💃Tribuna.com адкрывае вакансію Affiliate Manager
19 красавіка 2023, 13:57Вакансія
Усе навіны

Трыятланістцы Зелянкевіч далі два гады «хатняй хіміі», гэта звязана з яе ўдзелам у пратэстах у 2020-м

10 сакавіка, 00:40

Як стала вядома «Трыбуне», адзін з «судоў» рэжыму Лукашэнкi даў два гады так званай «хатняй хіміі» (абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову) трыятланістцы Валянціне Зелянкевіч.

Па нашых звестках, гэты «прысуд» звязаны з удзелам Зелянкевіч у беларускіх мірных пратэстах у 2020-м. Акцыі тады ўзніклі ў адказ на фальсіфікацыю рэжымам Лукашэнкі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалт «сілавікоў».

Зелянкевіч у канцы жніўня 2020-га не працягнулі кантракт у мiнскiм клубе трыятлона «Трыстайл». Як казала спартсменка, дырэктар клуба Дзмітрый Талкачоў абяцаў ёй прадоўжыць супрацоўніцтва, аднак адмовіўся ад яго пасля таго, як убачыў «пратэстны» пост Зелянкевіч у Instagram з фота, дзе яна стаяла з бел-чырвона-белым сцягам на праезнай частцы падчас аднаго з мірных мітынгаў. Адзначым, падобныя здымкі неаднаразова станавіліся прычынай рэжымных «судоў» па абвінавачанні ў нібыта «грубым парушэнні грамадскага парадку».

Восенню 2020-га Зелянкевіч пераехала ў Расію, дзе працягвала трэніравацца, а таксама працавала трэнерам па трыятлоне і плаванні. Па інфармацыі Tribuna.com, некаторы час назад Зелянкевіч вярнулася ў Беларусь, а неўзабаве пасля гэтага была затрыманая «сілавікамі» Лукашэнкi і заставалася за кратамі да нядаўняга «суда».