Усе навіны

Дзяржтрэнер Сівадзедаў: «Калі беларускіх лёгкаатлетаў дапусцяць да АГ-2024, то разлічваем хаця б на адзін медаль»

27 лютага, 10:56

Дзяржтрэнер Ігар Сівадзедаў падзяліўся меркаваннем аб магчымым удзеле беларусаў на Алімпіядзе-2024.

– Паверце, матывацыю мы не страцілі, высокія вынікі гавораць пра шмат чаго.

Так, мы разумеем, што ёсць шанц паехаць у Парыж, але ён мінімальны, хлопцы гэта ўсведамляюць. Атрымаецца – паедзем, пакажам добры вынік, не дадуць – для нас асноўнымі стартамі будуць Гульні БРІКС і Гульні Дружбы.

– У цэлым, наколькі верагодна беларускім лёгкаатлетам увайсці ў медальны залік на Алімпіядзе, калі нас дапусцяць?

– Мы ведаем, каго яны не дапусцяць: вайскоўцаў пры любым раскладзе. У нас разлікі на Недасекава, Халадовіч, Лёшу Каткоўца – яны не паедуць. Але ёсць шэраг спартоўцаў, той жа Мацвей Волкаў, якія будуць змагацца. Калі нас дапусцяць, то ў гэтай няпростай сітуацыі разлічваем хаця б на адзін медаль, – сказаў Сівадзедаў.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.