Tribuna/Авто/мото/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Справядлівасці і несправядлівасці Віла Рэала. У гонках чацвёртага этапу WTCR перамагалі не толькі мацнейшыя

Справядлівасці і несправядлівасці Віла Рэала. У гонках чацвёртага этапу WTCR перамагалі не толькі мацнейшыя

Абганяць на гарадскіх трасах заўсёды цяжка, цяжка гэта было і ўдзельнікам гонак серыі WTCR у партугальскім Віла Рэале. Абгоны, зрэшты, былі, толькі не заўсёды такія, якіх чакалі гледачы і самі ўдзельнікі.

Справядлівасці і несправядлівасці Віла Рэала. У гонках чацвёртага этапу WTCR перамагалі не толькі мацнейшыя

Фота: fiawtcr.com

Абганяць на гарадскіх трасах заўсёды цяжка, цяжка гэта было і ўдзельнікам гонак серыі WTCR у партугальскім Віла Рэале. Абгоны, зрэшты, былі, толькі не заўсёды такія, якіх чакалі гледачы і самі ўдзельнікі.

Мы ўсе чакалі, што агрэсар, які 24 лютага распачаў супраць Украіны агрэсіўную вайну, хутка стоміцца і спыніцца. Але сваё гарматнае мяса ён шкадаваць не збіраецца, і працягвае пасылаць яго катаваць нашых добрых суседзяў.

Побач з імі змагаюцца і гінуць і беларусы, і мы ізноў зычым сіл і мужнасці родным і блізкім Івана Марчука, Васіля Парфянкова, Васіля Грудавіка і Вадзіма Шатрова, якія загінулі пры абароне Лісічанска, а таксама Яна Дзюрбейкі і Сяргея Дзягцёва, якія патрапілі ў палон.

Калі свет хоча існаваць і развівацца, Украіна мусіць атрымаць ваенную перамогу і знішчыць нашага з ёй агульнага ворага. Для гэтага ёй неабходныя падтрымка і дапамога, хаця галоўнае ў яе ёсць – гэта мужнасць і гераізм яе абаронцаў.

Сярод іх застануцца і беларусы, якія б’юцца зараз і за свабоду і незалежнасць нашай радзімы. Гібель расійскай фашысцкай пачвары будзе азначаць і гібель тутэйшай калгаснай. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Некалі рускі свет наважваўся дагнаць Партугалію. Сёння ён адкочваецца ў дзевятнаццатае стагоддзе, у якім ментальна застаўся яго правадыр. Партугалія ж развіваецца, як у будучыні будуць развівацца і Украіна і Беларусь. І як яны, перакананы, будуць прымаць у сябе гонкі сусветнага ўзроўню, так гэта Партугалія робіць зараз.

Гонкі – справа мірная, але не заўсёды ў іх усё складаецца справядліва. Вось у Віла Рэале, кулы ў мінулыя выхадныя ўпершыню з 2019 года прыехаў сусветны Турынг, з гэтым былі пытанні.

Так, гоншчык каманды Cyan Performance Lynk & Co Санцьяга Уруція быў найхутчэйшым у кваліфікацыі, і ў першай гонцы стартаваў першым. Стартаваў, дарэчы, удала, не прапусціўшы двухразовага і дзейснага чэмпіёна Яна Эрлашэ з сяброўскай каманды Cyan Racing Lynk & Co. Аднак француз слушна скарыстаўся джокер-пятлёй, якая прымяняецца эксклюзіўна на трасе ў Віла Рэале, дзякуючы чаму перахапіў лідарства.

Толькі, відаць, каб прасунуць калектыў Cyan Performance Lynk & Co і самога Уруцію вышэй у чэмпіянаце, Яну было загадана вярнуць уругвайцу першую пазіцыю. Што ён і зрабіў, задаволіўшыся другім месцам. Натуральна, усцешаны гэтым Эрлашэ не быў, і Санцьяга з яго перамогай павітаў вельмі суха. Хіба што гоншчык каманды All-Inkl.com Munnich Motorsport Нэстар Жыраламі свайму трэцяму месцу радаваўся шчыра (стартаваў аргенцінец таксама трэцім).

У другой гонцы з першай пазіцыі стартаваў напарнік Эрлашэ і яго дзядзя, чатырохразовы чэмпіён яшчэ WTCC Іван Мюлер, якому ў першым заездзе не пашанцавала – ён пашкодзіў свой Lynk & Co 03 TCR у стартавай таўханіне і фінішаваў апошнім. З другога разу ў яго атрымалася лепей, і на старце лідарства ён захаваў.

Можна сказаць, што яму не пашанцавала праз сутыкненне Эстэбана Гер’еры з All-Inkl.com Munnich Motorsport і мясцовым героем Цьягу Мантэйру, які выступае за каманду Liqui Moly Team Engstler. Дзве пашкоджаныя Honda Civic TCR перагарадзілі трасу, праз што на яе выехаў аўтамабіль бяспекі, які і не даў Мюлеру адарвацца ад пераследнікаў – вугорскага напарніка Мантэйру Ацілы Тасі і лідара чэмпіянату Мікела Ацконы з BRC Hyundai N Squadra Corse.

Для іспанца першая гонка прайшла лепей чым для Мюлера, але не ідэальна. Пачынаў ён яе восьмым, восьмым і скончыў, аднак калі б не піханне з гоншчыкам Cyan Performance Lynk & Co Тэдам Б’ёркам (які ўвогуле да фінішу не дабраўся), усё магло б скласціся і лепей. Ну а ў другім заездзе, які Мікел  пачынаў з трэцяй пазіцыі, ён сам ледзь усё сабе не сапсаваў, збіўшы абмежавальны слупок у джокер-пятлі. Пашанцавала яшчэ, што суддзі яго за гэта не пакаралі.

Вось Мюлер памыліўся там болей сур’ёзна, перабраўшы з хуткасцю на ўваходзе. Каб не сустрэцца з адбойнікам, Івану прыйшлося моцна адтармажвацца, праз што ён адкаціўся на чацвёртую пазіцыю, на якой і фінішаваў.

Яго ж былы партнёр па завадской камандзе Chevrolet у турынгавым чэмпіянаце свету Роберт Хаф, які цяпер выступае ў складзе Zengő Motorsport, усё зрабіў проста бездакорна: стартаваў чацвёртым, падняўся на першую пазіцыю, калі ўсе супернікі перад ім наведалі джокер-пятлю, і сам праехаўся па ёй у патрэбны момант і без памылак, захаваўшы лідарства і атрымаўшы перамогу. Тасі заняў другое месца, Ацкона фінішаваў трэцім.

Зрэшты, пабароцца на апошніх кругах усё роўна не дазволіла аварыя з удзелам Натанаэля Бертона з Comtoyou DHL Team Audi Sport і напарніка Хафа Даніэля Надзя. Вугорац памыліўся ў адной з шыкан і ўрэзаўся ў адбойнікі, а ў яго SEAT Cupra Leon Competición TCR прыехала Audi RS3 LMS Француза. Праз іх дваіх гонка скончылася ў рэжыме аўтамабіля бяспекі.

Галоўнае для Мікела, што ён захаваў лідарства ў турнірнай класіфікацыі, дзе ў яго 153 ачкі. Яго галоўным пераследнікам дзякуючы ў тым ліку Эрлашэ цяпер з’яўляецца Уруція, у якога 137 балаў. Затое сам Ян саступае яму усяго чатыры ачкі, замыкаючы першую тройку.

У камандным заліку з 218 баламі лідзіруе BRC Hyundai N Squadra Corse, але і Cyan Performance Lynk & Co, і Cyan Racing Lynk & Co, займаючы другую і трэцюю пазіцыі адпаведна, адстаюць на ўсяго на сем ачкоў кожны. Таму трэцім можна лічыць калектыў All-Inkl.com Munnich Motorsport, які фармальна чацвёрты і мае 180 балаў.

Кубак свету па аўтагонках у класе Турынг працягнецца 23-24 ліпеня ў італьянскай Валелунзе.

Другие посты блога

Все посты