Старыя героі новага сезона MotoGP. Хто спрабаваў кінуць выклік Франчэску Баньяі на Гран Пры Партугаліі?
Фота: motogp.com
Дзейсны чэмпіён галоўнага матацыклетнага пяршынства планеты адкрыў новы сезон перамогай. Нават дзвюма, калі ўлічваць яшчэ і новаўвядзенне – суботні спрынт. Канкурэнтаў у яго было пры гэтым дастаткова, але некаторыя з іх памыляліся, і іншыя наогул часова выбылі з барацьбы.
Пакуль гоншчыкі займаюцца сваімі справамі, Узброеныя сілы Украіны ўжо другі год гераічна супрацьстаяць навале расійска-фашысцкіх захопнікаў. Звар’яцелы бункерны дыктатар не кідае спроб паўнавартасна ўцягнуць у вайну і Беларусь, у якой хоча размясціць ядзерную зброю. Яго рэжым – агульнасусветная праблема, і ў інтарэсах заходніх краін дапамагчы Украіне хутчэй яе вырашыць, што дапаможа вызваліцца і нашай радзіме. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!
Чэмпіянат MotoGP напэўна мог бы некалі наведаць і Расію, але ўжо дакладна не наведае. А вось Казахстан наведае ўжо ў гэтым годзе – Гран Пры гэтай краіны пройдзе ў ліпені. Стартаваў жа новы сезон у мінулы ўік-энд, і зрабіў ён гэта ўпершыню за многія гады не ў Катары, а ў Еўропе – у Партугаліі. Першы этап з дваццаці аднаго прыняла траса Альгарвэ ў Парцімане.
У міжсезонні адбылося шмат пераходаў гоншчыкаў у іншыя каманды, і некаторым, здаецца, змена месца працы пайшла толькі на карысць. Напрыклад, Джэк Мілер, былы напарнік Франчэска Баньяі па завадской Ducati даволі нядрэнна пачаў сезон у складзе Red Bull KTM Factory Racing, а Мігель Алівейра, якога аўстраліец і замяніў у складзе аўстрыйскага калектыву, нядрэнна спачуваецца ў CryptoDATA RNF MotoGP Team – сатэліце завадской Апрыліі.
Пол Эспаргара стаў гоншчыкам GASGAS Factory Racing Tech3, а таксама першым, хто на Гран Пры Партугаліі выбыў з ладу. У выніку падзення па ходу другой свабоднай практыкі іспанец атрымаў шматлікія траўмы, праз якія не прымаў удзел у наступных сесіях. Кваліфікацыя ж прынесла ўсім аматарам MotoGP пазітыўную навіну – поўл выграў суайчыннік Эспаргара і шасціразовы чэмпіён прэм’ер-катэгорыі Марк Маркес, які працягвае абараняць колеры Repsol Honda Team.
Кароль Марк усталяваў новы абсалютны матацыклетны рэкорд Альгарвэ – 1:33,226. Аднак Баньяя, які паказаў другі вынік, саступіў яму ўсяго 0,064 секунды, і было зразумела, што менавіта італьянец наважваецца стаць першым ў гонках. Прычым, у адрозненні ад Формулы 1, вынікі спрынту стартавую рашотку галоўнай нядзельнай гонкі не вызначаюць, таму шанцы Пэка бліснуць захаваліся б у любым выпадку.
Ну і сам Баньяя не сплахаваў. На старце першага ў гісторыі спрынту лідарства захаваў Маркес, аднак Франчэска на пару з гоншчыкам Prima Pramac Racing Хорхе Марцінам на мяжы першага і другога кругоў абагнаў яго на галоўнай прамой. Ужо на другім страты панесла і завадская Ducati – новы напарнік Баньяі Энеа Басціаніні, які ў мінулым годзе ўразіў усіх у складзе Gresini Racing, стаў ахвярай лоўсайду канкурэнта з Mooney VR46 Racing Team Лукі Марыні ў пятым павароце. Абодва італьянцы апынуліся ў гравіі, і для Энеа гэтая аварыя скончылася пераломам правай лапаткі.
Трэба адзначыць, што стартаваў Басціаніні вельмі нядрэнна, амаль прарваўшыся з шостай пазіцыі на другую. Таму і фінішаваць ён мог бы высока, верагодна, і з Баньяяй за перамогу пабіўся б. Хаця ў Франчэска і так засталіся моцныя канкурэнты – той жа Марцін абагнаў яго на чацвёртым кругу, а на шостым былога напарніка ззаду пакінуў і Мілер. Джэк і сам зрабіў заяўку на перамогу, распачаўшы дуэль з Марцінам, але іспанца выратавала магутнасць рухавіка яго Desmosedici GP23.
А за тры кругі да фінішу (усяго ў спрынце іх было дванаццаць) у контрнаступленне пайшоў і Баньяя. Ён спачатку абагнаў Мілера на ўваходзе ў першы паварот, а на апошнім кругу ўціску Пэка не вытрымаў і Марцін, які дапусціў памылку ў пятым павароце, чым і скарыстаўся Франчэска. Узнагароджаны ён быў перамогай у першым у гісторыі MotoGP спрынце і дванаццаццю баламі (іх у кароткіх суботніх заездах атрымлівае першая дзявятка).
Марцін задаволіўся другім месцам, а вось Мілер у шчыльнай барацьбе прапусціў Маркеса, які сам быў адкаціўся на пятую пазіцыю. Таму для Марка новы сезон пачаўся ў цэлым нядрэнна, але ў нядзелю ён сам сапсаваў сабе, магчыма, цэлы чэмпіянат. Ды яшчэ і раззлаваў партугальскіх балельшчыкаў.
Апошнія на старце галоўнай гонкі парадаваліся – Мігель Алівейра выдатна стартаваў з чацвёртай пазіцыі і захапіў лідарства. На другой пазіцыі апынуўся Марцін, трэцім быў Маркес, але ён праз кантакт з Хорхе прапусціў наперад Баньяю. Франчэска на другім кругу абагнаў Марціна з Алівейрай, а на трэцім пазбавіўся адразу трох пераследнікаў. Памылка Маркеса ў трэцім павароце прывяла спачатку да кантакту з Хорхе, а потым і да сур’ёзнага сутыкнення з Мігелем, у выніку чаго яны абодва сышлі з дыстанцыі, а Марцін, якому прыйшлося іх аб’язджаць, адкаціўся на чатырнаццатую пазіцыю (на апошніх кругах з дыстанцыі сышоў і ён).
Маркес пазней прыйшоў у боксы CryptoDATA RNF, каб папрасіць прабачэння. Не ведаю, ці прыняла іх каманда, а вось трыбуны – дакладна не, і сваю незадаволенасць яны агучылі Марку шчыра. А пасля гонкі яго пакаралі і суддзі – у наступнай гонцы ён мусіць будзе двойчы праехацца па штрафной зоне.
Толькі гэта дакладна будзе не наступны Гран Пры Аргенціны, бо яго Маркес, як і Пол Эспаргара з Энеа Басціаніні, прапусціць. Сёння на яго правым запясці была праведзеная тэрміновая аперацыя, і завадская Хонда на некаторы час ізноў засталася без іспанца. А мы ж памятаем, чым скончыўся для Марка яго хатні Гран Пры 2020 года. Неасцярожнасць шасціразовага чэмпіёна можа каштаваць яму занадта дорага.
Па ходу нядзельнай гонкі, дарэчы, па штрафной зоне праехаўся і яго новы напарнік Жоан Мір. Экс-гоншчык Suzuki (якая, нагадаю, пакінула чэмпіянат) і чэмпіён 2020 года напярэдадні на першым кругу спрынту сутыкнуўся з чэмпіёнам 2021 года Фабіа Куартарара. Пацярпеў тады больш сам Мір, які ўпаў і сышоў з дыстанцыі, але для Эль Д’ябла гэта слабае суцяшэнне – новая завадская Yamaha YZR-M1 пакуль што не едзе. Француз стартаваў толькі адзінаццатым, спрынт скончыў дзясятым, а нядзельную гонку – восьмым.
Баньяі ж за перамогу ўсё роўна прыйшлося змагацца. Пасля таго, як выбылі Алівейра, Маркес і, фактычна, Марцін, яго галоўным пераследнікам стаў гончшык Aprilia Racing Маверык Віньялес. І іспанец не проста размясціўся недзе ззаду італьянца, а ціснуў на свайго канкурэнта да самага фінішу. Праўда, Пэка выстаяў і атрымаў перамогу. Топ Ган заняў другое месца, а трэцім, прарваўшыся з сёмай пазіцыі на старце, стаў гоншчык Mooney VR46 Racing Team Марка Безэкі.
Баньяя пакінуў Парціман з 37-мю баламі і лідарствам у чэмпіянаце. Віньялес, у якога 25 ачкоў, займае другую пазіцыю, Безэкі трэці, у яго 16 ачкоў. Сярод каманд лідзіруе Ducati Lenovo Team, у якой тыя ж 37 ачкоў, што і ў Баньяі. Aprilia Racing другая, у яе 36 балаў, Red Bull KTM Factory Racing, маючы 25 ачкоў, замыкае першую тройку.
Згаданы вышэй наступны Гран Пры Аргенціны адбудзецца на трасе Тэрмас дэ Рыа Онда ўжо ў бліжэйшыя выхадныя, 31 сакавіка – 2 красавіка.