Усе навіны

Крысціна Ціманоўская: «Спартсменам, якія наклейваюць на нумары чырвона-зялёны сцяг, рэкамендую расійскія стадыёны»

31 ліпеня, 12:58

Беларуская лёгкаатлетка Крысціна Ціманоўская выказала меркаванне пра допуск беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

«Што чакае лёгкую атлетыку ў будучыні? Калі ўсё будзе працягвацца ў такім жа духу, то іх чакае сцэнарый расійскіх лёгкаатлетаў. Калі на працягу доўгіх гадоў яны будуць выступаць толькі ў сябе на радзіме, вынікі натуральна будуць падаць, жаданне трэніравацца будзе пагасаць і адзінай магчымасцю зарабіць грошы будуць чэмпіянаты Беларусі і заробкі ў зборнай (калі іх будуць плаціць, улічваючы цяперашняе фінансавае становішча краіны). Але гэта не такія вялікія грошы, каб жыць свабодна і адчуваць сябе фінансава абароненым, бо многія звыкліся да заробку на камерцыйных стартах і кантрактах са спартыўнымі фірмамі, якія зараз гэтых кантрактаў не даюць.

Якое выйсце бачу для спартоўцаў з Беларусі? Выступ пад нейтральным сцягам! Гэта іх адзіная магчымасць паспрабаваць выйсці зноў на міжнародны ўзровень і канкурыраваць з мацнейшымі атлетамі ў свеце. Але яны павінны разумець, што нейтральны сцяг зараз атрымаць даволі складана і варта паказаць сваё стаўленне да вайны, а таксама сітуацыі ў Беларусі. Хаця многія, як мы ведаем, не хаваюць ад нас тое, на якім баку яны знаходзяцца. Тыя, хто на баку Расіі і падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, не павінны мець права на атрыманне нейтральнага статусу. Так, магчыма гэта жорстка, але хіба не жорстка забіваць мірнае насельніцтва Украіны?

Спартоўцы – гэта тыя людзі, на якіх раўняюцца, за якімі сочаць, яны падаюць прыклад. Які прыклад падаюць атлеты, якія клеяць сабе на нумар ЧЗ-сцяг? А ў 2020 годзе некаторыя ішлі ў адным радзе са свабоднымі спартоўцамі.

У такім выпадку я рэкамендую заставацца дома і бараніць гонар радзімы на тэрыторыі расійскіх стадыёнаў», – сказала Ціманоўская.

Адзначым, што да сваіх нумароў шэраг удзельнікаў чэмпіянату Беларусі па лёгкай атлетыцы прымацоўвалі дзяржсцяг.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.