Tribuna/Футбол/Блогі/Штучны інтэлект выратаваў Мічэла ад звальнення з «Жыроны». Цяпер яго хочуць еўрапейскія топы

Штучны інтэлект выратаваў Мічэла ад звальнення з «Жыроны». Цяпер яго хочуць еўрапейскія топы

Гісторыя трэнера.

19 лютага, 02:25
Штучны інтэлект выратаваў Мічэла ад звальнення з «Жыроны». Цяпер яго хочуць еўрапейскія топы

Калі ў Іспаніі гавораць пра Мічэла, то варта ўдакладніць, што маецца на ўвазе не легендарны футбаліст «Рэала» і цяперашні трэнер «Аль-Кадысі» ў Саудаўскай Аравіі. Мічэл Санчэс таксама нарадзіўся ў Мадрыдзе, але правёў куды менш феерычную гульнявую кар'еру. Але ён таксама здолеў стаць легендай клуба, праўда, толькі сціплага «Рая Вальякана».

Сёння ён з'яўляецца адным з самых папулярных трэнераў у Ла Лізе, а чуткі называюць яго як мінімум пераемнікам Хаві ў «Барселоне», а як максімум – трэнерам «Сіці» пасля Гвардыёлы.

Мічэл – дзіця Вальекаса

Распавядаючы пра Мічэла, нельга абыйсці ўвагай Вальекас – раён Мадрыда, дзе рос будучы трэнер, бо ён літаральна ўвасабляе ў сабе дух трушчоб гэтых працоўных кварталаў. Яго бацькі родам з Мурса, зараблялі тым, што прадавалі гародніну, а вось іх сын цэлымі днямі гуляў у футбол у шчыльнай забудове Вальекаса. Раней гэта быў асобны муніцыпалітэт, але з 1950 года ён стаў часткай сталіцы Іспаніі. Тут у асноўным жылі рабочыя, што спрыяла распаўсюджванню сацыялістычных ідэй і нават анархізму. Вальекас меў рэпутацыю месца супраціву Франка падчас кіравання генералісімуса. Мясцовы «Рая» прайшоў шлях ад фарм-клуба «Атлетыка» да каманды, якая магла дазволіць сабе запрасіць самога Уга Санчэса.

Менавіта ў перыяд знаходжання легендарнага мексіканца ў клубе за «Рая» дэбютаваў юны Мічэл, прычым адразу ў матчы супраць «Барселоны» Кройфа. За 18 сезонаў у клубе ён правёў 425 гульняў за клуб і стаў найлепшым бамбардзірам «Рая» ў гісторыі і трэцім па колькасці сустрэч. Мічэл гуляў у паўабароне і меў даволі добрую левую нагу, дзякуючы якой забіваў галы. У яго гульнявой кар'еры яшчэ была «Альмерыя», «Мурсія» і «Малага», але гэта былі толькі эпізадычныя ролі.

Пасля завяршэння кар'еры ў 2012 годзе былому капітану прыдумалі новую пасаду, ён каардынаваў працу першай і другой каманд «Рая». Аднак з менеджарскай пасады ён перайшоў на трэнерскую.

Пакутаваў ад панічных атак, да «Жыроны» вывеў два клубы ў Ла Лігу

У 2017-м справы ў «Рая» ішлі вельмі так сабе. Каманда была блізкая да зоны вылету ў Сегундзе. Гульня таксама не ўражвала, але нават пры такіх абставінах прызначыць галоўным трэнерам Мічэла, які абсалютна не меў вопыту, выглядала рызыкай. Але трэнер здолеў выцягнуць «Рая». Ужо ў наступным сезоне каманда ў даволі атакуючым стылі атрымала пуцёўку ў Ла Лігу, заняўшы першае месца.

Такі імклівы паварот адбіўся нават на ментальным здароўі трэнера: «Пасля падвышэння ў класе ў мяне адбылася панічная атака праз увесь гэты ціск, які наваліўся з усіх бакоў... Я з'ехаў у адпачынак, і ўжо ў адпачынку папрасіў жонку, маўляў, адвязі мяне ў лякарню, я паміраю. Потым я тры гады наведваў псіхолага і псіхіятра. Цяпер я імкнуся кантраляваць свае эмоцыі, каб падобнага са мной больш не паўтарылася», – прызнаўся ён у інтэрв'ю Marca.

Старт у эліце аказаўся сапраўды цяжкім для Мічэла. Яго каманда атрымала ўсяго адну перамогу ў 13 матчах. Іранічна, што абгуляць удалося «Уэску» – наступны клубам трэнера. Потым справы крыху наладзіліся, клуб нават меў тры перамогі запар і прайшоў пяць матчаў без паражэнняў. Здавалася, што давер да Мічэла ўсё яшчэ дастаткова вялікі, але сем запар паражэнняў у лютым-сакавіку падштурхнулі кіраўніцтва да звальнення. Вясёлая гульня з кантролем мяча, якая давала вынік у Сегундзе, на топ-узроўні не спрацавала.

Улетку трэнер прыняў «Уэску», якая толькі што вылецела ў Сегунду - і здолеў сабраць моцную каманду з кучы арандаваных гульцоў. Яна адразу добра стартавала, а галоўнай ударнай сілай стаў японец Сіндзі Окадзакі, які цудам апынуўся ў клубе.

Чэмпіён АПЛ у складзе «Лестэра» перайшоў свабодным агентам у «Малагу», але праз перавышэнне бюджэту клуб не здолеў яго зарэгістраваць. У верасні 33-гадовы форвард далучыўся да «Уэскі», дзе забіў 12 галоў за сезон. Мічэл вывеў каманду ў Ла Лігу (зноў з першага месца), але наступны сезон таксама стаў правальным. Ужо ў студзені яго замяніў Пачэта.

Атрымаў неабходны час у «Жыроне». Не абышлося без штучнага інтэлекту

У «Жырону» трэнера паклікалі рабіць ужо звыклую працу – прабівацца ў эліту. Перад гэтым каталонцы вылецелі з даволі прыстойным складам (Буну, Пэдра Пора, Дуглас Луіс, Крысціян Стуані), але праз год так і не змаглі вярнуцца. Спартыўны дырэктар Кіке Карсэль адправіў прапанову Мічэлу, хоць быў варыянт з Хаўерам Пім'ентай.

Пачатак быў сапраўды жахлівым, каманда за пяць тураў паказала найгоршы старт за 10 гадоў, ды і далей лепей не стала. У нейкі момант «Жырона» ішла ў зоне вылету з Сегунды – толькі вар'ят мог уявіць, што гэты клуб з гэтым жа трэнерам роўна праз два гады будзе ісці першым у Ла Лізе. Аднак, падобна, такім вар'ятам аказаўся штучны інтэлект і Феран Сарыяна – дырэктар Football Group.

«У нас было дзве праблемы: каманда з Нью-Ёрка і «Жырона». У кастрычніку 2021 года мы ацанілі сітуацыю з «Жыронай», але штучны інтэлект і ўсе метрыкі, якія мелі CFG для аналізу нашых выступленняў, падказалі нам, што мы павінны захаваць веру ў Мічэла.

Часам мы мадэлявалі гульні па мільёне разоў, але ў выпадку з «Жыронай» усё было дакладна: «Нічога не чапайце, усё будзе добра». І ўсё стала добра», – распавядаў Сарыяна.

Сам трэнер так тлумачыў гэты працэс: «Вам патрэбны час. На шчасце, у «Жыроне» я яго меў. Калі я прыйшоў у клуб, яны перажывалі траўматычныя моманты, не змаглі выйсці ў плей-оф. Футбалісты знаходзіліся ў складаным эмацыйным стане. Наша ўяўленне пра гульню было значна больш агрэсіўным, чым тое, што рабіла «Жырона». І гэта згуляла сваю ролю.

Значна цяжэй для таго, хто перажыў два цяжкія ўдары, раскрывацца і рызыкаваць у чэмпіянаце. Магчыма, гэты ментальны працэс быў самым складаным момантам, які мне прыйшлося прайсці разам з гульцамі, але ён не вельмі дапамог бы, калі б у мяне не было часу», – казаў Мічэл.

Ужо ў снежні каманда паднялася на шостае месца, што дае права згуляць у плей-оф. Каталонцы так і скончылі шостымі, а ў стыкавых матчах разабраліся з «Эйбарам» і «Тэнэрыфэ». З 57 камандных галоў 22 забіў Крысціян Стуані. Трэнер зноў выканаў заданне – стаў першым трэнерам у гісторыі іспанскага футбола, хто выводзіў тры каманды з Сегунды ў Ла Лігу. Улічваючы гульнявое мінулае, гэта быў для яго сёмы ўздым у эліту. Была вялікая рызыка так і застацца трэнерам-ліфцёрам, які спецыялізуецца толькі на Сегундзе, але ў другі сезон у «Жыроне» яму ўдалося зламаць традыцыю.

«Я лепей адаптуюся, чым раней. Важна заўважаць талент гульца і адаптаваць яго да запатрабаванняў каманды. Па-ранейшаму я стараюся гуляць з пазіцыі сілы, валодаць мячом, але калі ўзнікаюць сітуацыі, у якіх нам трэба пасядзець у абароне, то мы робім гэта», – распавядаў Мічэл.

Адна з яго галоўных фішак як трэнера – варыятыўнасць. Часта ён мяняе тактыку проста пасярод гульні, адштурхваючыся ад таго, як гуляе супернік. У мінулым сезоне такім правадніком для яго быў Арыёль Рамэу, да якога трэба было дакрычацца, каб паказаць змену тактыкі. У гэтым сезоне ролю медыятара выконвае Алейш Гарсія.

Пра феерычны сезон «Жыроны» сказана шмат, але сам Мічэл глядзіць на рэчы глабальна: «Мне падабаецца бачыць, як ацэньваюць маю каманду і маю працу іншыя, таму што ты не можаш факусавацца толькі на сваёй працы, трэба бачыць, як цябе ўспрымаюць у навакольным свеце. Відавочна, я разумею, хто канструктыўна крытыкуе, а хто дэструктыўна. Мару пра тое, каб увайсці з «Жыронай» у гісторыю».

На сёння каманда адстае ад «Рэала» на 2 пункты, але чэмпіёнскія амбіцыі трэнер не праяўляе: «Перамога ў Ла Лізе – гэта не наша мэта. Мы рухаемся ад матчу да матчу і хочам патрапіць у еўракубкі. Гэта ўжо ўпіша нас у гісторыю. Еўракубкі – гэта нашая мара. Змагацца з «Рэалам» мы не можам. Вельмі складана набіраць столькі ж пунктаў у кожным матчы», – казаў Мічэл у пачатку студзеня.

Вывучыў каталонскую дзякуючы суседзям, а заўзятары ўжо лічаць сваім

Трэнер прызнаецца, што на яго адаптацыю ў Каталоніі вельмі моцна ўплывала маці, якая заўжды казала яму, што трэба прымаць культуру людзей, з якімі працуеш. Таму ён адразу ж пачаў вучыць каталонскую:

«Я вывучыў каталонскую мову не для таго, каб выслужыцца перад заўзятарамі ці заваяваць іх прыхільнасць. Гэта было толькі для таго, каб аддзячыць клубу, які зрабіў на мяне стаўку. Калі я ўбачыў, што ў клубе ёсць родная мова – каталонская, і ўбачыў, што яна дастаткова распаўсюджаная, я зразумеў, што калі хачу пракласці свой шлях сярод гэтых людзей, стаць яшчэ адным элементам і быць інтэграваным, то мова дапаможа мне ў гэтым».

У сваім першым сезоне Мічэл быў у «Жыроне» без сям'і, але здолеў хутка інтэгравацца. Трэнер пасяліўся ў самым цэнтры горада і адразу ж пасябраваў з суседзямі – мясцовымі пенсіянерамі, якія частавалі яго каталонскімі стравамі. Паяданне pa amb tomaque (традыцыйных грэнак з памідорамі) па-суседску стала рытуалам, які Мічэл кожную праводзіў пятніцу. Гэта дапамагло падцягнуць каталонскую. Таксама ў яго ёсць персанальны настаўнік, а яшчэ – ён прымусіў усіх працаўнікоў клуба гаварыць з ім на каталонскай, нават у WhatsApp пачаў пісаць выключна на гэтай мове.

Нядзіўна, што адзін з любімых чантаў заўзятараў сёння: «Мічэл – каталонец».

Яго імя ўжо называюць пры абмеркаванні будучых новых трэнераў топ-клубаў. Была інфармацыя пра цікавасць з боку «Чэлсі», «Ньюкаслу» і «Барселоны». Але Мічэл, каментуючы чуткі пра будучыню ў «блаўгранаса», адназначна адказаў: «Я думаю пра «Жырону». У мяне з клубам кантракт да 2026 года. Хаві – той, хто лепш ведае «Барсу». Хаві – гэта «Барса», – сказаў Мічэл.

Фота: Global Look Press/Jose Luis Contreras, «Жирона»

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты