Усе навіны

Кацярына Сныціна: «Пыталіся, на якіх гей-тусоўках у Мінску я была – а я нідзе не была»

5 кастрычніка, 18:27

Беларуская баскетбалістка Кацярына Сныціна распавяла пра рэакцыю на свой камінг-аўт.

– Ты не сутыкнулася з хейтам [пасля камінгаўта]. Магчыма, мы проста ў прыемным талерантным бабле, але ў шырокім сэнсе гафамобію беларусы яшчэ не перамаглі?

– Не думаю. Нават калі апусціць тры гады на эміграцыі, я не памятаю ніводнага негатыўнага кейса з ЛГБТ з беларускага спорту, напрыклад. Ты да інтэрв’ю казала пра выпадкі аўтынгу – мы з Надзяй потым сядзелі, спрабавалі такія ўспомніць, ды хаця б чуткі нейкія – і наогул нічога падобнага ў галаву не прыйшло. Ці мой гэта бабл, магчыма. Але разумееш, усё, што ёсць вакол мяне, створана маім жа мысленнем. І яго сутнасць у тым, што я – чалавек, і жыву сваё жыццё так, як хачу. Няхай гэта бурбалка, але калі вакол аднаго чалавека такіх бурбалак будзе сотні, у выніку яны злучацца ў адно вялікае мора.

Дзесьці зараз сядзіць іншы чалавек, які бачыць толькі хейт, і думае: «Усе мяне ненавідзяць, таму што я гей/лесбіянка». Я ж (мяне можа зненавідзець ЛГБТ-супольнасць) не сутыкалася з праблемамі, і таму так лёгка пра гэта кажу.

Я не задумвалася, што раблю, а мне пачалі пісаць, наколькі гэта важна для грамадства. Пыталіся, на якіх гей-тусоўках у Мінску я была – а я нідзе не была. І не праз тое, што мне гэта не цікава, я проста ніколі не падзяляла людзей. У мяне заўсёды быў мой блізкі круг зносін – не таму што ў нас аднолькавы густ на жанчын (смяецца) – мы казалі на ўсе тэмы, хадзілі па розных івэнтах. Я не жыла ў замкнёным крузе, мяне атачалі разнастайныя людзі. Можа, таму я ніколі і не адчувала, што быць адкрытай – небяспечна.

– Можа, справа ў тым, што быць геем у Беларусі небяспечней, чым лесбіянкай?

– Па прынцыпе, што дзяўчынкі перабесяцца, а для хлапцоў гэта «хвароба»? Калі сапраўды нават не ведаю, як гэта каментаваць. Магчыма стэрэатыпна складаней прыняць «манернага хлопца», чым дзяўчыну з кароткай стрыжкай – хоць гэта, вядома, поўнае трызненне. Можа, і ёсць такое, што пра дзяўчынак будуць казаць: «Ой ды проста мужыка добрага яшчэ не знайшла, які яе абразуміць». Не ведаю. У мяне няма адказаў на такія цяжкія пытанні, – сказала Сныціна.