Дзед дэбютанта зборнай Беларусі хацеў музычна падтрымаць каманду, але яму забаранілі са спасылкай на рэгламент
Унукам ужо цікавіцца мінскае «Дынама».
11 траўня на «Мінск-Арэне» зборная Беларусі па хакеі сустракалася са зборнай Расіі U-25. Для супернікаў гэтая сустрэча стала чацвёртай за 8 дзён, і ў папярэдніх трох мацнейшай была каманда з Расіі.
Яшчэ перад стартам апошняга матчу ў Мінску абаронца зборнай Крысціян Хенкель дзяліўся чаканнямі, што на гульню прыйдзе шмат заўзятараў, бо Беларусь – «хакейная краіна».
«Мы павінны паказаць зусім іншы вынік і іншы хакей», – зазначыў хакеіст.
Што ж, падтрымка на арэне сапраўды была, праўда, месцамі яна выглядала так – ці то сагнаныя бюджэтнікі, ці то нейкія носьбіты формы, якіх пераапранулі ў хакейнае.
Рабілі яны ўсё з падказкі. Нават пляскалі ў далоні.
Але сапраўдныя заўзятары на матчы таксама былі. Адзін з іх, мужчына сталага веку, прыйшоў на гульню з музычным інструментам.
Відэа музыкі, які грае на трубе, выклаў у сетку адзін з іншых наведвальнікаў. Ён жа распавёў, што ў нейкі момант да трубача падышлі супрацоўнікі арэны і забаранілі граць са спасылкай на рэгламент.
У каментарах пад відэа знайшліся і іншыя гледачы, якія бачылі музыку, і ім ягоны перфоманс спадабаўся.
Яшчэ некалькі карыстальнікаў распазналі ў музыку дзядулю 18-гадовага нападніка Мікалая Салыгі, які на днях дэбютаваў за нацыянальную каманду.
Салыга – выхаванец лідскай школы хакея. Яшчэ ў сезоне 2021/22 пачаў выступаць у беларускай «вышцы» за зборную U17 – у 44 матчах вызначыўся 6 шайбамі і 14 асістамі.
Прарыўным для хлопца стаў наступны сезон, у якім, выступаючы за U18, ён набраў 41 бал (17+24) у 49 матчах рэгуляркі і дадаў да іх яшчэ 6 (2+4) у 11 гульнях плэй-оф.
Яркую гульню Салыгі заўважылі, і яго запрасілі ў фарм мінскага «Дынама», які выступае ў расійскай Моладзевай хакейнай лізе. У складзе «Дынама-Шынніка» нападнік правёў 40 матчаў, у якіх набраў 23 пункты (7+16).
Акрамя таго ён паспеў стаць чэмпіёнам беларускай вышэйшай лігі ў складзе «Юніёра»: згуляў 15 матчаў у плей-оф, вызначыўся 10 баламі (5+5).
Салыга дэбютаваў за зборную Беларусі ў гульні супраць Расіі 9 траўня і адразу вызначыўся галявой перадачай, якая дапамагла камандзе ненадоўга выйсці наперад, але ўсё скончылася паразай 2:6.
Пасля гульні з'явіліся чуткі пра магчымае падпісанне кантракта з мінскім «Дынама».
Дзядуля – не адзіная падтрымка ў гульца. На яго матчы прыходзяць і іншыя блізкія.
Але вернемся да сітуацыі з дзядулям. Большасць карыстальнікаў палічыла, што адміністрацыя арэны паступіла няправільна, забараніўшы трубіць. Галоўны аргумент – на фан-сектары дазволены барабан.
Але знайшліся і тыя, хто да забароны паставіўся з паразуменнем.
Што да гульні, то і ў гэтым матчы зборная Беларусі саступіла (2:4).
Серыю гульняў супраць зборнай Расіі U-25 можна назваць жахлівай – у чатырох матчах беларуская каманда сумарна прапусціла 20 шайб, тады як закінула ўсяго 4.