Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ралі на выжыванне. Італьянскі этап чэмпіянату свету стаў выпрабаваннем для кожнага ўдзельніка

Ралі на выжыванне. Італьянскі этап чэмпіянату свету стаў выпрабаваннем для кожнага ўдзельніка

Ралі на выжыванне. Італьянскі этап чэмпіянату свету стаў выпрабаваннем для кожнага ўдзельніка

Фота: wrc.com

Трасы афіцыйна гравійнага Ралі Сардынія ўключалі ў сябе і асфальт, а сам гравій пасля доўгіх дажджоў перад этапам WRC, а таксама па ходу яго месцамі пераўтварыўся ў гразь, часам з вялікімі лужынамі. У такіх экстрэмальных умовах новыя гібрыдныя аўтамабілі апынуліся ўпершыню, таму не дзіўна, што мала хто з удзельнікаў пазбег механічных праблем. Сутыкаўся з імі і Цьеры Нэвіль, які і атрымаў першую ў сезоне перамогу.

Мінулай ноччу расійска-фашысцкія захопнікі падарвалі плаціну Новакахоўскай ГЭС ва Украіне. Маштаб экалагічнай катастрофы, якую яны ўчынілі, яшчэ толькі мае быць ацэнены, але з кім у асобе звар’яцелага расійскага дыктатара сутыкнуўся свет, усім стала зразумела яшчэ ў лютым мінулага года. Ён праблема менавіта ўсяго свету, а не адной толькі Украіны.

Ён праблема і для беларусаў, бо толькі на ім трымаецца яго паслугач, які апанаваў нашу зямлю і кідае за краты сапраўдных патрыётаў. Мір вернецца толькі тады, калі нейтралізаваныя – любым чынам – будуць абодва. І свет абавязаны дапамагаць украінцам знішчаць акупантаў, а не заклікаць дамаўляцца з імі. З тэрарыстамі не дамаўляюцца, а знішчаюць іх. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Спартыўныя драмы на фоне ўкраінскай трагедыі – гэта проста нішто, але я быў бы шчаслівым, калі б трэба было апісваць толькі іх. Тым больш што на Ралі Сардынія, якое прайшло ў мінулыя выхадныя, іх было багата практычна ва ўсіх, хто стартаваў. Затое пакуль што зусім не зразумела, хто стане чэмпіёнам свету ў гэтым годзе (не будзем паказваць пальцам на іншае сусветнае пяршынства).

Так, дзейсны чэмпіён WRC і лідар сезона Кале Раванпэра ў Італію прыбыў з самавітым ачковым запасам. Што адначасова азначала, што ў першы дзень ён будзе чысціць трасы сваім супернікам і ад групы лідараў будзе далёка. Так і атрымалася, і практычна ўсе чацвер і пятніцу фін правёў унізе першай дзясяткі. За лідарства ў гэты час бароліся яго партнёр па Таёце, васьміразовы чэмпіён свету Себасцьен Аж’е і гоншчык Hyundai Эсапека Лапі.

Француз, нагадаю, другі год запар выступае па скарочанай праграме, але ў гэтым годзе толькі ён пакуль што перамог двойчы – у Монтэ-Карла і Мексіцы. Перад візітам на Сардынію у чэмпіянаце ён займаў трэцюю пазіцыю і меў выдатную магчымасць падняцца вышэй. Тым больш што ў суботу Сэб перахапіў у Лапі ініцыятыву і лідарства ў гонцы. Але на першай пазіцыі француз пабыў толькі да чатырнаццатага спецучастка Эрула-Тула 2, перадапошняга з суботніх.

Калі ўдзельнікі ралі дабраліся да яго, пачаўся моцны дождж. Як потым паведаміў сам Аж’е, яго нага саслізнула з педалі тормазу (магчыма, у какпіт пранікла вада падчас штурму глыбокіх лужын – гоначныя машыны зусім не герметычныя), у выніку чаго ён меней чым праз паўтары кіламетры пасля старту не ўпісаўся ў левы паварот і з’ехаў у кювет. Там апынуўся не ўвесь яго GR Yaris Rally1, але і рухацца машына ўжо не магла.

З горам папалам Себасцьен неяк вызваліўся, але разам адкаціўся на восьмую пазіцыю. А ў нядзелю сутыкнуўся з новай бядой, калі пасля пераадолення чарговай воднай перашкоды на яго аўтамабілі выйшла з ладу гібрыдная сістэма, у выніку чаго Себасцьен заняў толькі чатырнаццатае месца. З падобнымі праблемамі яшчэ ў суботу сутыкнуўся чэмпіён 2019 года От Цянак, які выступае за M-Sport Ford. Ён фінішаваў наогул сямнаццатым, а аб перамозе перастаў марыць яшчэ ў пятніцу, калі на яго Puma Rally1 зламалася вадзяная помпа, прымусіўшы яго скінуць тэмп, каб не перагрэць рухавік.

Намучыўся ў другі спаборніцкі дзень і пераможца гонкі – на Hyundai i20 N Rally1 Нэвіля не працаваў ручны тормаз. Гэта, зрэшты, не дужа запаволіла бельгійца, і пятніцу ён скончыў на трэцяй пазіцыі. Перад суботай праблема была вырашаная, а ў складаных умовах пад канец дня Цьеры яшчэ і паднаціснуў, вырваўшыся ў лідары. Дзеля справядлівасці, яму мімаволі дапамог Лапі, які крыху запаволіўся, пабачыўшы машыну Аж’е, што звісала над кюветам. Аднак яго адставанне ад партнёра па камандзе ў 36,4 секунды тлумачылася найперш хуткасцю гэтага партнёра.

У нядзелю Нэвіль чакана асцярожнічаў, у прыватнасці, на фінальным суперспэшле ён паказаў толькі сёмы вынік. Хутчэйшым за ўсіх, зарабіўшы пяць бонусных балаў, там стаў Раванпэра, які сур’ёзных непрыемнасцей па ходу ралі пазбег і заняў трэцяе месца. Цьеры ж перамог, прысвяціўшы свой поспех Крэйгу Брыну, які загінуў перад этапам у Харватыі. Лапі заняў другое месца, прынёсшы камандзе дубль.

Перамога Нэвіля дазволіла яму скочыць з пятай пазіцыі ў чэмпіянаце адразу на другую. У яго цяпер 93 ачкі, хаця ад Раванпэры ён адстае пакуль заўважна – той мае 118 балаў. Цянак апусціўся на трэцюю пазіцыю, з 85-цю ачкамі ён на два апярэджвае яшчэ аднаго таётаўца Элфіна Эванса, які ў Італіі фінішаваў чацвёртым. Toyota працягвае лідзіраваць у заліку вытворцаў і мае 235 ачкоў, хаця адставанне Hyundai, у якой 212 балаў, ужо не велізарнае. M-Sport Ford са 148-ю баламі на трэцім радку.

У малодшай катэгорыі WRC2 на Сардыніі ўсё вырашылася на фінальным суперспэшле, на якім з кіраваннем сваім Ford Fiesta Rally2 не справіўся і вылецеў з трасы Адрыен Фурмо. Француз перад гэтым лідзіраваў з запасам у трыццаць адну секунду перад нарвежцам Андрэасам Мікельсэнам на Škoda Fabia RS, які ў выніку і перамог у класе.

Другое месца заняў фін Цеэму Сунінен, які яшчэ ў пятніцу пазбавіўся магчымасці паспрачацца за перамогу праз паломку задняй падвескі свайго Hyundai i20 N. Ад Мікельсэна ён адстаў болей чым на дзве хвіліны. Трэцім фінішаваў паляк Каетан Каетанавіч, які выступае на Škoda Fabia RS.

У WRC3, дзе, як і ў юніорскім чэмпіянаце свету, усе выступаюць на аднолькавых Ford Fiesta Rally3, лепшым стаў фін Роопэ Корханен. Для яго Ралі Сардынія таксама не абышлося без прыгод – аварыя з пераваротам у суботу раніцай каштавала яму каля хвіліны і лідарства ў гонцы.

Першая пазіцыя пасля гэтага перайшла якраз да юніора Вільяма Крэйтана, які затым злавіў пракол і ўсё ж такі саступіў Корханену перамогу, задаволіўшыся другім месцам. Трэцяе заняў іспанец Рабэрта Блах. Затое сярод юніораў перамог якраз Крэйтан, які выдатна выступіў у складаных надворных умовах у суботу. Другое месца заняў парагваец Дыега Дамінгес, на ніжнюю ступень подыуму і тут падняўся Блах.

Наступным прыпынкам WRC стане Кенія. Легендарнае Сафары Ралі пройдзе 22-26 чэрвеня.

Іншыя пасты блога

Усе пасты