Усе навіны

Віталь Рак: «Тыя вынікі, якія былі ў каратэ, былі не дзякуючы дзяржаве, а насуперак»

13 чэрвеня, 10:14

Заснавальнік і трэнер спартовага клуба «Волат», чэмпіён Беларусі па каратэ Віталь Рак пра перспектывы беларускага каратэ.

– Беларусь мае перспектывы займець алімпійскага чэмпіёна ў каратэ?

– Беларусь мае перспектывы, калі яна стане вольнай і пройдуць працэсы дэмакратызацыі ва ўсіх галінах, у тым ліку ў спорце. Тады, ведаеш… А ўвогуле мяне здзіўляюць такія пытанні.

Таму што беларус – ён нічым не горшы за італьянца, француза ці там японца. Беларусы могуць усё, што яны захочуць. Могуць быць алімпійскімі чэмпіёнамі ў любых відах спорту.

Справа ў тым, што тыя вынікі, якія былі ў каратэ, – я пра самае блізкае для сябе кажу – былі не дзякуючы дзяржаве, а насуперак. Дзякуючы энтузіязму і працы людзей. Вось на апошнюю канферэнцыю беларускай федэрацыі каратэ прыязджаў [так званы] міністр спорту Кавальчук і казаў, што такіх умоваў для спорту, як у Беларусі, няма нідзе ў свеце. З сурʼёзным выглядам казаў. Гэта лухта, вядома. Беларусы могуць усё, але тыя, хто засталіся ў краіне, праз дыскваліфікацыю не маюць магчымасці выступаць цяпер на турнірах высокага рангу.

А спорт як вайна: каб армія была баяздольная, яна павінна ваяваць. Калі ты адно трэнуешся і не выступаеш на спаборніцтвах – не зможаш быць на высокім узроўні. Адбываецца дэградацыя. І яна будзе працягвацца, пакуль Беларусь не зробіцца вольнай і людзям не дадуць спакойна працаваць. Ну а цяпер там канцлагер. Дагэтуль працягваюць звальняць людзей, калі высвятляецца, што чалавек падпісваўся за Бабарыку. Хоць усе наймацнейшыя ўжо за межамі краіны. Дык сістэма пачынае цяпер жэрці сваіх адэптаў.

І я думаю, ва ўсіх відах спорту, і ў каратэ тым больш, бо гэта адзінаборства, такая асоба, якая прызвычаілася прыстасоўвацца, не выказваць сваёй пазіцыі, маўчаць, – такая асоба не можа выхаваць чэмпіёна. Асобу моцнага характару можа выхаваць толькі асоба моцнага характару, – сказаў Рак..