Tribuna/Хакей/Блогі/Залётны расіянін зладзіў помсту ў фінале Экстралігі: у збітага суперніка з рота ішла кроў, Жлобін у абурэнні

Залётны расіянін зладзіў помсту ў фінале Экстралігі: у збітага суперніка з рота ішла кроў, Жлобін у абурэнні

А спачатку ўсё было наадварот, толькі ў меншых маштабах.

Аўтар — bytribuna com
11 красавіка, 10:13
Залётны расіянін зладзіў помсту ў фінале Экстралігі: у збітага суперніка з рота ішла кроў, Жлобін у абурэнні

Першы матч фінальнай серыі плэй-оф экстралігі паміж «Металургам» і «Брэстам» (6:1) запомніцца сутычкамі лідараў атак супернікаў Арцёма Анціпава і Яраслава Косава адпаведна. Абодва легіянеры запомніліся добрай гульнёй у паўфіналах. Жлобін шмат «Гомелю» не закідваў за выключэннем апошняга матчу, таму тры шайбы казахстанца Анціпава ў серыі былі вельмі важнымі. Расіянін Косаў аформіў два дублі з «Шахцёрам». Хай форвард не актыўнічаў у абароне, але быў вельмі карысны ў нападзенні. Косаў, які тройчы браў Кубак Гагарына з магнітагорскім «Металургам» (2014, 2016, 2018) і двойчы медалі моладзевага ЧС (срэбра-2012 і бронза-2013), перазапускае карʼеру ў экстралізе, куды прыехаў у студзені 2024-га. У рэгулярцы нападнік набраў 9 (4+5) балаў за 11 матчаў, а ў плей-оф да фіналу ў тых жа 11 гульнях выбіў 5+4.

Страсці ў сераду на жлобінскім лёдзе разгарэліся ў трэцім перыядзе – гаспадары да таго моманту вялі ўжо 4:1. На 5-й хвіліне Анціпаў атрымаў выдаленне за гульню высока паднятай клюшкай. Па паўторы не скажаш, ці патрапіў хакеіст у галаву брастчаніну Віктару Боўбелю – той схапіўся за твар, але абышлося без крыві (адметка 2:07:15).

Не прайшло і дзвюх хвілін пасля выхаду з лавы штрафнікоў Анціпава, як ён засекся ля сваіх варот з Косавым. Апошні ці то наўмысна заехаў у брамніка «Металурга», ці то зачапіў таго пасля штуршка жлобінца. Па выніку Анціпаў накінуўся на ляжачага расіяніна і нанёс некалькі ўдараў клюшкай у спіну (адметка 2:11:33).

Удары Анціпава суддзі пакінулі без увагі, а Косаву выпісвалі дзве хвіліны штрафу за блакаванне брамніка – па сутнасці, за наўмысную атаку суперніка, які не валодаў шайбай. За пяць хвілін да фінальнай сірэны ўжо Косаў збіў з ног Анціпава. Расіянін таксама зверху накінуўся на ляжачага казахстанца і, як і той раней, некалькі разоў ударыў ззаду клюшкай. Праўда, гэтыя ўдары прыпалі не ў спіну, а ў шыю (адметка 2:27:53).

Косаў атрымаў штраф у пяць хвілін за штуршок клюшкай, а таксама 20-хвілінны дысцыплінарны штраф да канца гульні. Таксама форварду «Брэста» пагражае штраф ад трох да 50 базавых велічынь (ад 120 да 2000 рублёў) без дыскваліфікацыі або з дыскваліфікацыяй ад аднаго да пяці матчаў.

У флэш-інтэрвʼю адразу пасля фінальнай сірэны галоўны трэнер «Металурга» Дзмітрый Краўчанка сказаў, што «тут не тайскі бокс». На думку коўча, такіх хакеістаў, як Косаў, у экстралізе быць не павінна, а ў яго падапечнага з рота ідзе кроў.

Пасля матчу зʼявілася інфармацыя, што ў Анціпава «ўдар шыйнага аддзела хрыбетніка». Дыягназ на прэс-канферэнцыі пацвердзіў Краўчанка, які прапанаваў надоўга адхіляць «такіх спартсменаў», маючы на ўвазе Косава. «Няхай цяпер кампетэнтныя органы разбіраюцца, што далей з такім спартсменам рабіць», – сказаў трэнер, маючы на ўвазе ці то федэрацыю, ці то лукашэнкаўскіх сілавікоў.

Паводзіны падапечнага галоўны трэнер «Брэста» Сяргей Пушкоў патлумачыў эмоцыямі. Спецыяліст згадаў эпізод з першым выдаленнем Косава. Пушкоў лічыць, што форвард выпадкова зачапіў брамніка «Металурга». «Яго там таксама ў спіну штурхалі. Яраслаў не стрымаўся – трэба стрымлівацца», – сказаў трэнер брастчан.

У жыцці Косава бывалі і больш сурʼёзныя прыгоды. У кастрычніку 2011-га ён трапіў у аварыю, калі на хуткасці ў 120 км/г разбіўся на «Жыгулях». Медыкі дыягнаставалі ў хакеіста закрытую чэрапна-мазгавую траўму, зрушэнне пазванкоў і цяжкі строс мазгоў. Тым не менш ужо ў наступным месяцы Косаў вярнуўся на лёд, у першым жа матчы КХЛ за «Магнітку» адзначыўшыся голам і двума асістамі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты