Все новости

Карына Казлоўская: «Трэнер пачаў паўтараць, што я тут ніхто, што ён мне будзе плаціць менш, бо я не полька, а прыехала з Беларусі»

17 лістапада, 20:20
2

Беларуская лучніца Карына Казлоўская расказала, чаму была вымушана сысці са спорту

– У канцы 2022 года, ужо зімой, у мяне пачаліся праблемы. Я паказвала адны з лепшых вынікаў у клубе, выдатна ўсюды выступала, але пры гэтым атрымлівала самы маленькі заробак. Не разумела, чаму так. Сказала пра гэта галоўнаму трэнеру. Аказалася, што ўсё гэта з-за таго, што я з Беларусі, таму не заслугоўваю большага.

– Чаму вырашылі, што справа ў гэтым?

– Трэнер мне прамым тэкстам так і сказаў. Шмат чаго казаў не самага прыемнага, але часцей за ўсё паўтараў, што я тут ніхто, нічога не ведаю, мае абавязкі – страляць, спаць і есці. І за гэта я ўжо павінна быць удзячная, гэтым павінна быць задаволеная. А плаціць ён будзе столькі, колькі захоча.

У верасні 2023 года ў нас адбылася сустрэча, і галоўны трэнер заявіў, што ў мяне дрэнныя вынікі, што я паказваю не тое, што ён чакае ад мяне, таму мае намер істотна знізіць заробак – да трох тысяч злотых. І што арэнду кватэры клуб будзе аплочваць толькі напалову. Гэта значыць пляваць, што ў кантракце ўсё дакладна прапісана, ёсць лічбы, ёсць фіксаваны заробак. Трэнеру захацелася ўсё памяняць. І зноў пачаў паўтараць, што я тут ніхто, што ён мне будзе плаціць менш, бо я не полька, а прыехала з Беларусі. Мы цвёрда пасварыліся, я вырашыла, што больш трываць такое стаўленне не буду, і захацела звольніцца.

– Трэнер ведае, чаму вы з'ехалі з Беларусі?

– Ведае, і, нягледзячы на гэта, ціснуў. Маўляў, мне няма куды вяртацца, таму трэба цярпець, быць у клубе і рабіць усё, што ён скажа, – распавяла Казлоўская.