Все новости

Заснавальнiк «Волата» Рак: «У Польшчы трэніраваліся на паркiнгах, на вуліцы пры мінусе. Такія мы спартоўцы-бамжы. Вядзем працу, каб адчыніць сваю залу»

21 красавіка 2023, 14:33

Трэнер па каратэ і заснавальнік ліквідаванага фізкультурна-спартыўнага клуба «Волат» Віталь Рак рассказаў пра цяжкасці ў эміграцыі.

– Чым адрозніваюцца трэніроўкі ў Беларусі і па-за межамі яе?

– На дадзены момант я знаходжуся у такім стане, што я вось выехаў з Беларусі і, па сутнасці, уся справа майго жыцця, якую я будаваў – фізкультурна-спартовы клуб «Волат», – яна была зруйнаваная сістэмай. Гэта ўся справа жыцця была зруйнаваная, таму што «Волат» – гэта не проста фізкультурна-спартовы клуб. Гэта, можна сказаць, цэлы рух па выхаванню беларусскай моладзі. Сама структура «Волата», яна ўключала не толькі сетку спартовых залаў, там яшчэ ў нас была такая культурніцкая прастора, кавярня, розныя адгалінаванні, розныя праекты. Гэта ўсё было зруйнавана. І мне тут трэба было пачынаць усё спачатку. Гэта розныя бытавыя цяжкасці, таму што трэба было вывозіць сям’ю сваю з Беларусі. Тут вельмі шмат бытавых пытанняў. 

Першая такая вось адаптацыя, груба кажучы, – першы год я займаўся больш выжываннем тут, проста фізічным выжываннем. Як я казаў у нейкім інтэрв'ю, здаецца, «ЧестнОКу», што ў першую чаргу кожная асоба задавольвае свае базавыя патрэбы: гэта ежа, жытло, адзенне. То бок, калі табе няма чаго есці, ты не будзеш думаць, як табе пазаймацца спортам. Але нават у гэтых умовах у мяне атрымалася. Я настолькі люблю гэтую працу, гэту дзейнасць спартовую, што нават у гэтых умовах у мяне атрымалася стварыць пэўны калектыў спартовы, які зараз трэніруецца пад маім кіраўніцтвам, і працягнуць гэтую дзейнасць. 

Калі параўноўваць з Беларуссю, то ў меня быў буйны клуб свой, прыватны, добрыя вельмі ўмовы для трэніровак, а тут мы аказаліся ў такіх умовах, што часам мы трэніраваліся на нейкіх паркінгах. Проста вось нелегальна залазілі на паркінгі і там трэніраваліся, потым – на нейкіх закінутых пабудовах, на вуліцы пры мінусавой тэмпературы. Потым там, дзе зараз маю кватэру, там ёсць маленькая зала для «мешканьцаў» – для тых, хто там жыве, у гэтым доме. Там немагчыма працаваць з буйной групай, але там нейкія персанальныя трэніроўкі, персанальна працаваць са спартоўцамі там магчыма. Нейкія розныя лакацыі арандавалі. То бок такія мы бадзячыя спартоўцы-бамжы. Трэніраваліся ў розных умовах, але нягледзячы на гэта, атрымалася падтрымаць досыць высокі ўзровень спартовы. І тыя турніры, у якіх мы бралі удзел у гэты перыяд, – годна прэзентавалі сябе, Беларусь і паказалі добрыя вынікі на іх, здабылі шмат прызавых месцаў. 

Зараз, вядома, мне цяжей трэніравацца ва ўмовах значна горшых, чым у Беларусі, але гэта ў мяне. Гэта не ў такім плане, не ў такім сэнсе, што ў Польшчы ўмовы для трэніровак горшыя, чым у Беларусі. Тут залежыць ад людзей. Калі там клуб мае падтрымку дзяржавы, клуб мае нейкае фінансаванне, клуб мае ўжо пэўны шлях, які ён прайшоў, нейкую матэрыяльную базу, умовы ў яго будуць добрыя. У мяне ўмовы вось такія зараз – бамжоўскія. Але зараз вядзем працу над тым, як адчыніць у хуткім часе сваю стацыянарную залу, – клуб зараз знаходзіцца ў стане рэгістрацыі. І тады, безумоўна, ўмовы трэніровак палепшацца. 

Быў цяжкі перыяд адзін, калі ўвогуле мы аказаліся без працы, і хлопцы, якія прыехалі за мной, яны апынуліся на вуліцы. Мы там пэўны час жылі ў адной кватэры: мая сям’я, жонка, трое дзяцей і тры спартоўцы яшчэ. Не было працы, не было грошай. Такі вельмі быў цяжкі перыяд. Але нават у гэты перыяд мы працягвалі трэніравацца, працягвалі ісці да сваіх мэт спартовых, – сказаў Рак.