Tribuna/Тэніс/Блогі/Мэцью Пэры мог стаць тэнісістам: быў у рэйтынгу Канады, падачу на 160 км/г адчулі на сабе яечкі Чэві Чэйза

Мэцью Пэры мог стаць тэнісістам: быў у рэйтынгу Канады, падачу на 160 км/г адчулі на сабе яечкі Чэві Чэйза

Але кар'ера скончылася праз пераезд, пераацэнку сіл і акцёрскай будучыні.

30 кастрычніка, 09:59
Мэцью Пэры мог стаць тэнісістам: быў у рэйтынгу Канады, падачу на 160 км/г адчулі на сабе яечкі Чэві Чэйза

28 кастрычніка памёр акцёр Мэцью Пэры, сусветна вядомы перш за ўсё па сваёй ролі Чэндлера Бінга ў серыяле «Сябры». Яму было 54 гады.

У свой час лёс мог занесці яго менавіта ў свет спорту – як тэнісіста. Пра гэта ён падрабязна распавёў у мемуарах «Сябры, палюбоўніцы і вялікая калатнеча», якія выйшлі год таму.

Пэры пачаў гуляць у тэніс яшчэ ў Канадзе – «лічыў пытаннем часу, калі выйдзе на «Уімблдон»

Тэнісам Пэры пачаў займацца яшчэ ў чатыры гады – за гэта адказваў ягоны дзядуля.

«У восем я ўжо разумеў, што мог бы яго пабіць, але пачакаў з гэтым да дзесяці гадоў. Я гуляў па восем-дзесяць гадзін кожны дзень, а потым яшчэ гадзінамі біў тэнісную сценку, уяўляючы сябе Джымі Конарсам (тэнісіст, які правёў 160 тыдняў на першым месцы рэйтынгу ATP у 1974–1977 гадах – Tribuna.com)», – успамінаў у мемуарах акцёр.

У яго была і ўласная матывацыя – прыцягнуць да сябе ўвагу маці, якая развялася з бацькам і неўзабаве ізноў выйшла замуж:

«Лічыў толькі пытаннем часу, калі я выйду на «Уімблдон», прыязна і стрымана ківаючы сваім прыхільнікам, разамнуся, а затым згуляю пяць сэтаў супраць Макінроя. Я спакойна дачакаюся, пакуль ён аблае нейкага напышлівага брытанскага суддзю, а затым бэкхендам выканаю ідэальны крос і выйграю турнір. Тады я пацалую залаты трафей і вып'ю шклянку ячменнага ліманаду Робінсанс. Гэты напой так непадобны на «Доктара Пэпэра», што мне нават спадабаецца. Тады, мабыць, я атрымаю ўвагу сваёй маці».

Мэцью Пэры – з ракеткай пасярэдзіне

Як бы там ні было, тэніс захапіў Мэцью – ён гуляў у мясцовым клубе, дзе праводзіў дні ў чаканні, што камусьці з пенсіянераў патрэбны будзе чацвёрты гулец.

І быў мясцовым каралём камбекаў – і дапамагалі гэтаму слёзы:

«Старыя мяне любілі, таму што я мог дацягнуцца да любога мяча, аднак у мяне быў жудасны нораў. Я шпурляў ракетку, лаяўся і шалеў, а калі прайграваў з вялікім адрывам, пачынаў раўці. Звычайна такое папярэднічала майму камбеку. Я прайграваў адзін сэт, прайграваў 5:1 у другім, прайграваў 0:40, рыдаў, а затым рабіў камбек і выйграваў матч з трох сэтаў. Я плакаў, але думаў: «Я выйграю. Упэўнены, што выйграю». Іншыя не мелі такой патрэбы ў перамозе».

Кар'ера Пэры-тэнісіста згасла ў Лос-Анджэлесе – не пацягнуў узровень, хоць і быў у юніёрскіх рэйтынгах

У 14-15 гадоў з Пэры адбыліся тры падзеі:

• патрапіў у нацыянальны тэнісны рэйтынг Канады;

• упершыню паспрабаваў алкаголь – і ўпадабаў яго: «Зразумеў, што ўпершыню ў жыцці мяне нічога не грызла. Усё ў свеце стала на свае месцы. Свет больш не быў скалечаным і вар'яцкім. Я зрабіўся паўнавартасным і бесклапотным. Я яшчэ ніколі не адчуваў такога шчасця, як у той момант»;

• рашэнне пераехаць да бацькі ў Лос-Анджэлес пасля пастаянных сварак з мамай – «шчаслівым быў толькі на корце».

Гэтае рашэнне Пэры лічыў потым «уцёкамі ад сябе», але і ў ім не абышлося без тэніса – менавіта «так будзе лепей для тэніснай кар'еры» і стала галоўным аргументам для абодвух бацькоў узгадніць гэты пераезд.

Спачатку, здавалася, усё ідзе добра – на пэўным этапе, як гаворыцца ў біяграфіі акцёра на IMDb, у гэты перыяд ён нават займаў 17-е месца ў адзіночным і трэцяе ў парным юніёрскіх нацыянальных рэйтынгах. «Спачатку я сам планаваў займацца спортам. Я выйшаў на такі ўзровень у тэнісе, што мяне сур'ёзна думалі запісаць у тэнісную акадэмію Ніка Балецьеры ў Фларыдзе. Балецьеры быў высакакласным тэнісным трэнерам – дапамагаў Моніцы Селеш, Андрэ Агасі, Марыі Шарапавай, Вінус і Серэне Уільямс і г.д.», – распавядаў у мемуарах Мэцью.

Аднак адносна хутка стала ясна, што з тэніснай кар'ерай не складзецца – розніца ва ўзроўні ў ЛА і канадскай Атаве была неймавернай. Хоць Пэры ў свой час у інтэрв'ю New York Times распавядаў, што трэнаваўся па 10 гадзін на дзень: «Я павінен быў мець поспех ва ўсім, што я рабіў, каб мець добрае стаўленне да самога сябе. У мяне быў гэты неверагодны запал на тэнісным корце, і гэта перайшло і ў акцёрскую кар'еру».

«Я памятаю, як запісаўся на сатэлітны турнір, куды прыйшоў мой тата з новай сям'ёй. У першым матчы я не выйграў ніводнага пункта.

Мае мары стаць наступным Джымі Конарсам хутка разбіліся, сутыкнуўшыся з вокамгненнымі (100 міль у гадзіну) кручанымі падачамі бронзаваскурага каліфарнійскага бажаства, якое апынулася адзінаццацігадовым хлапчуком па імені Чад», – так расказваў пра канец тэніснай кар'еры сам Мэцью.

Тэніс дапамог Пэры з роляй у «Раёне Беверлі-Хілз», а праз дэкаду ён зарадзіў мяч прама ў яечкі коміка Чэві Чэйза

У сваіх мемуарах Пэры згадвае дзве тэнісныя гісторыі падчас сваёй акцёрскай кар'еры.

Першая – пра ягоную гасцявую ролю ў першым сезоне серыяла «Раён Беверлі-Хілз», дзе ў адным з эпізодаў ён гуляў маладую тэнісную зорку Роджэра Азарана. Гэта было ў 1991-м – за тры гады да выхаду першага сезону «Сяброў».

«У пачатку гэтай серыі я дубашу тэнісныя мячы, выхваляўся формай гульца канадскага нацыянальнага рэйтынгу размашыстымі кручанымі форхендамі, агрэсіўнымі пераможнымі бэкхендамі і непадробным уменнем гуляць. Я нават варочаю старамоднай драўлянай ракеткай Donnay у стылі Бьерна Борга.

У гэтай сцэне я умудрыўся зламаць яе мініятурны вобад занадта моцным ударам. Джэйсан Прыстлі ў ролі Брэндана Волша заўважыў маю дрэнна схаваную лютасьць і спытаў, колькі ракетак я знішчаю за тыдзень. На гэта я адказаў у духу мастацтва, якое варта жыцця: «Залежыць ад таго, чый твар бачу на мячы», – распавядаў пра сваю гульні Пэры.

Другая гісторыя адбылася не пры кінакамерах – на дабрачынным турніры ў 2003 годзе пры ўдзеле знакамітасцяў-прафесіяналаў. Там Пэры павінен быў згуляць супраць коміка Чэві Чэйза – свайго куміра.

Да таго часу Пэры ўжо доўга не гуляў у тэніс (тады «Сябры» ужо падыходзілі да свайго завяршэння), але ўсё яшчэ ўмеў прафесійна магутна падаваць мячы. Але ўжо не ведаў, куды іх падае.

«Я падкідваю мяч, заводжу ракетку за спіну, з усіх сіл луплю па мячы, а потым жудасна гляджу, як замест таго, каб пераляцець корт па дыяганалі да партнёра Чэві, ён нясецца проста на самога Чэві. Той стаіць на лініі падачы, роўна за васемнаццаць метраў ад таго месца, дзе я ўдарыў па мячы. Магу з упэўненасцю сказаць: калі мяч ляціць з хуткасцю прыкладна 160 кіламетраў за гадзіну, значыць, ён пераадольвае прыкладна 44,5 метра ў секунду, а значыць, у містэра Чэйза было 0,412 секунды, каб выбрацца адтуль.

Містэр Чэйз не выбраўся.

Дакладней, не выбраліся ягоныя яечкі. Я падаў мяч на хуткасці, блізкай да прафесійнай, прама ў маленькага Чэві», – успамінаў Пэры.

Гэта бачылі дзве тысячы чалавек, у тым ліку і Джордж Буш-старэйшы. Інтэрлюдыю, у якой Пэры распавёў пра гэту гісторыю, ён назваў «Гвалт у Галівудзе».

***

Пасля 2018 года, калі Пэры правёў пяць месяцаў у лякарні з перфарацыяй страўнікава-кішачнага тракту, з якіх два тыдні ў коме праз злоўжыванне наркотыкамі, акцёр пачаў часта гуляць у пікбол. Гэта гульня, якая аб'ядноўвае ў сабе элементы тэніса, настольнага тэніса і бадмінтона – у ёй гуляюць драўлянымі ракеткамі, палімерным шарыкам і праз нацягнутую сетку.

Таблоід TMZ сцвярджае, што незадоўга да смерці Мэцью Пэры правёў дзве гадзіны, гуляючы ў пікбол.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты