Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Разагналіся! Рамэн Фэвр і Яга Гіртс працягнулі свае пераможныя серыі на мотакросавым Гран Пры Чэхіі

Разагналіся! Рамэн Фэвр і Яга Гіртс працягнулі свае пераможныя серыі на мотакросавым Гран Пры Чэхіі

Разагналіся! Рамэн Фэвр і Яга Гіртс працягнулі свае пераможныя серыі на мотакросавым Гран Пры Чэхіі

Фота: mxgp.com

Французскі гоншчык Kawasaki Racing Team за чэмпіёнства ў старэйшай катэгорыі MXGP змагаецца толькі намінальна, але ўсё роўна не губляе матывацыі. У бельгійца з Monster Energy Yamaha Factory MX2 Team яна і так высокая, бо ў MX2 ён па-ранейшаму прэтэндуе на тытул. Абодва перамаглі ў Чэхіі, але па-рознаму.

Праз паўтары гады пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны еўрапейскія чыноўнікі здагадаліся, што ў злачынствах супраць нашых суседзяў вінаваты і калгасны дыктатар, які апанаваў Беларусь. Аднак лепей позна, чым ніколі, і мы таксама заклікаем сусветную супольнасць прыцягваць да адказнасці ўсіх удзельнікаў і саўдзельнікаў агрэсіі супраць украінцаў і беларусаў, а таксама рашуча дапамагаць УСУ. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Пакуль украінскія героі займаюцца сваёй цяжкай справай, гоншчыкі робяць сваю, часам таксама вельмі няпростую і небяспечную. Кожны мотакрасмэн хутка саб’ецца з ліку, калі ў яго спытаюць, колькі разоў за кар’еру ён падаў і атрымліваў траўмы. З Яга Гіртсам, які яшчэ нядаўна лідзіраваў у малодшай катэгорыі чэмпіянату свету MX2, такая непрыемнасць здарылася зусім нядаўна, у Францыі, праз што ён прапусціў і той французскі этап, і наступны латвійскі.

Вяртацца з, так бы мовіць, бальнічных цяжка заўсёды, і ў Германіі бельгійцу з завадской Ямахі было няпроста. Аднак чым далей, тым лепей шлі яго справы, і ўжо папярэдні Гран Пры Ламбока ён выйграў, а ў мінулыя выхадныя паўтарыў поспех у чэшскім Локеце. Праўда, Яга ізноў прыйшлося напружыцца, бо нікуды не дзелася і матывацыя яго канкурэнтаў.

У прыватнасці, у цяперашняга лідара чэмпіянату Андрэа Адама. Італьянец з Red Bull KTM Factory Racing у суботу выйграў кваліфікацыйны заезд, але ў першым з нядзельных яму не пашанцавала – разам са сваім партнёрам па камандзе Ліамам Эвертсам ён паўдзельнічаў у адным з некалькіх завалаў на першым кругу. Тое, што Андрэа здолеў прарвацца з хваста пелатона на трынаццатае месца, а Ліам – на чатырнаццатае, можна лічыць поспехам для абодвух.

Вось Гіртс непрыемнасцей на старце пазбег, адразу захапіў лідарства і да самага фінішу кантраляваў адрыў ад канкурэнта з F&H Kawasaki Racing Team, які адразу апынуўся на другой пазіцыі і на ёй жа гонку і скончыў. Трэцім жа фінішаваў яшчэ адзін з фаварытаў сезона, гоншчык Nestaan Husqvarna Factory Racing Кай дэ Вольф. Другі заезд для нідэрландца склаўся крыху меней удала – ён атрымаў адмашку клецістым сцягам чацвёртым.

Выдатна – хол-шотам – другую гонку пачаў прадстаўнік Red Bull GasGas Factory Racing Сімон Лангенфельдэр. Але свае планы на першую пазіцыю знайшліся і ў Адама, які гэтым разам пазбег непрыемнасцей на старце. Пасля першага круга ён быў шостым, аднак затым пакінуў ззаду некалькіх супернікаў, у тым ліку Гіртса, а на адзінаццатым кругу абагнаў і Лангенфельдэра, які ў выніку фінішаваў другім.

Трэцяя пазіцыя стала ў другім заездзе максімумам для Гіртса, што, аднак, не перашкодзіла яму атрымаць выніковую перамогу на Гран Пры. Другое месца заняў Лангенфельдэр, дэ Вольф падняўся на ніжнюю ступень подыуму. Адама стаў пятым, аднак захаваў чырвоную таблічку лідара чэмпіянату – у яго 531 ачко супраць 496-ці ў дэ Вольфа, які падняўся на другую пазіцыю. Але Гіртс, які ў сваю чаргу падняўся на трэці радок (яго партнёр па камандзе Цібольт Беністан праз траўму ў кваліфікацыі этап прапусціў), ужо блізка і саступае Каю ўсяго пяць балаў. Yamaha з 634-ма ачкамі па-ранейшаму першая сярод вытворцаў у MX2, Husqvarna, у якой 590 балаў, застаецца другой, KTM трэці і мае 574 ачкі.

Вось у старэйшай катэгорыі MXGP у KTM усё меней вясёлкава – бадай што галоўны забойшчык аўстрыйскай маркі Джэфры Херлінгс працягвае лячыцца пасля няўдалага падзення ў Тойчэнтале, праз што яму прыйшлося прапусціць і чэшскі этап. Але ёсць і добрыя навіны – пакуль што яшчэ дзейсны чэмпіён свету Цім Гайсэр нарэшце вярнуўся ў лад. Канечне, славенец нават не думае пра абарону тытулу, яго задача зараз набрацца сіл перад наступным сезонам, і яе завадскі гоншчык Хонды пакуль што паспяхова выконвае.

Выступіў Цім у Чэхіі, дарэчы, нядрэнна: шостае месца ў кваліфікацыйнай гонцы, дзявятае ў першай надзельнай і пятае ў другой. Барацьба ж за перамогу развярнулася паміж іншымі гоншчыкамі, і першым прэтэндэнтам на вяршыню подыуму быў, вядома, лідар чэмпіянату з завадской каманды GasGas Хорхе Прада. Іспанец быў першым у кваліфікацыйнай гонцы і мог бы быць першым у першай з нядзельных, калі б не Рамэн Фэвр, які перахапіў у яго лідарства хутка пасля старту.

Зрэшты, французу з завадскога калектыву Kawasaki Хорхе ўсё ж такі саступаў занадта, і не толькі яму. На чатырнаццатым кругу ён прапусціў наперад і Джэрэмі Сівера, які кругам раней абагнаў свайго партнёра па Monster Energy Yamaha Factory MXGP Team Глэна Колдэнхофа. Швейцарац за астатнюю дыстанцыю нават дагнаў Фэвра, але апярэдзіць не паспеў, фінішаваўшы ў 0,822 секунды ад яго на другой пазіцыі. Прада ў сваю чаргу стрымаў Колдэнхофа ззаду і скончыў гонку трэцім.

Сівер бліснуў таксама і на старце другога заезду, выйграўшы хол-шот. І ўжо ён стаў патэнцыйнай ахвярай Фэвра, які на другім кругу ў спрэчцы за другую ж пазіцыю абышоў Прада. Джэрэмі Рамэн пакінуў ззаду на шостым кругу, але спакою не атрымаў – ззаду ўжо накочваў яшчэ адзін гоншчык Ямахі Кэльвін Влаандэрэн. Нідэрландзец абагнаў Прада на трэцім кругу, а Сівера на сёмым, пачаўшы ціснуць на Фэвра. І ціск, відаць, спрацаваў – на шаснаццатым кругу француз упаў, адкаціўшыся на чацвёртую пазіцыю.

Чацвёртым Рамэн і фінішаваў, Влаандэрэн стаў першым, Прада паспеў адцясніць Сівера з другой пазіцыі на трэцюю. Аднак пераможцам Гран Пры ўсё роўна аказаўся Фэвр. Прада заняў другое месца, Сівер – трэцяе. Толькі ў чэмпіянаце француз у іспанца не адыграў амаль нічога, і Чэхію ён пакінуў, маючы 510 балаў супраць 614-ці ў Прада. Хіба што сам Рамэн пакуль што знаходзіцца ў бяспецы адносна Сівера, які з 465-цю ачкамі цяпер замыкае першую тройку. Ну і Kawasaki сваімі поспехамі Фэвр вывеў на трэцюю пазіцыю ў заліку вытворцаў, дзе японская марка мае 526 ачкоў. Yamaha, у якой 602 балы, другая, а на першай пазіцыі з 620-цю ачкамі GasGas.

Сезон сусветнага мотакросу працягнецца ў бліжэйшы ўік-энд у бельгійскім Ломелі, дзе пройдзе Гран Пры Фландрыі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты