Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/LMDh супраць LMH на японскім этапе WEC

LMDh супраць LMH на японскім этапе WEC

12 верасня, 18:15
LMDh супраць LMH на японскім этапе WEC

Фота: fiawec.com

Не зашмат абрэвіятур у загалоўку? Але менавіта ў такім выглядзе ён найдакладнейшым чынам апісвае падзеі этапу чэмпіянату свету па аўтагонках на цягавітасць, што ў мінулы ўік-энд прайшоў на трасе Фудзі.

Звар’яцелы расійскі дыктатар ад пачатку сваёй агрэсіі супраць Украіны не меў шанцаў яе скарыць нават з дапамогай свайго паслугача ў Беларусі, не ўратуе яго і калега-дыктатар з КНДР. Аднак цывілізаваны свет павінен разумець, што ў бяспецы ён будзе толькі тады, калі тыраны будуць атрымліваць па зубах. Таму на нарадзе дня мусіць стаяць вызваленне ад акупантаў не толькі ўкраінцаў, але і беларусаў. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

У гоначных чэмпіянатаў праблемы значна прасцейшыя, хаця менавіта для іх часам вельмі важныя. У многіх у гэтым годзе ўсталявалася дамінаванне асобных гоншчыкаў і каманд, што не натхняе аматараў гэтага віду спорту. У WEC, напрыклад, амаль заўсёды перамагае Toyota. Так, яна саступіла была Ferrari ў Ле Мане, але ўжо на хатнім для італьянцаў этапе ў Монцы вярнулася на вяршыню подыуму, а ў сябе дома на трасе Фудзі (яна фактычна Таёце і належыць) заваявала дубль і, датэрмінова, тытул у заліку вытворцаў.

Хаця канкурэнты ў яе знайшліся, прычым не з кола фаварытаў. У гэтым годзе ў марафонскім чэмпіянаце з’явілася падкатэгорыя LMDH – прататыпаў на базе шасі LMP2 са стандартнай гібрыднай сістэмай на задняй восі. Такія машыны наўпрост канкурыруюць з гіперкарамі, якія могуць быць як з гібрыдным складнікам і поўным прывадам, так і без іх, але да этапу ў Японіі бліскалі хіба што лакальна, хаця належаць у асноўным завадскім камандам. Адна з іх – Porsche Penske Motorsport – і паспрабавала ў мінулую нядзелю заявіць пра сябе ў гонцы 6 гадзін Фудзі.

Шосты экіпаж у складзе Кэвіна Эстрэ, Андрэ Лотэрэра і Лоўрэнса Вантора нядрэнна выступіў і ў кваліфікацыі, паказаўшы трэці вынік. Толькі Таёты наперадзе і засталіся – Майк Конвэй, Камуі Кабаяшы і Хасэ-Марыя Лопес на сёмай машыне заваявалі поўл, а іх калегі з восьмага экіпажа Себасцьен Буэмі, Брэндан Хартлі і Рыючы Хіракава раздзялілі з імі першы шэраг. Аднак Конвэй з Буэмі, якія праводзілі стартавыя адрэзкі, абодва памыліліся ўжо на старце, апынуўшыся за межамі трасы ў першым павароце.

Верагодна брытанец са швейцарцам не здолелі падняць тэмпературу шын да працоўнай за два прагрэўныя кругі – гэта ў бягучым сезоне з забаронай грэлак стала ўсеагульнай праблемай. Так ці інакш лідарства ў самым пачатку захапіў Вантор, прычым першую пазіцыю яго экіпаж утрымліваў цягам практычна ўсёй першай паловы дыстанцыі.

Канечне, не абышлося без хітрыкаў – на першых піт-стопах каманда залівала ў бак шостай Porsche 963 меней паліва, эканомячы час яшчэ і на дазапраўках. Вядома, і самі адрэзкі пры гэтым атрымліваліся карацейшымі, таму спачатку сёмы, а потым і восьмы гіперкар Toyota GR010 Hybrid усё роўна апынуліся наперадзе. Але Эстрэ, Лотэрэр і Вантор усё роўна дабіліся лепшага ў сезоне выніку, падняўшыся на ніжнюю ступень подыуму.

Яны, дарэчы, сталі адзіным нетаётаўскім экіпажам, хто фінішаваў у адным кругу з Конвэем, Кабаяшы і Лопесам, якія і атрымалі перамогу. А восьмаму экіпажу, які заняў другое месца, шосты наогул саступіў не так і шмат – крыху болей за восем з паловай секунд. Усе астатнія, як пяцідзясяты экіпаж Ferrari AF Corse ў складзе Антоніа Фуока, Мігеля Маліны і Нікласа Нільсэна адсталі ад пераможцаў на круг і болей.

У экіпажаў катэгорыі LMP2 барацьба зараз прынцыповая, бо з наступнага сезона такія машыны будуць з’яўляцца на старце толькі сутачнага марафону ў Ле Мане. Тым прыемней было гоншчыкам сорак першага экіпажа Team WRT Руі Андрадэ, Роберту Кубіцы і Луі Дэлетразу апярэдзіць канкурэнтаў з дваццаць другога экіпажа United Autosports Фрэдэрыка Лубіна, Філіпа Хансана і Філіпэ Альбукерке і фінішаваць першымі.

Стартавалі яны пры гэтым другімі, непасродна за машынай двух брытанцаў і партугальца, якія лідзіравалі доўгі час. Чаму, зрэшты, нявольна паспрыяў Джошуа Пірсан з іх сястрынскага дваццаць трэцяга экіпажа, у якім выступаюць таксама Бэн Хэнлі і Олівер Джарвіс – малады амерыканец сутыкнуўся на старце з прататыпам пад кіраваннем Андрадэ, за што атрымаў штрафныя дзесяць секунд на піт-стопе.

А Хэнлі падчас сваёй змены не падзяліў трасу з чацвёртым гіперкарам Floyd Vanwall, калі тым кіраваў Хуан Паўла дэ Алівейра. Гэта дазволіла вярнуцца на другую пазіцыю экіпажу сорак першай Oreca 07, якой на той момант кіраваў Дэлетраз, які пазней вырваў і лідарства ў Хансана, абагнаўшы яго.

Зрабіў гэта пазней і Робін Фрайнс, які разам з Шонам Гелаэлем і Фердзінандам Габсбургам-Латрынгена выступае ў трыццаць першым экіпажы Team WRT. Аднак у калектыву Венсана Воса дубля не атрымалася – Альбукерке паспеў правесці выніковую контратаку і абараніў другое месца для свайго экіпажа. Фрайнс, Гелаэль і Габсбург-Латрынген замкнулі першую тройку.

Становішча ў першай тройцы катэгорыі LMGTE Am вызначалася ўжо пасля подыумнай цырымоніі. Такешы Кімура, Скот Хафакер і Рытома Міята з пяцьдзесят сёмага экіпажа Kessel Racing, якія занялі другое месца, пасля дзесяцісекунднага штрафу апусціліся на трэцяе. Пакаранне яны атрымалі за перавышэнне хуткасці падчас нейтралізацыі рэжымам віртуальнага аўтамабіля бяспекі. За выключэннем гэтага прыкрага моманту гонку экіпаж правёў нядрэнную, прарваўшыся з пятай пазіцыі на старце.

Барацьба традыцыйна для кузаўнога класу была напружанай ад старту да фінішу, лідар мяняўся неаднаразова. І для пяцьдзесят чацвёртага экіпажа AF Corse ў складзе Томаса Флора, Франчэска Кастэлачы і Давідэ Рыгона у пачатку гонкі перамогай нават не пахла. Па-першае, стартавала швейцарска-італьянскае трыа толькі з дзясятай пазіцыі, а па-другое, іх Ferrari 488 GTE Evo пабілася бакамі аб машыны канкурэнтаў.

Дакладней, машыны канкурэнтаў аб яе. Так, у першай палове гонкі Бэн Кіцінг, які разам з Нікаласам Варонэ і Нікі Катсбургам выступае на трыццаць трэцім Chevrolet Corvette C8.R каманды Corvette Racing, піхнуў у бок пяцьдзесят чацвёртую Ferrari. За гэта яго экіпаж атрымаў штраф Stop&Go ажно ў трыццаць секунд і выбыў з кола прэтэндэнтаў на перамогу, хаця стартаваў з поўла.

Няпроста, вядома, прыйшлося і будучым пераможцам, якім пасля гераічнага прарыву на трэцюю пазіцыю прыйшлося адыгрывацца ізноў. Аднак з гэтым яны справіліся, а асабліва бліснуў Кастэлачы, якому ўдалася навязаць барацьбу жалезным дзяўчатам з каманды Iron Dames – Сары Баві, Мішэль Гацінг і Рахель Фрэй на восемдзесят пятай Porsche 911 RSR 19, якія таксама прэтэндавалі на перамогу. Франчэска і заваяваў лідарства для свайго экіпажа, а Рыгон затым давёў справу да перамогі.

Баві, Гацінг і Фрэй жа ў выніку не ўдалася ўтрымацца нават у першай тройцы. Згаданыя пяцьдзесят сёмы экіпаж Kessel Racing і трыццаць трэці Corvette Racing усё роўна былі хутчэй за дзяўчат, якія скончылі гонку чацвёртымі. Прытым што калегам Кіцінга пасля яго промаху прыйшлося эканоміць паліва. На фінішы яны замкнулі першую тройку, а пасля штрафу Кімуры, Хафакера і Міяты падняліся на другое месца ў пратаколе.

Як было адзначана вышэй, гонка 6 гадзін Фудзі вызначыла пераможца ў камандным заліку чэмпіянату свету, якім са 178-мю ачкамі стала Toyota. Ferrari саступае ёй сорак балаў і захоўвае другую пазіцыю. Відаць, і захавае, бо Porsche хоць і паднялася на трэці радок, але мае толькі 81 бал. Пераможцы заліку гоншчыкаў яшчэ толькі маюць вызначыцца. Стаць імі болей шанцаў у Хартлі, Хіракавы і Буэмі, якія лідзіруюць, маючы 133 ачкі супраць 118-ці ў Лопеса, Кабаяшы і Конвэя, якія займаюць другую пазіцыю. Замыкаюць першую тройку пераможцы Ле Мана Алесандра П’ер Гуідзі, Антоніа Джавінацы і Джэймс Калада, у якіх 102 ачкі і якія ў Фудзі фінішавалі пятымі.

Наперадзе ў сезоне WEC 2023 года засталася адзіная гонка – 8 гадзін Бахрэйна, якая пройдзе 4 лістапада.

Іншыя пасты блога

Усе пасты