Tribuna/Бокс/Блогі/Асанаў пераехаў у Дубай, каб трэнаваць, але першы бой па профі пару тыдняў таму прайграў у Расіі – наўрад ці вы пра гэта чулі

Асанаў пераехаў у Дубай, каб трэнаваць, але першы бой па профі пару тыдняў таму прайграў у Расіі – наўрад ці вы пра гэта чулі

Як так атрымалася, што беларуская каманда вучыць арабаў баявым мастацтвам?

Аўтар — Pam-pam
19 сакавіка, 14:04
Асанаў пераехаў у Дубай, каб трэнаваць, але першы бой па профі пару тыдняў таму прайграў у Расіі – наўрад ці вы пра гэта чулі

Днямі беларускі баксёр Дзітрый Асанаў падзяліўся навіной, што яго падапечныя беларуска Аляксандра Сітнікава і ўкраінец Даніла Ганчарук сталі ўладальнікамі двух залатых медалёў адкрытага чэмпіянату Аб'яднаных арабскіх Эміратаў. Так, былы ўдзельнік Алімпійскіх гульняў, які спрабуе прабіцца ў профі, сёння яшчэ і трэнуе.

Асанаў не анансаваў свой пераезд у ААЭ, але пасты з Дубая з тэгам пра персанальныя трэнінгі сталі рэгулярна з'яўляцца ў ягоным акаўнце з верасня 2023-га.

У беларускім інфаполі апошнім боем Асанава значыцца перамога на турніры ў Гамбургу, дзе ён аказаўся мацнейшым за венесуэльца Крысціяна Авілу. Але беларус зʼяўляўся ў рынгу і пазней – 3 сакавіка гэтага года прыняў удзел у турніры серыі «Ноч чэмпіёнаў IBA», які прайшоў у расійскім Сочы ў межах Сусветнага фестывалю моладзі – чарговых спаборніцтваў, прыдуманых як замена міжнародным стартам для расійскіх спартсменаў, якіх забанілі ў адказ на вайну ва Украіне.

Апанентам Асанава быў 29-гадовы расіянін і ўдзельнік АГ у Токіа Габіль Мамедаў. Да бою ў Сочы супернікі тройчы сустракаліся ў рынгу, і кожны раз мацнейшым аказваўся беларус. Таму перад боем расіянін называў з Асанава максімальна нязручным супернікам:

«Не магу сказаць, што гэта наўпрост ужо прынцыповы бой. Так, мы тройчы сустракаліся, і ён перамагаў. І сапраўды, па справе. Мне не ўдавалася знайсці падыход. Але час ідзе, мы мяняемся. Спадзяюся, зараз мне ўдасца адбаксаваць лепей. Асанаў – максімальна нязручны супернік для мяне».

Чацвёрты бой аказаўся ўдалым для расіяніна – ён перамог аднагалосным рашэннем суддзяў і заваяваў пояс чэмпіёна IBA у вазе да 63,5 кг. Пасля бою Мамедаў заявіў, што ўсе папярэднія перамогі Асанава адбыліся толькі таму, што яны змагаліся ў трох раўндах, а на восем, маўляў, беларуса не хапіла.

«Я атрымаў каласальнае задавальненне. Гэты супернік мне ніяк не даваўся. Не магу сказаць, што ён супер і нерэальны. Проста ён добра рухаўся на нагах. Але гэтых ног яму хапала на тры раўнды аматарскага бокса, а на восем не хапіла. Мне ўдалося атрымаць перамогу менавіта за кошт позніх раўндаў. Калі б паядынак ізноў складаўся з трох раундаў, мне зноў было б цяжка», – падсумаваў Мамедаў.

Наогул, знайсці інфармацыю пра гэты бой не вельмі проста. У акаўнце Асанава, які звычайна распавядае пра свае спартыўныя актыўнасці, няма ніводнай згадкі пра паядынак. Магчыма, гэта звязана з тым, што баец прайграў, а, магчыма, ён разумеў іміджавыя рызыкі ад удзелу ў спартыўным мерапрыемстве, які ў тым ліку ў прапагандысцкіх мэтах зладзіў расійскі рэжым (дастаткова сказаць, што на закрыццё фестывалю прыехаў Уладзімір Пуцін, каб сустрэцца з моладдзю).

Што да змены дзейнасці, то сёння Асанаў актыўна прасоўвае сябе як трэнера. Беларускі баец працуе ў дубайскім клубе Champbelts, які афіцыйна адкрыўся ў снежні мінулага года.

Пазіцыянуецца, што за клубам стаіць легендарны беларускі трэнер па кікбоксінгу і муайтай Андрэй Грыдзін. У свой час ён быў сузаснавальнікам клуба «Чынук», які існуе ўжо больш за 20 гадоў. У 2015 годзе Грыдзін сабраў уласную каманду байцоў, а крыху пазней у беларускай сталіцы з'явілася зала Gridin Gym. Праўда, не сакрэт, што асноўным інвестарам залы з'яўляецца кікбаксёр Чынгіз Алазаў - азербайджанец, які нарадзіўся на тэрыторыі Грузіі, а спортам пачаў займацца ў Беларусі. Сёння Грыдзін з'яўляецца трэнерам Алазава.

З беларусаў у каманду дубайскага клуба ўваходзіць не толькі Асанаў. Там жа працуе шматразовы чэмпіён Беларусі па муай-таў Вадзім Васкоў.

У камандзе і неаднаразовая чэмпіёнка Беларусі па муайтай Аляксандра Сітнікава. Сярод тых, хто выбраўся да яе ў Дубаі на трэнінг, аказалася жонка Асанава.

Аднак сапраўдным ініцыятарам адкрыцця байцоўскага клуба ў ААЭ ізноў жа з'яўляецца Чынгіз Алазаў.

Таксама дачыненне да праекта мае Іван Монцік – беларускі бізнесмен, сузаснавальнік кампаніі па распрацоўцы праграмнага забеспячэння для кіравання анлайн-казіно і бэтынгавай бізнесам Softswiss.

На сваёй старонцы ў Linkedin Монцік пазначыў, што з'яўляецца сузаснавальнікам Champbelts.

Цікавы нюанс – на сваёй персанальнай старонцы прадпрымальнік зрабіў асобную рэмарку аб прыхільнасці да свабоды слова:

«Іван Монцік – гарачы прыхільнік свабоды слова, адзін з заснавальнікаў Еўрапейскага цэнтра свабоды прэсы, заснаванага ў Лейпцыгу. Яго подпіс знаходзіцца пад Еўрапейскай хартыяй свабоды прэсы ў Гамбургу (2009 г.)».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты