Размінка і трэніроўка. Успамінаем падзеі першых этапаў новага сезону Формулы Е
У мінулы ўік-энд у Саудаўскай Аравіі Formula E распачала свой восьмы сезон. І калі пятнічная гонка прайшла адносна спакойна, то суботняя выдалася даволі падзейнай.
Фота: fiaformulae.com
У мінулы ўік-энд у Саудаўскай Аравіі Formula E распачала свой восьмы сезон. І калі пятнічная гонка прайшла адносна спакойна, то суботняя выдалася даволі падзейнай.
Усё па фізкультурных правілах – спачатку размінка, а потым сапраўдная трэніроўка! Здаецца, менавіта так вырашылі зрабіць удзельнікі Формулы Е, пачынаючы новы сезон у Эд-Дырые – прыгарадзе сталіцы Саудаўскай Аравіі Эр-Рыяду. Таму і атрымалася, што ўсё самае цікавае адбылося ў другі гоначны дзень.
Зрэшты, усё лагічна – гоншчыкі і каманды проста прадбачліва не атакавалі напоўніцу ў пятніцу, каб фатальна не пашкодзіць баліды і не застацца з «абаранкамі» па выніках абодвух першых этапаў сезону-2022. Ён-та, канечне, доўгі – складаецца агулам з шаснаццаці гонак і цягнецца да жніўня. Але непрыемнасці ўжо на старце нікому не патрэбныя.
Праблем жа і так хапае, толькі ў Формулы Е ў цэлым. Пасля мінулага сезону з ёй развіталіся завадскія каманды Audi і BMW (цяпер некаторыя каманды толькі карыстаюцца іх сілавымі ўстаноўкамі), гэты стане апошнім для Мерсэдэса. Затое ў наступным, калі чэмпіянат пяройдзе на машыны новага пакалення, прыйдзе Maserati, пра што было аб’яўлена ў пачатку студзеня. Прычым, калі чэмпіянат вернецца да свайго былога фармату і пачне новы сезон ужо ў снежні, італьянскую каманду мы пабачым ужо ў каляндарным 2022-м.
Што мы пабачым дакладна, дык гэта прынцыповую барацьбу Ніка дэ Фрыса, які будзе спрабаваць абараніць свой першы тытул чэмпіёна свету ў Формуле Е (ранг сусветнага чэмпіянату кальцавая электрычная серыя атрымала толькі ў мінулым годзе). Пілот якраз каманды Mercedes-EQ таксама з’яўляецца і першым аўтагоначным чэмпіёнам з Нідэрландаў (Макс Ферстапен свой тытул у Формуле-1 атрымаў пазней), і ён быў сярод тых, хто ў пятніцу асцярожнічаў. Што, аднак, не перашкодзіла яму пачаць новы сезон з перамогі.
Не перашкодзіла і не ідэальная для Ніка кваліфікацыя, якая з гэтага году праводзіцца па новым фармаце. Усе гоншчыкі дзеляцца на дзве роўныя групы, а лепшыя з кожнай праходзяць потым праз чвэрць-, паўфіналы і фінал. У апошні ў пятніцу патрапілі напарнік дэ Фрыса Стофель Вандорн, які і заваяваў поўл, і гоншчык каманды Andretti Джэйк Дэніс. Сам чэмпіён кваліфікаваўся трэцім.
Ужо на старце дэ Фрыс пакінуў ззаду Дэніса, а ужо да дзясятага круга апынуўся і перад Вандорнам, калі ў таго з першага разу не атрымалася актываваць рэжым павышанай магутнасці (якой у гэтым годзе таксама стала болей – максімальная ў кваліфікацыі складае 250 кВт, што роўна 340 конскім сілам), і прыйшлося яшчэ раз праязджаць па адпаведным участку трасы пазней.
Гэта і былі ўсе змены ў першай тройцы – дэ Фрыс перамог, Вандорн фінішаваў другім, Дэніс заняў трэцяе месца. Нейкае ажыўленне ў працэс унёс быў толькі пілот Porsche Андрэ Лотэрэр, і тое толькі тым, што, доўгі час пратрымаўшыся на чацвёртай пазіцыі, у другой палове гонкі пачаў адкочвацца назад праз неабоходнасць эканоміць энергію. Фінішаваў немец у выніку толькі трынаццатым.
Берагчы зарад у батарэях у Формуле Е трэба па-ранейшаму, але цяпер яго хаця б не памяншаюць пасля перыядаў аўтамабіля бяспекі. У выпадках, калі ён на трасу выязджае, проста павялічваецца час гонкі (стандартна яна па-ранейшаму доўжыцца 45 хвілін плюс адзін круг) – на 45 секунд за кожную хвіліну, што пэй-кар праводзіць на трасе, але не болей чым на дзесяць хвілін.
Паспрабаваць новыя правілы і новы афіцыйны аўтамабіль бяспекі, якім цяпер з’яўляецца электрычны спорткар Porsche Taycan, у пятніцу таксама давялося, калі ў першай палове гонкі ў чатырнаццатым павароце ў выніку кантакту з балідам гоншчыка каманды Envision Racing Робіна Фрайнса развярнула пілота Mahindra Racing Олівера Роўландна, які сышоў з дыстанцыі.
Выязджаў сэфеці-кар на трасу і ў суботу, прычым у яго рэжыме гонка скончылася, яшчэ раз прымусіўшы ўсіх паразважаць на тэму таго, якімі маглі б быць фінальныя кругі Гран Пры Абу-Дабі Формулы-1 і хто б у выніку стаў яе чэмпіёнам у мінулым годзе. Але затое чыста гоначных падзей было багата, а праз прыгоды прайшлі і некаторыя лідары чэмпіянату.
Той жа самы дэ Фрыс, напрыклад, які на гэты раз стартаваў з поўлу. На старце другой гонкі першую пазіцыю Нік абараніў, але на шаснаццатым кругу пры дапамозе павышанай магутнасці яго ў васямнаццатым павароце трасы апярэдзіў Лукас дзі Грасі, які цяпер выступае ў складзе ROKiT Venturi Racing. Яго напарнік па камандзе Эдоарда Мартара ў гэты ж момант ззаду біўся з Фрайнсам, і таксама паспяхова, абагнаўшы нідэрландца і падняўшыся на трэцюю пазіцыю.
Праз некалькі кругоў, адправіўшыся на актывацыю другога рэжыму павышанай магутнасці, дэ Фрыс аддаў Мартары і другую пазіцыю – швейцарац у той момант таксама меў у сваім распараджэнні дадатковую магутнасць. А калі Нік сам адправіўся на другую актывацыю атакуючага рэжыму, то прапусціў яшчэ і Фрайнса.
А вось вярнуць страчанае ў дзейснага чэмпіёна не атрымалася – супернікі наперадзе былі хуткія, а пасля атакі з боку Жана-Эрыка Вэрня на васямнаццатым кругу перад тым жа васямнаццатым паваротам на балідзе дэ Фрыса нешта выйшла з ладу, і прапусціў ён не толькі чэмпіёна сезону-2014/2015 з каманды DS Techeetah, але і яшчэ цэлы шэраг супернікаў, фінішаваўшы толькі дзясятым.
Раней размен пазіцыямі атрымаўся і паміж гоншчыкамі Venturi – Мартара з усё той жа павышанай магутнасцю абагнаў дзі Грасі. А за дзесяць з паловай гадзін да сканчэння асноўнага часу гонкі са стандартнай магутнасцю чэмпіёна сезону-2015/2016 абагнаў Фрайнс. Адказаць бразілец не змог – на трасе, памыліўшыся і пашкодзіўшы свой балід аб адбойнік, спыніўся напарнік Роўланда па Махіндры Алекс Сімс.
Эвакуацыя яго машыны зацягнулася, і ў выніку аўтамабіль бяспекі, што ізноў выехаў на трасу, затрымаўся на ёй да апошняга круга. Перамога ў другой гонцы дасталася Мартары, Фрайнс заняў другое месца, дзі Грасі замкнуў першую тройку. Мартара па выніках першых двух этапаў лідзіруе і ў чэмпіянаце – у яго 33 ачкі. Другую пазіцыю займае дэ Фрыс, у якога 29 балаў, на адзін болей, чым у Вандорна, якому належыць трэці радок.
Лідарам каманднага заліку з 58 ачкамі з’яўляецца Venturi, аднак Mercedes, які займае другую пазіцыю, саступае ўсяго адзін бал і ажно на трыццаць апярэджвае калектыў Andretti, які займае трэцюю пазіцыю. Затое яго амерыканскі гоншчык Олівер Аск’ю, які ў мінулы ўік-энд дэбютаваў у Формуле Е, адразу ж здолеў зарабіць першыя ачкі, фінішаваўшы дзявятым у пятніцу.
Наступны этап электрычнай Формулы пройдзе 12 лютага ў Мехіка. Але і з Саудаўскай Аравіяй мы пакуль што не развітваемся – там жа, але паблізу ад Неома, 19-20 лютага свой другі сезон пачне роднасная Формуле Е электрычная гоначная серыя, але пазадарожная – Extreme E, за якой мы ізноў будзем уважліва сачыць.