Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Вялікае свята для Адама і Прада і маленькае для Гіртса. Падводзім цікавыя вынікі мотакросавага Гран Пры Трэнціна

Вялікае свята для Адама і Прада і маленькае для Гіртса. Падводзім цікавыя вынікі мотакросавага Гран Пры Трэнціна

19 красавіка 2023, 13:03
Вялікае свята для Адама і Прада і маленькае для Гіртса. Падводзім цікавыя вынікі мотакросавага Гран Пры Трэнціна

Фота: mxgp.com

Калі гоншчык перамагае на сваім хатнім этапе – гэта заўсёды радасць і для яго, і для яго суайчыннікаў на трыбунах. На Гран Пры Трэнціна ў П’етрамураце гэтую радасць забяспечыў Андрэа Адама. Яга Гіртс і Хорхе Прада выканалі свае ўласныя задачы, але радаваліся гэтаму па-рознаму.

Непазбежная перамога Украіны ў яе змаганні з расійскім фашызмам выклікае адназначныя пачуцці ва ўсіх сумленных людзей. А вось дыктатарам усіх масцяў будзе сумна і трывожна. Вызваленне ўкраінскай зямлі наблізіць вызваленне і многіх іншых, у тым ліку беларускай. Мы зычым поспеху нашым суседзям і чакаем яго. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Вызваленне Украіны ад пакут будзе вялікім святам для ўсяго свету, а канкрэтна італьянскія фанаты мотаспорту ў мінулыя выхадныя адзначылі сваё маленькае свята. Не такое ўжо і маленькае, насамрэч. Балельшчыкі, што сабраліся на трасе Іль Чыкламіна ў італьянскай П’етрамураце віталі на вяршыні подыуму катэгорыі MX2 мясцовага гоншчыка Андрэа Адама вельмі шчыра і яскрава.

І было за што – прадстаўнік Red Bull KTM Factory Racing пастараўся на славу. Не толькі ён, канечне. Лідар чэмпіянату з Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team Яга Гіртс на старце першай гонкі выйграў хол-шот і практычна не памыляўся да самага фінішу, першым атрымаўшы адмашку клецістым сцягам.

Галоўныя падзеі разварочваліся за яго спінай, непасродна за ёй на першым кругу апынуўся яшчэ адзін завадскі гоншчык KTM Ліам Эвертс. Яго доўгі час атакаваў французскі партнёр Гіртса па камандзе Цібольт Беністан, але яго самога на дзясятым кругу – на радасць трыбунам – абагнаў Адама. А на апошнім кругу Андрэа пакінуў ззаду і Эвертса, фінішаваўшы другім.

У другой гонцы пяршынстваваў ужо гоншчык Red Bull GASGAS Factory Racing, які напярэдадні перамог і ў кваліфікацыйным заездзе. Але ў першым нядзельным немцу не пашанцавала – ён упаў на першых кругах і вымушаны быў прарывацца з васямнаццатай пазіцыі. Дзевяць ён усё ж адыграў, а другую гонку наогул пачаў хол-шотам і, як і Гіртс у першай, упэўнена кантраляваў сітуацыю да самага фінішу.

Галоўнымі дзейнымі асобамі ізноў сталі Беністан, Эвертс і Адама. Менавіта ў такім парадку яны размясціліся на пазіцыях з другой па чацвёртую адразу пасля старту. Аднак Андрэа на чацвёртым кругу абагнаў Ліама, а на шостым – і Цібольта. Француз пазней прапусціў яшчэ і бельгійца, а таксама нідэрландскага канкурэнта з Nestaan Husqvarna Factory Racing Кая дэ Вольфа, задаволіўшыся чацвёртай пазіцыяй, якая была ўсё роўна лепей за сёмую Гіртса.

Зрэшты, і яна стала выдатным дасягненнем для Яга, які на першым кругу пасля ўдзелу ў двух невялікіх завалах апынуўся на дваццаць першай пазіцыі. Па выніках усяго Гран Пры Трэнціна ён нават падняўся на ніжнюю ступень подыуму, апярэдзіўшы Лангенфельдэра, які стаў чацвёртым. Другое месца заняў Эвертс, а Адама двух другіх пазіцый хапіла, каб аформіць першую ў яго кар’еры перамогу – і акурат на хатнім этапе!

Што да Гіртса, то ён, канечне, не выглядаў задаволеным на сто адсоткаў. Аднак бельгіец захаваў чырвоную таблічку лідара чэмпіянату – у яго пасля чатырох этапаў 205 ачкоў. Адама ж выбраўся разам на другую пазіцыю! Андрэа мае 183 балы, на адзін апярэджваючы Беністана, які цяпер трэці. Сярод вытворцаў у MX2 па-ранейшаму лідзіруе Yamaha, у якой 220 ачкоў. KTM падняўся на другую пазіцыю, са 185-цю баламі ён на адзін апярэджвае Хускварну.

У старэйшай катэгорыі MXGP у кваліфікацыі ў суботу перамог гоншчык Kawasaki Racing Team Рамэн Фэвр. Але рэалізаваць перавагу ў першай нядзельнай гонцы ў француза не атрымалася – разам з Джэфры Херлінгсам і Джэрэмі Сіверам ён стаў ахвярай вялікага завалу на ўваходзе ў першы паварот ужо на самым старце. Утраіх яны адкаціліся ў самы хвост пелатону, але затым адыграліся ў рознай ступені паспяховасці: нідэрландзец з Red Bull KTM Factory Racing прарваўся на дзявятую пазіцыю, швейцарац з Monster Energy Yamaha Factory MXGP Team даехаў да шаснаццатай, а сам Фэвр фінішаваў дванаццатым.

Хол-шот жа, можна сказаць, традыцыйна выйграў іспанскі гоншчык Red Bull GasGas Factory Racing Хорхе Прада, які першым і фінішаваў. Яго пераслед на першым кругу ўзначаліў быў яго суайчыннік з завадской Хонды Рубэн Фернандэс, яго на апошніх кругах абагнаў гоншчык завадской каманды Yamaha Максім Рэно, які да гэтага правёў цэлы шэраг прыгожых абгонаў, прарываючыся з шостай пазіцыі, на якой апынуўся на першым кругу. Фернандэс фінішаваў трэцім.

Аўтарам хол-шоту другой гонкі стаў таксама Прада, але першым і фінішаваць у яго шанцаў не было. Бо не старт на гэты раз прайшоў адносна спакойна – ніхто не паваліўся. Яго не ідэальна правёў Херлінгс, які першы круг скончыў на сёмай пазіцыі, але не дарэмна ж яго завуць Куляй. Пелатон двухразовы чэмпіён галоўнай катэгорыі прашываў наогул як бранябойны снарад, і на сёмым кругу ўжо адабраў у Фэвра трэцюю пазіцыю. Наперадзе толькі Рэно з Прада і заставаліся, і пакуль Хорхе адбіваўся ад Максіма, Джэфры на адзінаццатым кругу разам пакінуў ззаду іх абодвух.

Прада пазней ізноў саступіў Рэно, задаволіўшыся трэцяй пазіцыяй. Але яе іспанцу хапіла для выніковай перамогі на Гран Пры Трэнціна. Рэно заняў другое месца, Херлінгс – трэцяе. Першым Хорхе застаўся і ў чэмпіянаце, дзе ў яго 201 ачко. Рэно адцясніў Херлінгса з другой пазіцыі на трэцюю, у іх 184 і 175 балаў адпаведна. У заліку вытворцаў на першай пазіцыі застаецца Yamaha, у якой 208 ачкоў, на пяць ад яе адстае GasGas. KTM, маючы 179 балаў, замыкае першую тройку.

Наступным этапам чэмпіянату свету па мотакросе стане Гран Пры Партугаліі. Ён пройдзе на трасе ў Агуэдзе ў апошнія выхадныя красавіка.

Іншыя пасты блога

Усе пасты