякіх наступстваў, а старшыня федэрацыя сцярджаў, што супраць яго зладжаная правакацыя. У 2021 годзе журналісты апублічылі заробак Ляшэнкі за сваю працу – на той момант ён атрымліваў каля 9000 еўра на месяц.

Пасля пачатку вайны ва Украіне федэрацыя пад кіраўніцтвам Ляшэнкі раіла не падпісваць кантракты з расіянамі і беларусамі. На сёння адно з галоўных пытанняў 39-гадовага латвійскага менеджара – будаўніцтва нацыянальнай футбольнай арэны. На гэта патрэбна больш за 40 мільёнаў еўра, але справа знаходзіцца ў падвешаным стане.

Польскі футбольны саюз

Хто бос: Цэзары Кулеша

І ў Польскім футбольным саюзе прэзідэнтам цяпер былы футбаліст з функцыянерскім спартыўным досведам – 60-гадовы Цэзары Кулеша. На пасаду ён заступіў пасля двух тэрмінаў кіравання Збігнева Бонека, які ў свой час пагуляў за “Ювентус”, “Рому” і ўзяў скудэта, Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў і бронзавыя медалі чэмпіянату свету-1982. У Кулешы дасягненні куды больш сціплыя: трохі выступаў за “Ягелонію”, а затым дзесяць гадоў быў прэзідэнтам гэтага беластоцкага клубу.

Менавіта пры ім “Ягелонія” дамаглася некалькіх медальных поспехаў у Экстракласе. І менавіта пры ім у каманду прыходзілі беларускія футбалісты Ягор Зубовіч і Павел Савіцкі, якія, што праўда, там так і не загулялі. У інтэрв’ю “Трыбуне” Зубовіч распавядаў пра свае праблемы ў Беластоку – у тым ліку пра кантактаванне з Кулешам (нібыта той прымушаў працягнуць кантракт і не хацеў плаціць заробак).

Поспехам Кулешы на чале Польскага футбольнага саюзу можна лічыць выхад нацыянальнай зборнай упершыню за 36 гадоў у плей-оф чэмпіянату свету, хаця ўражвальнай яе гульню на турніры не назавеш.

Украінская асацыяцыя футболу

Хто бос: Андрэй Павелка

Украінскую асацыяцыю футболу ўзначальвае ад 2015 года Андрэй Павелка. Юрыст, бізнесовец і дэпутат. З багатым досведам спартыўнага чынавенства. Спачатку ён стаяў на чале федэрацыі футболу Днепрапятроўскай вобласці, там жа кіраваў аддзяленнем Нацыянальнага алімпійскага камітэту, займаў шэраг пасадаў ва УЕФА.

На нядаўнім кангрэсе еўрапейскай арганізацыі Павелка быў пераабраны ў выканкам, які складаецца з сямёх футбольных функцыянераў з розных краін. Але адбылося гэта на фоне гучнага скандалу. На Радзіме 47-гадовы Павелка - фігурант крымінальнай справы, якога суд адхіліў ад пасады прэзідэнта УАФ.

Увосень мінулага года Павелка быў арыштаваны, але вызвалены пад заклад, што сплаціла асацыяцыя. Яго абвінавачваюць у нямэтавым выкарыстанні міжнароднай дапамогі, якая выдаткоўвалася на будаўніцтва завода па вытворчасці штучнай травы для футбольных палёў.

Цікава, што ўвосень 2022 года віравалі чуткі, што можа быць склікана пазачарговае пасяджэнне выканкаму УАФ, на якім Павелку зрынуць і заменяць на Андрэя Шаўчэнку. Але далей за размовы падзеі не разгарнуліся. Пікантнасці ж сітуацыі дадавала тое, што славуты футбаліст - кум Павелкі.

Увогуле, менеджар неаднойчы быў героем свецка-спартыўнай скандальнай хронікі. Напярэдадні фіналу Лігі чэмпіёнаў-2018 на Алімпійскім стадыёне ў Кіеве падчарка Павелкі выклала ў Інстаграм фота з кубкам нібы з цацкай. Хаця трафей павінен перасоўвацца строга пад аховай і перадавацца толькі афіцыйным асобам, якія адказваюць за арганізацыю матчаў. А праз год Павелка нападпітку паўдзельнічаў у VIP-ложы падчас матча Украіна - Партугалія ў бойцы з братамі Суркісамі (былым прэзідэнтам футбольнай асацыяцыі Рыгорам і прэзідэнтам кіеўскага “Дынама” Ігарам).

Расійскі футбольны саюз

Хто бос: Аляксандр Дзюкаў

Расійскім футбольным саюзам кіруе бізнесовец з клану ”леніградска-піцерскіх” Аляксандр Дзюкаў (узначальваў нафтавы тэрмінал і марскі порт у Санкт-Пецярбургу, нафтахімічную кампанію “Сібур” і “Газпрам нафту”). Як спартыўны функцыянер вядомы з канца 2000-х, калі ўзышоў на прэзідэнцтва ў ФК “Зеніт” (стартаваў з узяцця Кубка УЕФА). Падабенства з Шарснёвым - адзінагалоснае абранне кіраўніком РФС.

Апошнім часам расійскія ўра-патрыёты заяўляюць, што Дзюкаў устрымліваецца ад падтрымкі ваеннай агрэсіі супраць Украіны. Маўляў, па ягоным распараджэнні на трыбунах падчас матча за Суперкубак Расіі было забаронена разгортваць Z-транспаранты, а пасля гульні выступіў вядомы сваёй антываеннай пазіцыяй гурт “Бі-2”, які быў асвістаны фанатамі. Закідаюць Дзюкаву і тое, што РФС адмаўляецца прымаць да сябе крымскія клубы. Хутчэй жа за ўсё, 55-гадовы функцыянер проста спрабуе дамагчыся вяртання Расіі ў турніры пад эгідай УЕФА і ФІФА.

***

Як бачым, сярод футбольных босаў нашага рэгіёну кіраўнік БФФ самы сталы і адзіны, хто не мае досведу працы спартыўным топ-менеджарам. А падымаць беларускі футбол з крызісу адзяржаўлення - гэта не гіры, хай і з рэкордамі, цягаць. Што тычыцца супрацы з калегамі-суседзямі, то ва ўмовах санкцый ды ізгойства Шарснёву застаецца пакуль толькі расійскі вектар і спадзяванні, што напачатку лета выканкам УЕФА пакіне зборную Беларусі ў гаротным адборы на Еўра-2024.

Фота: delfi.lt, lff.lv

Іншыя пасты блога

Усе пасты