Tribuna/Конны спорт/Блогі/Не сорамна не ведаць, але калісьці ў Мінску быў іпадром. Самы вялікі натоўп там сабраў не спорт, а масавае смяротнае пакаранне

Не сорамна не ведаць, але калісьці ў Мінску быў іпадром. Самы вялікі натоўп там сабраў не спорт, а масавае смяротнае пакаранне

Вось як гэта было.

Аўтар — bytribuna com
22 сакавіка, 09:00
Не сорамна не ведаць, але калісьці ў Мінску быў іпадром. Самы вялікі натоўп там сабраў не спорт, а масавае смяротнае пакаранне

Галоўны футбольны стадыён Мінска – пакуль што «Дынама». Першы футбольны матч у горадзе правялі да зʼяўлення гэтай арэны – але зусім недалёка, літаральна ў пяці хвілінах пешшу. Справа была ў прадмесці Кашары (тады паўднёвая ўскраіна горада), што знаходзілася ў лукавіне Свіслачы, – цяпер гэта цалкам лічыцца цэнтрам Мінска, рака аддзяляе тэрыторыю ад станцый метро «Першамайская» і «Пралетарская».

На галоўнай плошчы прадмесця часта праводзілі спаборніцтвы вайскоўцы – «кашарамі» называліся іх казармы, і нават пасля зносу казармаў традыцыя спартыўных спаборніцтваў захавалася. І летам 1913-га там жа ўпершыню для Мінска згулялі ў дзіўны тады футбол – каманда гімназістаў «Алімп» разграміла 3:0 каманду гандлёва-прамысловых служачых «Макабі». Правядзенне матча адзначылі маршам у выкананні жывога аркестра.

Афішы спаборніцтваў у Кашарах, працоўныя тады атрымлівалі прыкладна 50 капеек у дзень

У 1920-я наваяўленая савецкая ўлада вырашыла зладзіць у Мінску іпадром – у горадзе размяшчаліся кавалерыйскія часткі, байцам трэба было трэнавацца. Збудаванне ў складзе вайсковага «спартыўнага гарадка» вырашылі змясціць на звыклым для спорту месцы – заняць тую самую плошчу ў Кашарах. З улікам таго, што пераследаваліся практычныя мэты, абышліся без прыдумванняў – да размечанага поля дадалі драўляныя трыбуны ды падстрэшкі для коней. Іпадром урачыста адкрылі 30 траўня 1925 года і сталі, акрамя трэнінгаў, праводзіць скачкі, якія, зрэшты, шмат гледачоў не прыцягвалі – 1000 чалавек ужо былі вялікай аўдыторыяй, а прыцягваў большасць з іх таталізатар, які ладзіўся на спаборніцтвах.

Фрагмент карты Мінска 1933 года (злева) і той жа ўчастак цяпер

Зрэшты, бывалі выпадкі, калі комплекс не мог змясціць усіх ахвочых туды патрапіць. Напрыклад, калі ў 1934-м правялі вялікі коннаспартыўны турнір, куды прыехаў сіламі савецкага «эпасу» зроблены легендай кавалерыст Сямён Будзёны, імя якога насіў іпадром. Самы вядомы выпадак – мабыць, партызанскі парад 16 ліпеня 1944 года. За пару тыдняў да гэтага савецкія войскі выціснулі з Мінска фашысцкія нямецкія сілы, пасля чаго было вырашана правесці ўрачыстае мерапрыемства – выбралі для яго поле іпадрома, якое абясшкодзілі ад мін, а партызан склікалі з усёй Беларусі. У выніку сабралася 30 тысяч – разбуранаму гораду не было дзе столькі сяліць, і лагеры разбівалі ў прыгарадзе, а паглядзець на сам парад прыйшлі яшчэ і каля 50 тысяч мінчукоў. У выніку шэсце доўжылася шмат гадзін.

А 30 студзеня 1946 года на іпадроме ўвогуле сабраліся каля 100 тысяч чалавек. Усе яны чакалі аднаго – публічнага пакарання 14 немцаў. Смяротны прысуд (павешанне) ім вынеслі ўвечары 29 студзеня – на апошнім паседжанні паказальнай справы, якую вайсковы трыбунал разбіраў два тыдні. Гэта быў адзін з 19 такіх адкрытых працэсаў па ўсім СССР, якія праходзілі ў 1940-х гадах, і адзін з васьмі амаль паралельных зімой на стыку 1945 і 1946 гадоў – у кожным з іх былі публічныя пакаранні.

У Мінску падсудных было 18. 12 з іх, ад генералаў да капітанаў, абвінавачваліся ў арганізацыі «масавага знішчэння савецкіх грамадзян, згону іх у Нямеччыну, разбурэння гарадоў і вёсак, прамысловых прадпрыемстваў». Яшчэ шасцёра, афіцэры нізкіх званняў і салдаты, называліся «непасрэднымі ўдзельнікамі крывавых злачынстваў, якія праяўлялі зверскую жорсткасць». Далей былі пералічаны канкрэтныя эпізоды знішчэння людзей, здзекі над імі, прымусовага вывазу з Радзімы, пазбаўлення скаціны і прадуктаў харчавання, знішчэння дамоў, заводаў, электрастанцый (у 1947-м абвінавачанне было апублікавана поўнасцю, яго можна прачытаць па спасылцы). Набор дзеянняў па многіх пунктах моцна нагадваў тое, што сёння здзяйсняюць расійскія акупанты ў вайне, якая працягваецца Расіяй ва Украіне ад 24 лютага 2022 года пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.

У асноўным усе падсудныя прызналі сваю віну, але дадавалі, што выконвалі загады. Маладыя немцы звярталі ўвагу, што іх «са школы вучылі, што мы атачоныя ворагамі і мусім абараняцца, Гітлер – звышчалавек, а яго загады – святыя» (нічога не нагадвае з сучаснай Беларусі?). Толькі адзін Ганс Кох, былы камісар гестапа, шакаваў сваёй пазіцыяй нават таварышаў па лаве, заявіўшы, што асабіста расстраляў 500 чалавек, каб паказаць прыклад сваім падначаленым, і па сваёй ініцыятыве «забіваў і знішчаў» больш, чым загадвалі, як перакананы нацыст трымаючыся тэорыі расавай перавагі.

Правядзенне публічных пакаранняў савецкія ўлады лічылі карысным, каб людзі разносілі навіны пра тое, што фашыстаў пакаралі, а далей у грамадстве па ланцужку прыходзілі да ілжывай высновы аб справядлівасці савецкіх парадкаў у цэлым. Так што раніцай 30 студзеня аб правядзенні павешання мінчукам цэнтралізавана абʼяўлялі на вучобе і рабоце, а тым, хто выказваў жаданне паглядзець, давалі адгулы. Відавочцы ўспаміналі, што франтавікі на пакаранне смерцю не ішлі і раілі не хадзіць астатнім, але цікавасці гэта не зменшыла.

На іпадроме ўсталявалі шыбеніцы. У 14.25 да іх падʼехалі грузавікі, у кузавах якіх знаходзіліся немцы. Ім на шыі ля шыбеніц накінулі петлі. Неўзабаве дзяржабвінаваўца Леанід Ячэнін (які быў пракурорам УССР у часы сталінскіх «троек», то бок не горш за фашыстаў ведаў аб расстрэлах без суда і следства) зачытаў прысуд і скамандаваў прывесці яго ў выкананне. Пасля гэтага машыны адна за адной пачалі рух, пакідаючы прыгавораных на вяроўках. Пасля адʼезду ўсіх грузавікоў да шыбеніц пусцілі людзей – целы не здымалі да канца дня.

Фашысты першымі ў XX стагоддзі зладзілі ў Мінску публічнае пакаранне – а іх павешанне стала апошнім. У канцы 1947-га ў Беларусі прайшло яшчэ тры адкрытыя працэсы (у Бабруйску, Віцебску і Гомелі), але там прыгаворвалі ўжо толькі да 25 гадоў катаржных работ. А ў 1957-м мінскі іпадром ціха знік – на яго месцы разбілі сквер.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты