Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Узнагарода знайшла героя! Ланда Норыс нарэшце адкрыў лік сваім перамогам на Гран Пры Маямі

Узнагарода знайшла героя! Ланда Норыс нарэшце адкрыў лік сваім перамогам на Гран Пры Маямі

Узнагарода знайшла героя! Ланда Норыс нарэшце адкрыў лік сваім перамогам на Гран Пры Маямі

Фота: formula1.com

Пятнаццаць разоў на подыуме, але ніколі на яго вяршыні. Аднак шаснаццатая спроба была плённай, і пілот McLaren нарэшце атрымаў сваю першую перамогу, якую разам з ім чакалі, напэўна, усе прыхільнікі Формулы 1. Пры гэтым ўік-энд у Маямі быў для Ланда Норыса якім заўгодна, толькі не простым.

За такой гонкай ледзь не забыліся не толькі гарачыя навіны чэмпіянату свету (надыходзячы сыход з Red Bull Эдрыяна Ньюі, суд Гюнтэра Штайнэра з Haas), але і суботні спрынт з пятнічнай кваліфікацыяй да яго. Па іх выніках нішто не прадвесціла нядзельнага поспеху Норыса, а я напярэдадні галоўнага заезду ўік-энду думаў над тым, каб мае фармулёўкі пасля пасля чарговай разгромнай перамогі Макса Ферстапена не гучалі занадта дэпрэсіўна.

Траса ў Маямі выкарстоўваецца рэдка, счапленне з ёй пакідае чакаць лепшага, ды яшчэ і трэніроўка толькі адна, што не дазваляе ні толкам укаціцца, ні падабраць правільныя налады. Таму Ферстапен, выйграўшы спрынт-кваліфікацыю, потым здзіўляўся, бо ідэальнага круга так і не сабраў. Проста ўсе астатнія, па словах трохразовага і дзейнага чэмпіёна, праехалі ў фінале яшчэ горш. Той жа Норыс кваліфікаваўся наогул толькі дзявятым, і гэта было пачаткам яго цяжкасцей.

Займі брытанец на рашотцы спрынта пазіцыю павышэй – глядзіш, і не стаў бы ён ахвярай сутыкнення ў першым павароце на старце заезду пілотаў Aston Martin. Фернанда Алонса падбіў машыну Лэнса Строла, ну а той ужо выбіў Норыса, для якога, як і для канадца, спрынт на гэтым і скончыўся. Ацэнка маштабнага пакету абнаўленняў, якія McLaren разам з іншымі камандамі прывезлі ў Маямі, адклалася.

Ферстапен жа без асаблівых цяжкасцей выйграў спрынт, пяцёра гоншчыкаў следам фінішавалі таксама на тых жа пазіцыях, з якіх стартавалі. Пазмагаліся паміж сабой у гэтай групе хіба што напарнік Макса па Red Bull Серхіа Перэс і пілот RB Даніэль Рыкарда. Аўстраліец у пачатку заезду апярэдзіў быў мексіканца і падняўся на трэцюю пазіцыю, але на шостым кругу прапусціў яго ізноў, задаволіўшыся чацвёртым месцам. Але хаця б здабыў першыя ў сезоне ачкі.

Чэка ў сваю чаргу так і фінішаваў трэцім, бо ўгнацца за канкурэнтам з Ferrari Шарлем Леклерам, які заняў другое месца, не здолеў. Забягаючы наперад, дэфіцыт тэмпу Серхіа захаваўся і ў нядзелю. Суботні ж спрынт можна было б назваць нудным, але яго ад гэтага выратавалі сяміразовы чэмпіён свету з Mercedes і будучы напарнік Леклера Льюіс Хэмілтан і пілот Haas Кэвін Магнусэн.

Брытанец і датчанін па ходу спрынта змагаліся за дзявятую пазіцыю, ды так адчайна, што Кэвін сабраў ажно тры 10-секундныя штрафы за атрыманне перавагі пасля выезду за межы трасы і адзін пяцісекундны за проста парушэнне меж трасы. А Льюіс адхапіў праезд па піт-лэйне за перавышэнне хуткасці на ім падчас нейтралізацыі заезду аўтамабілем бяспекі, які пасля стартавага інцыдэнту вадзіў пелатон менавіта ўздоўж боксаў, а не па галоўнай прамой. У выніку ў пратаколе Хэмілтан апынуўся на шаснаццатым месцы, а Магнусэн – на васямнаццатым.

Пазней у суботу прайшла і кваліфікацыя да нядзельнай гонкі. І прайшла таксама чакана – поўл выйграў Ферстапен. Праехаць ідэальны круг ізноў не атрымалася ні ў каго, у тым ліку ў Перэса, які кваліфікаваўся толькі чацвёртым, прапусціўшы наперад абодвух пілотаў Ferrari. Леклер і на гэты раз быў бліжэй да Ферстапена, а Сайнс дзяліў другі шэраг з Чэка. Той паспрабаваў быў адыграцца ўжо на старце гонкі але памыліўся на тармажэнні перад першым паваротам і замест гэтага нават страціў адну пазіцыю.

Прапусціў пры гэтым Перэс пілота McLaren, але не Норыса, які стартаваў пятым, а Оскара Піастры, які пачынаў гонку следам за напарнікам і прарваўся наогул на трэцюю пазіцыю. І доўгі час здавалася, што менавіта аўстраліец стане аўтарам вялікага поспеху калектыву з Уокінга. Не перамогі, бо скласці на тым этапе гонкі канкурэнцыю Ферстапену, які ўдала стартаваў і пакрысе нарошчваў адрыў, але фінішу на подыуме, бо Оскар быў хутчэйшым за абодвух канкурэнтаў з Ferrari і не толькі не падпускаў да сябе Сайнса, але і абагнаў на чацвёртым кругу Леклера.

Неўзабаве пачалася і хваля піт-стопаў, адзіная для пераважнай часткі пелатона, якая прытрымлівалася кансерватыўнай стратэгіі са стартам на шынах Medium і пераходам на Hard. Тут і пачалося цікавае, што, аднак, стала ясна не адразу. Памылцы лідара гонкі на той момант асаблівага значэння ніхто не прыдаў. Ну збіў Ферстапен на дваццаць трэцім кругу абмежавальны слупочак у адной з шыкан, нічога страшнага, тым больш што кругам пазней нідэрландзец паехаў пераабувацца.

На трасу Макс вярнуўся чацвёртым, і мала хто сумняваўся, што неўзабаве ён верне сабе лідарства, калі боксы наведаюць яго канкурэнты наперадзе. І шанцы на перамогу Норыса, які ўзначаліў быў пелатон, выглядалі мізэрнымі. Але нечакана выявілася, што Ланда мусіць будзе ставіць скрыню піва Кэвіну Магнусэну. Менавіта яго суддзі прызналі вінаватым у сутыкненні з пілотам Williams Логанам Сарджэнтам у першым павароце на дваццаць восьмым кругу, якое прывяло да аварыі і выезду аўтамабіля бяспекі.

Так што Норыс на наступным кругу правёў фактычна бясплатны піт-стоп, захаваўшы першую пазіцыю і вярнуўшыся на трасу перад Ферстапенам. Той, вядома, атакаваў на рэстарце на трыццаць трэцім кругу, але не толькі не здолеў абагнаць Ланда, а пачаў ад яго адставаць, саступіўшы яму на фінішы болей за сем з паловай секунд. Шыны ў Макса былі старэйшымі за шыны брытанца на некалькі кругоў, і гэта, відаць, адлюстравалася на яго тэмпе. Таму лідару чэмпіянату прыйшлося задаволіцца другім месцам, а перамогу гэтым разам святкавалі ў McLaren.

З першым трыумфам Норыса віншавалі ўсе, у тым ліку Леклер, які заняў трэцяе месца, і Сайнс, які фінішаваў следам. Але ўжо пасля гонкі прапусціў на чацвёртую пазіцыю Перэса, бо атрымаў штрафныя пяць секунд за кантакт з Норысам падчас іх прынцыповай барацьбы пасля рэстарту, вынікам якой стала пашкоджанае іспанцам пярэдняе антыкрыло машыны аўстралійца, што і не дазволіла апошняму зарабіць ачкі.

Ланда, набраўшы 25, апярэдзіў таго ж Сайнса ў чэмпіянаце, падняўшыся на чацвёртую пазіцыю. Праўда, колькасць балаў у іх роўная – па 83, і за тытул ні той, ні той не змагаюцца. Як і Леклер, які з 98-мю ачкамі па-ранейшаму замыкае першую тройку, і Перэс, у якога 103 балы. Ферстапен са сваімі 136-цю ўсё роўна далёка ад іх усіх. Гэтаксама і Red Bull упэўнена лідзіруе ў Кубку канструктараў, маючы 239 ачкоў. Ferrari мае 187 і займае другую пазіцыю, McLaren са 124-ма на трэцяй.

Але ці захаваецца падобная сітуацыя ў бліжэйшыя годы – пытанне цяпер адкрытае. Бо сыход з Red Bull Эдрыяна Ньюі натуральна паўплывае на стан каманды. Хутчэй за ўсё, не глабальна, і толькі ад гэтага калектыў з Мілтан-Кінса сваю моц не разгубіць. Тым больш што там павінны былі рыхтавацца да такога варыянту развіцця падзей, які раней ці пазней усё роўна б рэалізаваўся, улічваючы ўзрост Ньюі. Але што страта будзе адчувальнай, прызнаюць усе.

У сваёй афіцыйнай заяве Эдрыян ні слова не сказаў пра ўнутрыкамандны скандал у Red Bull з удзелам Крысціана Хорнэра, які стаў адной з галоўных навін перад пачаткам сезона. Аднак зразумела, што нездаровая атмасфера ў камандзе ўсё ж такі адыграла сваю негатыўную ролю. А персанальна мяне навучыла быць смялейшым у сваіх прагнозах.

Каля я рыхтаваў перадсезоннае прэв’ю, то ўжо напісаў быў пра тое, які разбуральны эфект могуць мець меркаваныя непрыстойныя паводзіны Хорнэра для каманды. Але якраз тады прыйшлі навіны, што скандал быццам бы заціхае, і частку пра гэтую мутную гісторыю я перапісаў, паверыўшы афіцыйным заявам. Аднак як у чарговы раз выявілася, першая думка – самая правільная, і не варта сароміцца яе выказваць. Йос Ферстапен пасля абвяшчэння аб рашэнні Ньюі наогул заявіў, што Red Bull можа разваліцца,

Зрэшты, наступствы кроку Эдрыяна, якога ўсе настойліва сватаюць то ў Ferrari, то наогул у Williams, праявяцца ў аддаленай перспектыве. У бліжэйшай жа ў нас Гран Пры Эміліі-Раманьі, на якім брытанец яшчэ будзе на сваёй цяперашняй пасадзе і які пройдзе 17-19 мая. Тэлеграм-канал нашых сяброў Formuła Pieramohi | F1 распавядзе пра ўсё самае важнае са свету Вялікіх Прызоў, а наш блог і яго канал Honačnaja psichapatyja – і аб усім з іншых серый. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты