Tribuna/вид спорта не определен/Блогі/Смерць на дарозе – не такая ўжо і рэдкасць у беларускім спорце: забірала і маладых, і вядомых чэмпіёнаў

Смерць на дарозе – не такая ўжо і рэдкасць у беларускім спорце: забірала і маладых, і вядомых чэмпіёнаў

Жорсткі лёс.

Аўтар — cheeseday
11 снежня, 19:32
1
Смерць на дарозе – не такая ўжо і рэдкасць у беларускім спорце: забірала і маладых, і вядомых чэмпіёнаў

У ноч з 8 на 9 снежня трагічна загінуў старшы трэнер зборнай Беларусі па фрыстайле Максім Гусцік. 35-гадовы мужчына трапіў пад колы аўтамабіля. На жаль, здарэнні на дарозе - не такая рэдкая прычына смерці ў белспорце.

Аляксей Савін, хакеіст

Натуралізаваны расіянін ужо ў 20 гадоў прыняў удзел у запамінальным для беларусаў чэмпіянаце свету па хакеі-2006, калі каманда заняла на турніры выніковае 6-е месца.

Загінуў хакеіст “Юнацтва” ў 2007 годзе. Савін праводзіў адпачынак у родным Чалябінске, дзе яго падчас катання на ровары збіла машына з нецвярозым кіроўцам.

Зінаіда Стагурская, раварыстка

Ураджэнка Віцебска - адна з найбольш паспяховых раварыстак Беларусі. Шматразовая чэмпіёнка розных гонак, удзельніцай Алімпіяд-1992, 1996 і 2004.

Першым сур’ёзным дасягненнем стала перамога на чэмпіянаце свету ў групавой гонцы ў 2000-м. Пасля перамогі на шматдзёнцы “Джыра д’Італія” у 2001-м спартсменку дыскваліфікавалі на чатыры месяцы праз знойдзенае ў крыві рэчыва для маскавання допінга. Пасля вяртання раварыстка стала першай у “Вялікай Пятлі” - жаночым аналагу “Тур дэ Франс”.

Пайшла з жыцця Стагурская ў 2009 годзе ва ўзросце 38 гадоў. На 93-м кіламетры трасы Віцебск-Гомель раварыстку збіла “Хонда”, якая вылецела на сустрэчную паласу. Трэнер, які суправаджаў віцяблянку на машыне, цудам ухіліўся ад сутыкнення, а вось Стагурская загінула на месцы. За стырном “Хонды” знаходзілася 42-гадовая ўраджэнка Санкт-Пецярбургу, якая разагнала машыну да 140 кіламетраў на гадзіну.

Аляксей Мжачык, цяжкаатлет

Аляксей Мжачык - майстар спорту міжнароднага класа ў цяжкай атлетыцы, шматразовы прызёр чэмпіянатаў Беларусі, удзельнік Алімпійскіх гульняў-2016. Бронзавы прызёр моладзевага чэмпіянату Еўропы і срэбны прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў-2015. Выступаў у вагавай катэгорыі вышэй за 109 кг.

25-гадовы пінчук загінуў 1 жніўня 2021 года ў Нямеччыне. Кіроўца аўтамабіля, у якім ехаў цяжкаатлет, не даў рады кіраванню, урэзаўся ў агароджу трасы, а пасля - у слуп. Штангіст атрымаў несумяшчальныя з жыццём траўмы і загінуў на месцы. Кіроўцу і яшчэ двух пасажыраў з сур’ёзнымі траўмамі шпіталізавалі на верталёце.

Сяргей Лагун, цяжкаатлет

Таленавіты беларускі атлет, адзін з найбольш перспектыўных у тагачаснай зборнай Беларусі. Уладальнік залатога медалю чэмпіяната міра-2007 сярод юніёраў. Удзельнік пекінскай Алімпіяды, двухразовы прызёр чэмпіянатаў свету.

22 красавіка 2011-га Лагун разам з паплечнікам па зборнай Яўгенам Жарнасекам ехаў па родным Наваполацку. На закругленні дарогі цяжкаатлет не даў рады кіраванню і ўрэзаўся ў дрэва. Ад атрыманых траўм 22-гадовы штангіст загінуў на месцы. Жарнасек з пераломамі рознай ступені цяжкасці патрапіў у рэанімацыю.

Апошні пасля аўтакатастрофы паспяхова аднавіўся і працягнуў кар’еру. Браў удзел у лонданскай Алімпіядзе, тройчы ездзіў на чэмпіянаты свету.

Андрэй Шчарбакоў, футбаліст

Беларускі брамнік, які выступаў за “Віцебск”, “Слуцк”, “Белшыну” і БАТЭ. З апошнім фармальна станавіўся чэмпіёнам краіны і ўладальнікам Суперкубка, хаця на поле амаль не выходзіў. Выступаў за моладзевую зборную Беларусі, браў удзел у Алімпійскіх гульнях у Лондане-2012.

Загінуў 27-гадовы гулец 17 снежня 2018 года ў жудаснай аварыі пад Талачынам. Аўтамабіль футбаліста занесла на заснежанай трасе, і той вылецеў на сустрэчную паласу, дзе сутыкнуўся з эвакуатарам Mercedes. Разам са Шчарбаковым загінулі на месцы ягоная жонка і шасцігадовы сын. Таксама ў салоне быў яшчэ адзін сын, якога пасля сутыкнення выкінула з машыны - 3-гадовае дзіця выжыла. На выхаванне яго ўзяла бабуля.

Мікалай Шастакоў, хакеіст

Хакеіст не паспеў стаць шырока вядомым праз свой узрост, але падаваў надзеі і ў свае 15 быў выкліканы ў юніёрскую (U-16) зборную Беларусі. Таксама ён значыўся ў спісе склікання на летні лагер юніёрскай зборнай U-18.

19 чэрвеня 2019 года здарылася аварыя пад Вязьмай, што на Смаленшчыне. Машына, у якой юнак ехаў з бацькамі, на вялікай хуткасці ўляцела ў нерухомы грузавы аўтамабіль. У выніку здарэння хакеіст і ягоная маці ад несумяшчальных з жыццём траўм загінулі. Бацька гульца, які кіраваў транспартным сродкам, патрапіў у лякарню.

***

Была яшчэ гісторыя з куды менш трагічным фіналам. Трыятланістка Валянціна Зелянкевіч выйгравала чэмпіянат Беларусі і ўваходзіла ў зборную. Спартсменка актыўна выказвалася супраць гвалту пасля выбараў-2020. Неўзабаве яе прыбралі з трыятлону, у выніку чаго давялося з'язджаць у Маскву і працаваць там трэнерам па плаванні.

А 5 чэрвеня 2021 года Зелянкевіч патрапіла ў аварыю. У сваім інстаграме трыятланістка паведаміла, што яе падчас язды на ровары збіла машына. Спартсменка атрымала пералом сківіцы ў трох месцах, выбіла і раздрабіла некалькі зубоў.

Варта адзначыць, што аднаўленне атлеткі прайшло даволі хутка. На здымку, што быў апублікаваны праз два тыдні, слядоў аварыі на твары ўжо не бачна, зубы таксама былі на месцы.

Фотаздымкі:weightlifting.by, hockey.by, fc.vitebsk.by,@zelenkevich__valentina

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты