Усе навіны

Трэнер па фехтаванні Нікалайчук: «Мяне прыцягвае саюз Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы. ВКЛ дае пра сябе ведаць»

23 кастрычніка, 17:54

Экс-трэнер зборнай Беларусі па фехтаванні Аляксандр Нікалайчук распавёў, якой бачыць будучыню Беларусі.

– У які бок, на ваш погляд, павінна рухацца Беларусь – у Еўразвяз, да партнёрства з Расеяй ці быць сама па сабе?

– Усё ж такі мы не пажылі ў незалежным статусе. І для пачатку нядрэнна было б здабыць незалежнасць, паспрабаваць пажыць у ёй і паглядзець, на што мы насамрэч прыдатныя, ці можам мы чагосьці дамагацца самі. Ужо праз час, калі пажывём, вызначымся, чаго хочам, дзе мы і што мы, тады можна вырашаць, з кім у Саюзе ісці далей. І, у прынцыпе, ці патрэбны нам з кімсьці гэты саюз.

Памятаю, нехта сказаў, што Беларусь насамрэч можа быць маленькай Швейцарыяй. Яна таксама не ў ЕС. І што, дрэнна жыве? Другі прыклад – Албанія. Краіна, якая нас ужо ў футболе абгульвае. Пры слове Албанія 10 гадоў таму ў мяне ўзнікалі асацыяцыі, што гэта дзяржава, дзе пасяліліся нейкія цыганы і незразумела што робяць. А цяпер гэта краіна, куды беларусы ездзяць адпачываць, Дзе пабудаваныя курорты, дзе ўсё выдатна і ўсё развіваецца. І Албанія таксама не ў Еўразвязе. Магчыма, яны ўступяць у ЕС калі-небудзь, але пакуль жывуць сваім нармальным жыццём, развіваюцца, і ўсё там не на самым дрэнным узроўні. А футбол для мяне лакмусавая паперка. Калі футбол развіваецца, значыць, і ў астатніх сферах усё добра.

Так што, паўтаруся, спачатку Беларусі трэба пажыць у незалежным статусе, зразумець, што мы можам і што мы хочам, а ўжо потым прымаць рашэнні па магчымых саюзах. Асабіста мяне прыцягвае саюз Беларусі, Украіны, Польшчы і Літвы. Па-першае, суседзі. Па-другое, ВКЛ усё роўна дае пра сябе ведаць, пакінула пэўны след у гісторыі. Чаму б нам не вярнуцца да тых вытокаў, – сказаў Нікалайчук.