Tribuna/Футбол/Блоги/Беларусский футбол/Гутар нарэшце атрымаў шанц у БАТЭ (да гэтага 3 месяцы прасядзеў у запасе). Вось каму ён прайграе канкурэнцыю

Гутар нарэшце атрымаў шанц у БАТЭ (да гэтага 3 месяцы прасядзеў у запасе). Вось каму ён прайграе канкурэнцыю

Думаў, справа ў ліміце, але не.

Автор — bytribuna com
8 лістапада, 12:00
Гутар нарэшце атрымаў шанц у БАТЭ (да гэтага 3 месяцы прасядзеў у запасе). Вось каму ён прайграе канкурэнцыю

У снежні 2022-га стала вядома, што Аляксандр Гутар, на той момант ужо год як вольны агент, знаходзіцца ў «чорным спісе» так званага Мінспорту, а таму не можа ўладкавацца ні ў адным беларускім клубе. Галкіпер усё ж не завяршыў карʼеру і знайшоў варыянт за мяжой – у сакавіку 2023-га падпісаўся з «Аксу». Аднак карʼера ў КПЛ не склалася. Правёўшы тры матчы і прапусціўшы шэсць мячоў, Гутар ужо да сярэдзіны лета расстаўся з камандай і вярнуўся ў Беларусь.

У пачатку жніўня 34-гадовы галкіпер выступіў з «пакаяннем» для лукашэнкаўскіх прапагандыстаў. У прыватнасці, заявіў, што сапраўдныя патрыёты Беларусі цяпер знаходзяцца толькі ў роднай краіне, а таксама расказаў, як «яшчэ ў дзяцінстве марыў згуляць пад дзяржфлагам». Такой была расплата за ўдзел у відэа супраць гвалту.

Выхад такога інтэрвʼю дапамог атрымаць «памілаванне» ад так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука, і ў футбаліста зʼявілася магчымасць падпісацца з любым белклубам. Ужо да канца месяца варатара ў чэмпіянат Беларусі заявіў БАТЭ.

Кірыл Альшэўскі не стаў адразу кідаць у бой вопытнага гульца, нават не заявіўшы яго на матч супраць брэсцкага «Дынама» (4:0), які адбыўся на трэці дзень пасля афіцыйнай абʼявы пра вяртанне Гутара ў Барысаў праз 11 гадоў. Сваё рашэнне трэнер растлумачыў тым, што брамнік правёў з камандай усяго адно трэнаванне, і ўключэнне яго ў заяўку «было б няправільна ў дачыненні да іншых брамнікаў» БАТЭ.

З тых часоў барысаўцы правялі дзесяць матчаў у чэмпіянаце – і ў кожным Гутар быў у заяўцы, але толькі на лаўцы запасных. Альшэўскі не даў яму шанцу, нават калі каманда выдала серыю з чатырох матчаў без перамог, прапусціўшы на гэтым адрэзку шэсць мячоў.

Дэбютны матч пасля вяртання ў БАТЭ Гутар правёў толькі ў аўторак 7 лістапада, калі барысаўцы ўдома прымалі першалігавы «Астравец» у 1/8 фіналу Кубка Беларусі. На «Гарадскім» «жоўта-сінія» забілі тройчы, але і Гутар не застаўся сухім: на 45-й хвіліне брамнік спачатку выцягнуў з-пад перакладзіны хвосткі ўдар Аляксея Бялевіча, а праз два дзясяткі секунд не здолеў адбіць рыкашэт ад аднаклубніка Аляксандра Мартынава ( адзнака 4:11).

Больш да фінальнага свістка ў футбалістаў «Астраўца» небяспечных момантаў не было.

Да гэтага апошні раз у Беларусі галкіпер выходзіў на поле ў афіцыйным матчы 27 кастрычніка 2021 года, калі дапамог «Шахцёру» абгуляць у гасцях «Гомель» 3:2. Тады ягоныя вароты ўжо на 1-й хвіліне ўразіў Андрэй Салавей, а на 79-й – Вадзім Пабудзей.

Пасля фінальнага свістка Альшэўскі пахваліў Гутара за надзейнасць, за ўмелае кіраванне абаронай і за добрую гульню нагамі. Пры гэтым трэнер не гарантаваў месца варатару ў стартавым складзе, сказаўшы, што «далей трэба будзе працаваць». Вось каму Гутар пакуль прайграе канкурэнцыю.

Да сярэдзіны кастрычніка першым нумарам БАТЭ быў Андрэй Кудравец, які правёў за «жоўта-сініх» ад званка да званка ўсе матчы гэтага сезону. 21 кастрычніка галкіпер застаўся ў запасе на матч са «Славіяй» (2:0). Некаторыя гэта тлумачылі тым, што гулец можа датэрмінова адправіцца ў маскоўскае «Дынама», чыім футбалістам стаў у жніўні 2023-га. І Гутара запрашалі ў БАТЭ якраз на замену Кудраўцу.

Але аказалася, што Альшэўскі проста даў перадых свайму варатару пасля кастрычніцкіх матчаў зборных, хоць той і правёў іх у запасе. На наступнай гульні чэмпіянату Кудраўца ўжо не аказалася ў заяўцы – праз траўму, якую атрымаў на размінцы. Брамнік да гэтага часу не аднавіўся, а Альшэўскі не рызыкуе з прагнозамі, калі гэта адбудзецца. Па папярэдніх звестках, Кудравец зможа выйсці на поле толькі ў апошніх турах «вышкі».

Пасля траўмы Кудраўца стаўку ў БАТЭ зрабілі не на Гутара, а на 22-гадовага Вячаслава Дзергачова, які ўжо 11-ы сезон знаходзіцца ў структуры барысаўскага клуба. За першую каманду ён дэбютаваў летам 2021-га, калі «жоўта-сінія» ў Кубку разнасілі «Баранавічы» (6:1), – Дзергачоў на 75-й хвіліне замяніў якраз Кудраўца і не дазволіў суперніку забіць. Да восені 2023-га кіпер правёў за БАТЭ 12 матчаў ва ўсіх турнірах (вышэйшая ліга, Кубак і Ліга Еўропы), прапусціў сем мячоў і аформіў шэсць «сухароў».

Дзергачоў абараняў вароты БАТЭ ў чатырох апошніх на сёння матчах «вышкі»-2023. Тры сталі пераможнымі – са «Славіяй» (2:0), «Слуцкам» (4:3) і мінскім «Дынама» (1:0). А вось дамашні матч з «Мінскам» скончыўся паразай 1:2 на апошніх секундах.

Калі не лічыць класіка, то да Дзергачова не было вялікіх пытанняў. Галкіпер дзейнічаў упэўнена і без сурʼёзных памылак, няхай і прапусціў пяць мячоў. З іх варатарскім можна назваць хіба што другі гол «Мінска». Дзергачоў страціў раўнавагу ў штрафной, а затым даў праскочыць мячу пад нагой.

Асобна спынімся на матчы з мінскім «Дынама». У першым тайме Дзергачоў мог атрымаць чатыры галы праз ўласныя памылкі. Адразу ён загуляўся з мячом у штрафной, аднак Уладзіславу Марозаву не ўдалося пакараць галкіпера (адзнака 1:14).

Праз 26 хвілін Дзергачоў няўдала згуляў на выхадзе, а мяч са стужачкі выбіў Даніла Нячаеў (адзнака 1:50).

Адразу пасля гэтага эпізоду камеры выхапілі задумлівага Гутара на лаўцы запасных, відаць, намякаючы, што пры пяціразовым чэмпіёне Беларусі такога здарыцца не магло.

Не мінула і хвіліны, як Дзергачоў ізноў няўпэўнена выйшаў з варот, але тут жа сам пацягнуў удар ва ўпор (адзнака 2:05).

У дадатковы час да першага тайма Раман Бягуноў ледзь было не адправіў мяч за каўнер кіперу, аднак трапіў у папярэчыну (адзнака 3:09).

Пасля перапынку дынамаўцы ўжо не мелі такой колькасці момантаў, а сам Дзергачоў дзейнічаў куды больш упэўнена.

У трэнерскім штабе «жоўта-сініх» стаўку на Дзергачова тлумачаць «агульным рашэннем» і падкрэсліваюць, што наперадзе «яшчэ ёсць дастаткова гульняў, каб кожны змог праявіць сябе». Гутар месяц таму казаў, што з нецярпеннем чакае вяртання на поле, пры гэтым пазіцыя другога галкіпера як мінімум на словах яго не гняла. Стаўку на Кудраўца ветэран тлумачыў лімітам на маладых – маўляў, з дапамогай канкурэнта выконваюць патрабаванне рэгламенту, і «ў гэтым няма нічога дрэннага».

Аднак пасля траўмы Кудраўца трэнеры не даверыліся Гутару, а выпускаюць Дзергачова, які па ўзросце ўжо не ўпісваецца ў ліміт. Галоўным лімітчыкам у Барысаве стаў 19-гадовы правы абаронца Мацвей Свідзінскі. Так што тэорыя дасведчанага кіпера пакуль не вытрымлівае праверкі. Але, магчыма, матч з «Астраўцом» стане паваротным момантам і зноў зробіць Гутара асноўным.

Другие посты блога

Все посты