Усе навіны

Заснавальнік «Волата» Рак: «Пад чырвона-зялёным сцягам мы не хочам выступаць. Выступаем пад эстонскім за БФСС, бо арганізацыя зарэгістраваная ў гэтай краіне»

12 чэрвеня, 19:02

Трэнер па караце і заснавальнік ліквідаванага фізкультурна-спартыўнага клуба «Волат» Віталь Рак расказаў пра працу ва ўмовах міграцыі.

– Віталь, ці пачаў ужо займацца сваёй любімай справай, трэнуеш дзетак?

– Так, пачаў амаль адразу, як у студзені 2022 года прыехаў у Польшчу. У сакавіку ўжо трэнаваў. Спачатку ў адным польскім клубе, а з лістапада працую аўтаномна.

– Ці шмат беларусаў прыходзіць на трэнінгі?

– Я жыву цяпер у такім месцы, дзе беларусаў не вельмі шмат. Калобжэг – невялікі горад, каля 50 тысяч насельніцтва. У лакальным чаце беларускай дыяспары ўсяго 40 чалавек. Але так, у мяне займаюцца, па-першае, шэсць атлетаў, якія пераехалі за мной з Беларусі, каб працягваць у мяне трэнавацца. Па-другое, прыходзяць тыя, хто тут жыве. Але большасць пачаткоўцаў – украінцы.

Тыя, хто прыехаў за мной з Беларусі, – спартоўцы высокага ўзроўню. Я б сказаў, узроўню нацыянальнай зборнай. Тут, у Польшчы, сярэдні ўзровень каратэ ніжэйшы за беларускі. Дакладней, ніжэйшы за той узровень, які быў некалькі гадоў таму. Цяпер там, як і ў астатніх відах спорту, дэградацыя. Зыходжу з тых вынікаў, якія бачу са спаборніцтваў на тэрыторыі Беларусі: калі да іх русакі прыязджаюць і іх б'юць, то, вядома, ён не надта высокі. Але ў маю бытнасць, скажам так, наш узровень быў вышэйшы за польскі. І той узровень, які маюць мае выхаванцы цяпер, топавы для Польшчы. Мы ездзім на турніры ў Нямеччыну і там паказваем добрыя вынікі. Уваходзім у топ камандаў гэтых турніраў, з невялікай колькасцю атлетаў. І гэта выключна беларусы.

– Пад якім сцягам выступаеце на міжнародных спаборніцтвах?

– Цяпер пад эстонскім. Пад чырвона-зялёным мы, зразумела, не хочам выступаць. Да таго ж Беларусь, як і Расія, маюць дыскваліфікацыю на міжнароднай арэне. Мой клуб пакуль на стадыі рэгістрацыі. Таму выступаем за Беларускі Фонд спартовай салідарнасці, а ён зарэгістраваны ў Эстоніі і мае дамову з федэрацыямі гэтай краіны.

– Клуб, які рэгіструеш, таксама будзе называцца «Волат»?

– Так, вядома, «Волат».

– Ці будзе ён мець залы ў Варшаве і іншых гарадах Польшчы?

– «Волат» будзе зарэгістраваны як юрыдычная асоба, я спадзяюся, ужо праз некалькі тыдняў. А залы – так, мы плануем адкрываць ва ўсёй Польшчы. Хочацца зрабіць «Волат» такім жа моцным рухам, якім ён быў у Беларусі. І нават мацнейшым. У Варшаве, я думаю, зала «Волату» адкрыецца ў верасні.

Трэба яшчэ знайсці памяшканне, зрабіць рамонт, закупіць інвентар, – сказаў Рак.

Адзначым, «Волат» быў заснаваны ў 2005 годзе, а афіцыйна зарэгістраваны ў Беларусі ў 2012. У 2022 клуб быў ліквідаваны па ініцыятыве «Мінюста».