Tribuna/Лёгкая атлетыка/Блогі/Беларуская бягуха распавяла, што за рэдкая хвароба атакавала дачку. На яе ж пакутаваў экс-партнёр Глеба (здаецца, даў рады)

Беларуская бягуха распавяла, што за рэдкая хвароба атакавала дачку. На яе ж пакутаваў экс-партнёр Глеба (здаецца, даў рады)

А яшчэ трэнер зборнай Уругвая і дацкі футбаліст.

1 красавіка, 11:30
Беларуская бягуха распавяла, што за рэдкая хвароба атакавала дачку. На яе ж пакутаваў экс-партнёр Глеба (здаецца, даў рады)

Чэмпіёнка свету і Еўропы па бегу на 800 метраў Марына Арзамасава пасля адбыцця чатырохгадовай дыскваліфікацыі ў вялікі спорт у якасці спартсменкі не вярнулася. За час адбывання бана пачала працаваць як трэнер і нутрыцыёлаг. А яшчэ сумесна з мужам Іллём адкрыла школу ARZA RUNNING.

Але, на жаль, у сям'ю прыйшло няшчасце. Старэйшая дачка спартсменкі Аляксандра цяжка захварэла, і праз гэта Арзамасава была вымушаная прыпыніць трэнерскую карʼеру:

На днях экс-бягуха ўпершыню агучыла дыягназ дачкі (раней толькі казала, што захворванне носіць аўтаімунны характар). Як аказалася, 14-гадовая дзяўчынка захварэла на сіндром Гіена-Барэ – рэдкае захворванне, пры якім імунная сістэма чалавека паражае ўласныя перыферычныя нервы. Сіндром прыводзіць да парушэння дыхання, слабасці ў цягліцах, а затым і часовага паралічу ног, які можа перайсці і на рукі. У самых цяжкіх выпадках сіндром Гіена-Барэ заканчваецца поўным паралічам або смерцю ў выніку спынення дыхання або сэрца. На шчасце, гэта адбываецца рэдка – працэнт тых, хто вылечыўся, значна вышэй.

Адным з самых вядомых людзей у спорце, які пакутаваў на сіндром Гіена-Барэ, - былы галоўны трэнер зборнай Уругвая Оскар Табарэс. На гэтай пасадзе спецыяліст працаваў двойчы: з верасня 1988-га па чэрвень 1990-га і з сакавіка 2006-га па лістапад 2021-га. З Уругваем выйграваў Кубак Амерыкі-2011 і заняў 4-е месца на ЧС-2010. А яшчэ з'яўляецца рэкардсменам па колькасці матчаў на чале адной зборнай сярод трэнераў (224).

Пра дыягназ Табарэса стала вядома ў 2016-м. Хоць тое, што ў коўча праблемы са здароўем, заўважылі значна раней: з кіем ён пачаў зʼяўляцца яшчэ ў 2013-м. Тым не менш Табарэс свой пост пакідаць не спяшаўся. Калі яму рабілася цяжка перасоўвацца на мыліцах, ён садзіўся на электрычны вазок.

Пакінуў сваю пасаду Табарэс не праз хваробу – у лістападзе 2021-га Уругвай пацярпеў буйную паразу ад Балівіі (0:3), якая стала для «нябесна-блакітных» чацвёртай запар. Сёння экс-трэнеру 77 і, здаецца, ён знаходзіцца на заслужанай пенсіі.

У футболе вядомыя яшчэ як мінімум два выпадкі захворвання на сіндром Гіена-Барэ. У 2000 годзе такі дыягназ паставілі датчаніну Мортэну Вігхарсту, які ў другой палове 90-х і пачатку 00-х выступаў за «Селтык». Увесь год ён правёў у лякарнях пад наглядам медыкаў. Нягледзячы на парады скончыць з футболам, гулец змог аднавіцца і нават адгуляў яшчэ тры гады на прафесійным узроўні. Сёння Мортэн працуе асістэнтам у трэнерскім штабе зборнай Даніі.

На сіндром Гіена-Барэ падчас кар'еры пакутаваў і нямецкі абаронца, экс-аднаклубнік Аляксандра Глеба па «Штутгарце» Маркус Бабель. Паводле інфармацыі ў СМІ, ён таксама змог справіцца з хваробай і адгуляць яшчэ некалькі гадоў на прафесійным узроўні. Пасля завяршэння карʼеры Бабель працаваў трэнерам у розных камандах Бундэслігі, швейцарскім «Люцэрне» і аўстралійскім «Вестэрн Сіднэй», адкуль быў звольнены ў студзені 2020-га. У апошні час часта выступае як эксперт у СМІ.

Але вяртаемся да дачкі Арзамасавай. У яе выпадку хваробу можна лічыць яшчэ больш рэдкай, бо паводле статыстыкі на сіндром Гіена-Барэ мужчыны пакутуюць у 1,78 раз часцей, чым жанчыны. Да таго ж у Аляксандры захворванне развілася літаральна за некалькі дзён, пра што падрабязна распавяла яе маці ў сваім інстаграм:

«Саша захварэла 30.01.24. Па прыкметах і сімптомам быў ротавірус: тэмпература і нястраўнасць, усё як звычайна. 4 дні яна прабыла ўдома і ў панядзелак 5 лютага мы завезлі яе ў школу. На працягу навучальнага дня да 14.30 у яе сталі цяжэць і слабець ногі, дранцвець рука. Яна патэлефанавала мне са словамі: «Вельмі забіваюцца ікраножныя, цяжка хадзіць». Да 16 гадзін яна прыехала сама ў манеж на трэнінг і паскардзілася, што ёй зусім цяжка хадзіць. Я прыехала за ёй і зразумела, што адбываецца зусім нядобрае. У лякарні нас прынялі і паклалі на падрабязны агляд. Прыкладна ў 21.00 Саша пад рукі са мной зайшла ў палату на сваіх нагах, а ў 6 раніцы наступнага дня ўжо не змагла ўстаць.

У аўторак перастала працаваць і другая рука, цела было практычна цалкам абезрухомлена. У Сашы рухаліся толькі плечы, шыя і галава…

Дыягназ (на шчасце) паставілі на наступны дзень: сіндром Гіена-Барэ, аўтаімуннае захворванне, вострая, звычайна хутка прагрэсуючая запаленчая полінейрапатыя…

Наш вядучы неўролаг сказаў, што ў Сашы адзін з найскладанейшых выпадкаў у Беларусі. Звычайна сімптомы хваробы нарастаюць цягам некалькіх тыдняў, а то і месяцаў, але ў Сашы чамусьці ўсё здарылася за вельмі кароткі перыяд (менш за 48 гадзін). Праз гэта адбылася вялікая ступень пашкоджання нервовых валокнаў і саміх ствалоў», – напісала Арзамасава.

Тым не менш праз два месяцы хваробы стан Аляксандры пачаў паляпшацца: пакрысе адыходзіць тулава, уключаюцца мышцы спіны, грудзей і жывата. Але аднаўленне нервовай сістэмы і імпульсаў у цягліцах – павольны і працаёмкі працэс. А яшчэ дарагі. Арзамасава аб'явіла праз збор сродкаў на лячэнне і рэабілітацыю дачкі. Калі вы захочаце дапамагчы, то рэквізіты знойдзеце па гэтай спасылцы.

Курс рэабілітацыі пройдзе ў Расіі. Сума збору на сёння невядомая, бо невядома, колькі спатрэбіцца курсаў і колькі дзён давядзецца правесці ў цэнтры. Але як толькі ў Арзамасавай зʼявіцца такая інфармацыя, яна абяцала падзяліцца ёю.

31 сакавіка ў мінскім лесапарку каля вуліцы Каліноўскага адбыўся дабрачынны забег у падтрымку Сашы Арзамасавай. Яго ўдзельнікамі сталі каля сотні чалавек, а агульнымі высілкамі ўдалося сабраць суму на тры месяцы рэабілітацыі.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты