Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Новая эра? Разбіраемся, наколькі змяніўся сусветны Супербайк у новым сезоне

Новая эра? Разбіраемся, наколькі змяніўся сусветны Супербайк у новым сезоне

Новая эра? Разбіраемся, наколькі змяніўся сусветны Супербайк у новым сезоне

Фота: worldsbk.com

У мінулы ўік-энд у Аўстраліі на трасе Філіп-Айлэнд пачаўся новы сезон чэмпіянату свету па Супербайку. Яго арганізатары называюць яго не іначай, як новай эрай, але ці на самой справе такія гучныя словы пасуюць?

Змянілася ў параўнанні з папярэднім сезонам на самой справе многае. Галоўнымі навінамі сталі, канечне, пераходы чэмпіёна 2021 года Топрака Разгатліоглу з заводскай Ямахі ў заводскую ж BMW і шасціразовага чэмпіёна Джонатана Рэя на яго месца з таксама заводскай Kawasaki. Адно толькі гэта заўважна змяніла расклад сіл, што было бачна на першым жа этапе.

Тэхнічны рэгламент WSBK застаўся збольшага ранейшым, але арганізатары працягнулі свае спробы ўсунуць палкі ў колы заводскіх Ducati Panigale V4R. Надта ўжо хуткім два гады запар быў двухразовы і дзейны чэмпіён Альвара Баўціста, якому дапамагала яшчэ і яго вага – у іспанцу меней за 60 кілаграмаў, што, напэўна, нават меней за маю вагу адразу пасля ІЧУ. Таму ён на свой матацыкл атрымаў найбольшы баласт – 10 кілаграмаў.

Баласт гэты атрымліваюць усе гоншчыкі, чыя вага меней за эталонную – 80 кілаграмаў ва ўсёй экіпіроўцы, з разліку палова кілаграму за недахоп кожнага аднаго. Ну і аб’ём паліўных бакаў ў гэтым годзе паменшыўся да 21 літру. Хаця таго ж Баўцісту ў выніку запаволілі найперш не гэтыя захады, а траўма спіны, якую ён атрымаў у канцы мінулага года. Праз яе Альвара не адчуваў сябе камфортна ў кваліфікацыі, паказаўшы толькі дзявяты вынік.

Затое стрэліў навабранец Aruba.it Racing-Ducati Нікола Булега, які замяніў Міхаэля Рубэна Рынальдзі (ён перайшоў у Team Motocorsa Racing). Дзейны чэмпіён катэгорыі Supersport 600 адразу заваяваў поўл, а потым выйграў і першую гонку, якая выйшла крыху хаатычнай.

Такой яна стала праз новы асфальт, які ў гэтым годзе быў пакладзены на трасе Філіп-Айлэнд. Зачэп ён забяспечвае добры, але, як выявілася, хутка зношвае шыны. Таму прыйшлося скарачаць дыстанцыю асноўных гонак да дваццаці кругоў, ды яшчэ і ўводзіць абавязковыя піт-стопы з дзявятага па адзінаццаты кругі.

На старце першага ў суботняй гонцы героем стаў Андрэа Іанонэ, які ў гэтым годзе вярнуўся ў вялікія мотагонкі пасля чатырохгадовай дыскваліфікацыі за выкарыстанне допінгу. Італьянец, які таксама выступае на Ducati, але прыватнай каманды Team GoEleven, раней у той дзень кваліфікаваўся другім, а на старце адразу захапіў лідарства. Праўда, утрымліваў яго Андрэа нядоўга – у канцы круга яго апярэдзіў канкурэнт з Kawasaki Racing Team WorldSBK Алекс Лоўс.

Да групы лідіраў здолеў далучыцца і Баўціста, але для яго гонка фактычна скончылася на чацвёртым кругу ў дзясятым павароце, дзе ён упаў. Фінішаваць Альвара змог, але толькі пятнаццатым. Хаця і без яго спрэчка за першую пазіцыю захавала высокі градус – перастаноўкі ў першай тройцы адбываліся ўвесь час цягам першай паловы заезду.

Апошні важны абгон на сёмым кругу ў першым павароце здзейсніў, аднак, будучы пераможца. Булега абагнаў Іанонэ, чым забяспечыў сабе пэўную перавагу пасля піт-стопу. Першую пазіцыю ён захаваў і пасля таго, як боксы наведалі ўсе ўдзельнікі гонкі. А вось Іанонэ прапусціў наперад яшчэ і канкурэнта з Pata Prometeon Yamaha Андрэа Лакатэлі, які стартаваў шостым, аднак затым удала да адзінаццатага круга адцягнуў свой прыпынак. Другім ён і фінішаваў, тады як яго новы напарнік Джонатан Рэй першую гонку за новую каманду скончыў толькі сямнаццатым.

Што ж да Іанонэ, то ён, улічваючы абставіны свайго вяртання ў гонкі вышэйшага ўзроўню, і трэцім месцам быў цалкам задаволены. І подыум усё роўна атрымаўся цалкам італьянскім – упершыню ў сусветным Супербайку з першай гонцы ў Мізана ажно ў 1993 годзе.

Нядзельныя заезды праходзілі ўжо па іншых сцэнарыях. Ранішні Суперпоўл-спрынт выйграў Алекс Лоўс, якому з першага ж круга прыйшлося змагацца з тым жа Іанонэ, які ізноў захапіў лідарства. Але для Андрэа ўсё скончылася на шостым кругу, калі на яго Panigale V4R узніклі механічныя праблемы. Таму Лоўс затым да самага фінішу адчуваў сабе больш ці менш камфортна.

У тым ліку сыход Іанонэ дапамаг Лакатэлі фінішаваць ізноў другім, а трэцім стаў Топрак Разгатліоглу, хаця для яго гэта быў апошні пазітыўны момант аўстралійскага ўік-энду. Таму што ўжо на трэцім кругу фінальнай гонкі этапу матор заводскага BMW M 1000 RR загадаў жыць доўга, выпусціўшы воблака дыму. Сышоў на тым кругу, дарэчы, не толькі турэцкі гоншчык ROKiT BMW Motorrad WorldSBK Team, але і Рэй, які ўпаў у адзінаццатым павароце.

Праблемы на трасе вымусілі кіраўніцтва гонкі на чацвёртым кругу спыніць яе, а потым скараціць да дзесяці кругоў. На рэстарце першую пазіцыю заняў Баўціста, які да чырвоных сцягоў здзейсніў гераічны прарыў. Першы шэраг з ім дзялілі Лакатэлі і Іанонэ, але іх абышоў былы Рынальдзі, які прарваўся з шостай пазіцыі на другую.

Аднак былы напарнік Баўцісты не здолеў у першым павароце на восьмым кругу стрымаць хуткага Лоўса, а на дзявятым – і Лакатэлі, якога прапусціў на выхадзе з дзясятага паварота. Андрэа раскаціўся да такой ступені, што на апошнім кругу ў чацвёртым павароце пайшоў у атаку на Лоўса, які ў сваю чаргу насядаў на Баўцісту, але ў выніку кантакту з Kawasaki ZX-10RR брытанца ўпаў і сышоў з дыстанцыі.

Барацьба ж Алекса з Альвара працягнулася і скончылася на карысць першага пасля таго, як той паспяхова атакаваў іспанца ў павароце Lukey Heights. Баўціста паспрабаваў быў адказаць на выхадзе з апошняга паварота, аднак усё ж такі задаволіўся другім месцам, усяго 0,048 секунды саступіўшы Лоўсу. Трэцім фінішаваў гоншчык каманды Barni Spark Racing Team Даніла Петручы.

Ну, эра не эра, але дамінаванне Баўцісты і заводскай Ducati ў сусветным Супербайке, відаць, скончылася. Іспанец у чэмпіянаце пасля першага этапу толькі пяты з 27-мю ачкамі, хаця зразумела, што сваё двухразовы чэмпіён яшчэ возьме. Лідзіруе ж Лоўс, у якога 50 балаў, што на дзевяць болей, чым у Булегі, які займае другую пазіцыю. Лакатэлі з Іанонэ маюць па 29 ачкоў, але першую тройку замыкае першы з двух Андрэа. Ducati ж і зараз лідзіруе ў заліку вытворцаў, але з перавагай перад Kawasaki усяго ў адзін бал – мае 51 супраць 50-ці. Yamaha, у якой 35 балаў, трэцяя.

Чэмпіянат свету па Супербайку ў гэтым годзе правільней называць чэмпіянатам Еўропы, бо ўсе астатнія яго этапы пройдуць у Старым Свеце. Другі адбудзецца 22-24 сакавіка ў іспанскай Барселоне, пра яго падзеі паведаміць у тым ліку Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: банк Wise, нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты