Tribuna/Баскетбол/Блогі/Экс-гулец зборнай Беларусі – аўтарка гістарычнай падзеі ў лізе, дзе сабраныя фармы клубаў НБА. Вось што яна зрабіла

Экс-гулец зборнай Беларусі – аўтарка гістарычнай падзеі ў лізе, дзе сабраныя фармы клубаў НБА. Вось што яна зрабіла

Новае дасягненне Ліндсэй Хардынг.

17 лістапада, 19:30
Экс-гулец зборнай Беларусі – аўтарка гістарычнай падзеі ў лізе, дзе сабраныя фармы клубаў НБА. Вось што яна зрабіла

Амерыканская баскетбольная G-ліга, дзе выступаюць фармы клубаў НБА, у гэтым сезоне дае нагоды беларускім заўзятарам сачыць за ёй. 11 лістапада там дэбютаваў беларус Яўген Масальскі ў складзе «Остын Спёрс» (ужо правёў тры матчы, праўда, атрымлівае зусім мала часу, а ў апошніх двух гульнях увогуле не набраў пунктаў). А на днях у G-лізе першую ў сезоне перамогу атрымалі «Стоктан Кінгс». Якая нам да гэтага справа? Усё проста: гэтую каманду ўзначальвае экс-гулец зборнай Беларусі Ліндсэй Хардынг.

Першая перамога «Стоктан Кінгс» пад кіраўніцтвам былой разыгравальніцы беларускай каманды здарылася ў другой афіцыйнай гульні, і то сапраўды гістарычная падзея. Справа ў тым, што Хардынг – першая жанчына-трэнер, якая атрымала перамогу ў G-лізе.

Пасля вікторыі над «Солт-Лэйк-Сіці Старз» 142:99 гульцы «Стоктана» на радасцях вырашылі павіншаваць трэнерку і аблілі яе вадой:

«Стоктан Кінгс» з'яўляецца фарм-клубам «Сакрамэнта» з НБА. Цікавы факт: генеральны менеджар фарма таксама дзяўчына – Анджалі Ранадзіве. Такі жаночы дуэт – першы ў гісторыі G-лігі.

Пасаду галоўнай трэнеркі мужчынскага «Стоктана» Хардынг сумяшчае з працай у жаночай зборнай Мексікі (там яна таксама галоўная). Гэта не адзіны досвед экс-баскетбалісткі зборнай Беларусі на чале нацыянальнай каманды. У 2021 годзе Ліндсэй узначальвала жаночую зборную Паўднёвага Судана, з якой упершыню ў гісторыі гэтай краіны прыняла ўдзел у адборачным турніры чэмпіянату Афрыкі. Тады не атрымалася прайсці кваліфікацыю, пры гэтым беларускі баскетбол і сёння пэўным чынам звязаны з баскетболам Паўднёвага Судана.

Нагадаем, Хардынг выступала за зборную Беларусі ў 2015 і 2016 гадах. Беларускай камандзе Ліндсэй дапамагла заняць 4-е месца на Еўрабаскеце-2015, а пасля здабыць пуцёўку на Алімпійскія гульні ў Рыа. На бразільскай Алімпіядзе зборная Беларусі атрымала адну перамогу ў 5 мачтах і скончыла выступленне на групавым этапе. Пасля АГ-2016 Хардынг завяршыла міжнародную кар'еру, а ўжо праз год – клубную.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты