Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/І тут ізноў прыйшоў Аж’е! Васьміразовы чэмпіён свету нікому не пакінуў шанцаў на Ралі Кенія

І тут ізноў прыйшоў Аж’е! Васьміразовы чэмпіён свету нікому не пакінуў шанцаў на Ралі Кенія

27 чэрвеня, 17:36
І тут ізноў прыйшоў Аж’е! Васьміразовы чэмпіён свету нікому не пакінуў шанцаў на Ралі Кенія

Фота: wrc.com

Себасцьен Аж’е ў гэтым годзе прапусціў два этапы WRC з сямі, што прайшлі, але фактычна ўсё роўна ўдзельнічае ў чэмпіёнскай гонцы. Перамога на Ралі Кенія дазволіла яму яшчэ наблізіцца да лідараў.

Два звар’яцелыя дыктатары, якія ў мінулым годзе напалі на Украіну, наблізілі найперш падзенне сваіх фашысцкіх рэжымаў. Яны не могуць кантраляваць нават сваіх паслугачоў, чые амбіцыі паскораць гібель імперыі і вызваленне і ўкраінскага народа, і беларускага. Хаця галоўную нашу падзяку за гэта атрымаюць Узброеныя сілы Украіны. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Свае героі ёсць і ў гонках, і ў перамогі свае яны таксама вераць. Вось як васьміразовы чэмпіён свету па ралі Себасцьен Аж’е, які ўжо другі год выступае па скарочанай праграме. Не такой ужо і скарочанай, зрэшты – пропуск двух этапаў у Швецыі і Партугаліі не так пахіснуў яго пазіцыі, як няўдача ў Італіі. Затое яго перамога ў Кеніі ў мінулы ўік-энд стала трэцяй у сезоне, болей пакуль няма ні ў каго з канкурэнтаў.

Дзеля справядлівасці, частцы тых канкурэнтаў Сэба на Ралі Сафары моцна не пашанцавала. Гоншчык Hyundai Цьеры Нэвіль, напрыклад, сабраў цэлы букет разнастайных праблем. Ён быў хуткім практычна ўсю пятніцу, але на перадапошнім у гэты дзень шостым спецучастку бясконцых скокаў на кенійскіх купінах не вытрымала пярэдняя падвеска яго i20 N Rally1.

Бельгіец вярнуўся ў лад у суботу па сістэме Rally 2 і здолеў заняць восьмае месца, але пазней быў дыскваліфікаваны. Выявілася, што нейкі знаёмы Нэвіля, імя якога не называецца, адправіўся на трасу пасля афіцыйнага азнаямлення з ёй. Цьеры пацвердзіў, што ведае гэтага чалавека, і патлумачыў, што папрасіў яго паглядзець, ці прыбраныя з дарогі камяні, але такое тлумачэнне не задаволіла суддзяў.

Цяжка прыйшлося і гоншчыкам M-Sport Ford. І От Цянак, і П’ер-Луі Любэ ў пятніцу не пазбеглі праколаў і адкаціліся далёка ад групы лідараў. З эстонцам такая непрыемнасць здарылася і ў суботу, праз што ён фінішаваў толькі шостым. Француз стаў восьмым толькі пасля дыскваліфікацыі Нэвіля, чый партнёр па камандзе Эсапека Лапі таксама не пазбег тэхнічных праблем – у суботу на яго машыне зламаўся карданны вал, і фін апынуўся па выніках ралі нават за межамі першай дзясяткі, хаця да паломкі паспеў прарвацца нават у першую тройку.

Так што значную частку дыстанцыі Ралі Кенія за перамогу спрачаліся гоншчыкі Таёты, якія ў выніку занялі ўсе першыя чатыры месцы. Спрэчку за перамогу з раніцы пятніцы вялі Аж’е і дзейсны чэмпіён Кале Раванпэра. Прычым без праблем не абышлося і ў француза – на яго GR Yaris Rally1 на першых допах барахліла гібрыдная сістэма. На сэрвісе праблема, зрэшты, была вырашаная, і васьміразовы чэмпіён не проста не прапусціў Раванпэру па выніках пятніцы, а нават адарваўся ад яго на 22,8 секунды.

У суботу Аж’е, праўда, прыйшлося складаней. Не такой бядой быў дождж, які пераўтварыў пыльныя дагэтуль дарогі 31-кіламетровага спецучастка Sleeping Warrior у гразь, слізкую, нібы лёд. Вось два павольныя праколы перашкодзілі Себасцьену значна болей – яго перавага перад Раванпэрай па выніках дня скарацілася да 16,7 секунды. А ў нядзелю ён дзесьці згубіў крышку багажніка свайго Ярыса разам з заднім антыкрылом, пасля чаго какпіт аўтамабіля напоўніўся пылам.

У Раванпэры часткова атрымалася скарыстацца цяжкасцямі свайго знакамітага партнёра па камандзе, у лабавое шкло машыны якога на фінальным суперспэшле яшчэ і камень прыляцеў. Фін скараціў адставанне ад Себасцьена да 6,7 секунды, але так і застаўся другім. Трэцяе месца заняў Элфін Эванс, якому проста не хапіла тэмпу, каб угнацца за двума чэмпіёнамі.

Такамота Катсута, які ў Кеніі забяспечыў сваіх механікаў кузаўной працай (а яшчэ на яго машыне выходзіла з ладу гібрыдная сістэма), стаў чацвёртым. Ну а лепшым з астатніх аказаўся гоншчык Hyundai Дані Сорда, які нягледзячы на паломку ўзмацняльніка стырна на шаснаццатым спецучастку скончыў ралі пятым.

Дыскваліфікацыя Нэвіля адкінула яго з другой пазіцыі ў чэмпіянаце на пятую, ён застаўся з 93-ма ачкамі. Наперадзе цяпер і Цянак, і Аж’е, якія кожны маюць па 98 балаў, але француз, які перамагаў часцей, знаходзіцца вышэй – на трэцяй пазіцыі. Усяго на адно ачко іх абодвух апярэджвае Эванс. Брытанец цяпер з’яўляецца галоўным пераследнікам Раванпэры, які лідзіруе, маючы 140 ачкоў. Toyota першая сярод вытворцаў – у яе 285 ачкоў супраць 237-мі ў Hyundai. M-Sport Ford, у якога 175 балаў, па-ранейшаму на трэцяй пазіцыі.

На аддаленыя ад Еўропы этапы чэмпіянату свету па ралі не заўсёды выбіраюцца пастаянныя ўдзельнікі малодшых катэгорый, але ў Кеніі іх хапала. У WRC2 гучных імён было багата, носьбіты двух такіх – Каетан Каетанавіч і Грэгуар Мюнстэр – і спрачаліся доўгі час за перамогу, пакуль на Ford Fiesta Rally2 маладога люксембуржца не ўзніклі праблемы ў суботу вечарам.

Паляк на сваёй Škoda Fabia Evo пасля гэтага ўпэўнена давёў справу да перамогі. Другое месца заняў чэх Марцін Пракоп, які выступае на Fiesta Rally2, а замкнуў першую тройку мясцовы герой Карл Флэш Тунда на Шкодзе.

У WRC3, дзе ва ўсіх аднолькавыя Ford Fiesta Rally3, перамогу атрымаў Дыега Дамінгес. У мінулым годзе парагвайцу ў Кеніі не пашанцавала – ён патрапіў у аварыю. Таму гэтым разам ён спярша асцярожнічаў, і правільна рабіў. Яго галоўны ў пачатку ралі канкурэнт, яшчэ адзін мясцовы гоншчык Хамза Анвар злавіў у пятніцу тры праколы, што дазволіла Дамінгесу захапіць упэўненае лідарства.

Ні ўгнаўся за ім ні канадзец Джэйсан Бэйлі, якога дадаткова запаволілі прабіты картэр рухавіка і зламанае кола, ні яшчэ адзін кеніец МакРэй Кіматі, які ў нядзелю сутыкнуўся з паломкай стырнавога кіравання. Яны ў выніку занялі другое і трэцяе месцы адпаведна.

Сезон WRC працягнецца ўжо ў Еўропе – 20-23 ліпеня пройдзе Ралі Эстонія.

Іншыя пасты блога

Усе пасты