Усе навіны

Заснавальнiк «Волата» Рак: «Спорт не павінен быць па-за межамі палітыкі. Выказваць погляды праз спорт натуральна. Выходзіць пад бел-чырвона-белым сцягам – гэта не палітыка»

19 красавіка 2023, 16:01

Трэнер па каратэ і заснавальнік ліквідаванага фізкультурна-спартыўнага клуба «Волат» Віталь Рак падзяліўся думкамі пра спорт па-за палітыкай.

– Ці можа быць спорт па-за межамі палітыкі? Асабліва зараз.

– Маё меркаванне, што спорт увогуле не павінен быць па-за межамі палітыкі. Я кажу, што сам па сабе спорт – гэта бессэнсоўная рэч. Другі момант, гледзячы што называць палітыкай. У маім разуменні, палітыка – гэта барацьба за ўладу. Калі там нейкія гонкі кандыдатаў, перадвыбарных праграм, калі ты балатуешся ў дэпутаты ці ў прэзідэнты. Калі ты проста выказваеш нейкія погляды свае праз спорт – гэта натуральна, таму што любы спартовец – гэта чалавек, які мае свае погляды нейкія, перакананні. Гэта не палітыка ў маім разуменні, калі ты, напрыклад, выходзіш пад бел-чырвона-белым сцягам. Калі гэта палітыка, то спорт не можа існаваць увогуле без палітыкі. 

Ты павінен кагосьці прэзентаваць, ты прадстаўнік кагосьці. Я прадстаўнік беларускай нацыі, я дзейнічаю пад беларускімі нацыянальнымі сімваламі. Хтосьці прадстаўнік лукашыстаў, ён дзейнічае пад іх сімваламі. Таму такога няма, што калі пад нейтральным сцягам выступаюць спартоўцы, але ўсё роуна. Вось як зараз ідзе гаворка дапусціць рускіх і лукашыстаў пад нейтральнымі сцягамі. Ну нават сам Лука сказаў, што «мы ўсё роўна ведаем, што гэта нашы людзі», – сказаў Рак.