Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/10 найперспектыўнейшых маладых гульцоў Лігі 1: сын легенды, заваёўнік дасягнення Мбапэ і крыўдзіцель кіеўскага «Дынама»

10 найперспектыўнейшых маладых гульцоў Лігі 1: сын легенды, заваёўнік дасягнення Мбапэ і крыўдзіцель кіеўскага «Дынама»

За імі варта пачынаць сачыць ужо сёння.

16 красавіка 2023, 16:49
10 найперспектыўнейшых маладых гульцоў Лігі 1: сын легенды, заваёўнік дасягнення Мбапэ і крыўдзіцель кіеўскага «Дынама»

Чуамені, Асімхен, Лемар і Марсіяль. Гэта – прозвішчы чатырох гульцоў, продаж якіх прынёс клубам Лігі 1 сумарна больш за 300 мільёнаў еўра. Усе яны з'ехалі з Францыі ў маладым узросце, адгуляўшы толькі некалькі сезонаў на ўзроўні еўрапейскай топ-лігі.

Гэтая тэндэнцыя, здаецца, існавала заўжды. З пяцёркі наймацнейшых чэмпіянатаў Францыя больш за іншых аддае, чым забірае. Дзякуючы багатаму каланіяльнаму мінуламу нават клубы ніжэйшых дывізіёнаў – гэта фабрыкі па вытворчасці талентаў для сусветнага футбола.

Таму мы структуруем у адзіны рэйтынг галоўных талентаў Лігі 1 да 23 год. Адразу скажам, што такіх гульцоў, як Нуну Мендэш або Джонатан Дэвід, мы не ўлічваем, бо яны ўжо засвяціліся не толькі ў чэмпіянаце, але і ў еўракубках, пра іх ужо шмат хто ведае. Таксама не будзе магчымасці прачытаць у гэтым тэксце і, напрыклад, пра Фаларына Балагуна, які хоць і гуляе ў Лізе 1, аднак належыць лонданскаму «Арсеналу».

10-е месца – Люка Шэвалье, «Ліль»

21 год, галкіпер

Перамога «Ліля» ў Лізе 1 у сезоне 2020/21 – гэта, мабыць, найвялікшая сенсацыя французскага футбола за апошняе дзесяцігоддзе. Звяржэнне парыжскага гегемона сціплай, аднак дзіўна арганізаванай камандай – казка, якую немагчыма чытаць без задавальнення. Асновай поспеху чэмпіёнскага «Ліля» былі арганізаванасць і надзейнасць. Там, дзе не паспявалі вопытны Фонтэ і таленавіты Ботман, ратаваў Майк Меньян. Які, зрэшты, бясплатна перайшоў у «Мілан» і пачаў даказваць свой топ-узровень ужо там.

І як у рэальным жыцці, пасля трыумфу «Ліль» пачаў адкочвацца да пасрэдных вынікаў. Арандаваны ў «Атлетыка» Іва Грбіч, які стаў асноўным кіперам пасля ад'езду Меньяна, надзей не апраўдаў: гуляў хоць і нядрэнна, але ў патрэбныя моманты не ратаваў.

Ужо гэтым летам у «Ліль» прыехаў Паўла Фансека. Пры ім камандзе ўдалося стабілізавацца і зноў пачаць прэтэндаваць на топ-5 табліцы. Яшчэ ў пачатку сезона Фансека даверыў першы нумар Люцы Шэвалье – выхаванцу каманды, які апгрэйднуў пазіцыю кіпера.

Шэвалье ўмее кантраляваць рамку варот на топавым узроўні. Акрамя гульні на лініі, Люка ўпэўнены на выхадах, нядрэнна пасуе і ўжо па-даросламу кантралюе гульню абаронцаў. Менавіта ўпэўненасць у сваіх дзеяннях – галоўная дабрадзейнасць кіпера – адрознівае Шэвалье ад «першых нумароў» яго ўзросту. І ўжо зараз набліжае яго да зборнай Францыі.

9-е месца – Матыа Віці, «Ніца»

21 год, цэнтральны абаронца

Малады цэнтральны абаронца, якому давяраюць гульню ў аснове вялікага клуба. Звычайна пад гэтае апісанне трапляюць каржакаватыя хлопцы, якія за кошт унікальнай фізікі і канцэнтрацыі кампенсуюць недахоп досведу.

Прыклад Матыа Віці – зусім іншы. У 21 год малады італьянец адрозніваецца менавіта разуменнем гульні і кожнага канкрэтнага эпізоду. Акрамя гэтага Матыа, як і любы сучасны цэнтрбэк, добра гуляе «на мячы»: праз яго спрабавалі пачынаць атакі яшчэ ў «Эмпалі».

Уласна, за тады яшчэ 20-летняга абаронцу «Ніца» не пашкадавала значныя для клуба 13 мільёнаў. З-за перыпетый з галоўнымі трэнерамі (за каляндарны год такіх у «Ніцы» было тры) хлопца паспяваюць толькі плаўна падводзіць да асноўнага складу. Зрэшты, гэта не перашкодзіла яму забіць першы мяч і адгуляць у дзесяці матчах за «Ніцу».

8-е месца – Фарэс Шаібі, «Тулуза»

20 гадоў, атакуючы паўабаронца

«Тулуза» сёння – адзін з найбольш цікавых французскіх футбольных праектаў. Некалькі гадоў таму каманду, якая змагалася за сярэдзіну табліцы Лігі 2, выкупілі «Рэд Бёрд Кэпітал Партнерс» – амерыканская інвест-фірма, якая спецыялізуецца на развіцці і давядзенні да высокай ліквіднасці розных стартапаў.

У «Тулузе» заакіянскі менеджмент спрабуе рэалізаваць інавацыйныя метады: шукае гульцоў па ўласным праграмным кодзе, аналізуе працу трэнера па паказчыках з аналітычнай матэматыкі. Ну і, канешне, пачалі ўкладваць вялікія грошы ў клуб і яго развіццё.

Па якой менавіта формуле трэнерскі штаб «Тулузы» знайшоў Фарэса Шаібі – невядома. Аднак 20-гадовы алжырац – гэта ўжо сёння адзін з лідараў атакі каманды, якая імкнецца рухацца толькі ўверх.

За першы сезон у Лізе 1 Фарэз ужо набіў 9 ачкоў па сістэме «гол+пас». Цудоўны дрыблер і выдатны дыспетчар. Шаібі – галоўны дыямент у вельмі маладой і цікавай «Тулузе». Да таго ж Фарэс ужо паспеў адгуляць два матчы за зборную Алжыра. Гэта значыць – якраз столькі, каб народжаны ў «Ліёне» гулец ужо дакладна і назаўжды стаў часткай афрыканскай каманды.

7-е месца – Элье Ваі, «Манпелье»

20 гадоў, нападаючы

Другі пасля Мбапэ. Добры статус для гульца, які яшчэ і гуляе ў сціплым «Манпелье». А каманду трэніруе Мішэль Тэр-Закаран – магчыма, самы кансерватыўны і прыхільны абароне сярод усіх коучаў, якія працуюць у Францыі.

Ваі яшчэ з сямнаццаці гадоў – асноўны форвард у «Манпелье». Яшчэ ў снежні ён стаў другім за апошнія пяць гадоў гульцом, якому не споўнілася і дваццаці, а ён ужо забіў 20+ мячоў у Лізе 1. Адзіны тынэйджар, якому скарылася гэта дасягненне акрамя Ваі – гэта Мбапэ.

Акрамя хуткасці і вокамгненнага прыняцця рашэнняў, Ваі адрозніваўся адчуваннем моманту. Ці то прастрэл, ці навес, ці закід за спіну – малады форвард заўсёды дагульвае эпізод і спрабуе канвертаваць створаныя партнёрамі моманты ў забітыя мячы. Такія гульцы доўга ў Францыі не затрымліваюцца.

6-е месца – Жаан Лепенан, «Ліён»

20 гадоў, цэнтральны паўабаронца

У гэтым сезоне «Ліён» – гэта каманда-хаос. Вярнуўшы ўлетку Ляказета і Талісо, каманда толькі губляла стабільнасць і здольнасць рэгулярна набіраць ачкі. Што і прымусіла кіраўніцтва звольніць Петэра Боса і прызначаць на выратаванне Рудзі Гарсію.

Ва ўсіх перыпетыях за стабільнасць хаця б у паўабароне адказваў Лепенан. Малады паўабаронца, які ўжо прайшоў строгую школу жыцця ў Лізе 2 у футболцы «Кана», паспеў стаць асноўным і незаменным элементам у сістэмах двух трэнераў.

Лепенан – гэта пра сучаснае бачанне гульні ў паўабароне. Пра пастаянны рух з мячом, пра аднолькавую дакладнасць перадач на доўгую, сярэднюю і кароткую дыстанцыю. Ён – ківач атак і каардынатар прэсінгу «Ліёна». Што ўжо цудоўна для гульца, якому ўсяго 20 гадоў.

5-е месца – Адрыен Труфер, «Рэн»

21 год, левы абаронца

У гэтым сезоне «Рэн» нечакана стаў другім найдаражэйшым клубам Лігі 1. Вядома ж, пасля «ПСЖ». Атрымалася гэта дзякуючы адной з самых якасных акадэмій у дзяржаве, якая рэгулярна выпускае гульцоў топ-узроўня.

Адрыен Труфер – адзін з найлепшых у новым пакаленні брэтонцаў. Ужо трэці сезон ён – бясспрэчна асноўны на левым фланзе абароны. У свае 21 Адрыен ціха набліжаецца да адзнакі 100 у графе з'яўленняў у футболцы «Рэна».

У сезоне 2022/23 Труфер нават паспеў дэбютаваць за зборную Францыі – з-за эпідэміі траўм Дэшам не мог разлічваць на Тэа і Люку Эрнандэсаў, таму прыйшлося выклікаць маладога гульца. Ну і як бонус: за «Рэн» Труфер ужо забіў чатыры мячы, што з'яўляецца вельмі добрым паказчыкам для абаронцы.

4-е месца – Эльес Бэн-Сегір, «Манака»

18 гадоў, нападаючы

Звязка Бэн-Едэра і Кевіна Воланда была асноўнай для «Манака» цягам некалькіх сезонаў. На дваіх форварды забівалі больш за трыццаць мячоў за сезон і нават у няўдалыя перыяды трымалі манегаскаў на плаву. Разбіць звязку не ўдавалася ні чарговай зорцы Эрэдывізіі Буаду, ні калісьці таксама перспектыўнаму форварду Эмбало. Пакуль у адзін вечар у футболцы «Манака» на поле не выйшаў Бэн-Сегір

У першым жа матчы на дарослым узроўні Эльес выцягнуў для каманды матч з «Асерам». Усё як у кіно: маладому хлопцу давяраюць выйсці ў перапынку ў матчы, яго клуб прайграе, а ён забівае два мячы і атрымлівае давер трэнера.

Акрамя таго дубля Эльес забіў яшчэ два мячы. Але гэта не галоўнае: у клубе вераць у хлопца, давяраюць яму хвіліны ў важных матчах і рэгулярныя з'яўленні ў старце. А 18-гадовы форвард дзякуе крутой гульнёй і жаданнем завяршаць кожны матч з рэзультатыўным дзеяннем.

3-е месца – Уорэн Заір-Эмеры, «ПСЖ»

17 гадоў, апорны паўабаронца

Ты – семнаццацігадовы хлопец. Гуляеш у камандзе, укамплектаванай зоркай сусветнага футбола на кожнай з пазіцый. На тваё месца ў цэнтры поля клуб летам запрашае адразу трох гульцоў, якія больш вопытныя за цябе.

Па сутнасці, у такой сітуацыі пачынаў сезон Заір-Эмеры. Да перапынку на мундыяль здавалася, што яму за шчасце будзе роля таго ж хлопца з акадэміі, якога выпускаюць на апошніх хвілінах матчаў, якія заканчваюцца разгромамі сапернікаў. Або на кубкавыя гульні з камандамі ніжэйшых дывізіёнаў.

Але аказалася зусім інакш. Заір-Эмеры пачаў рэгулярна выходзіць у аснове – дзякуючы траўмам і слабой форме наогул усіх паўабаронцаў. Больш за тое: гулец нават забіў першы мяч і ўвогуле выглядаў як адзіны свядомы чалавек у паўабароне «Парыжа».

Вядома, пасля набору формы лідараў Эмеры стаў менш выходзіць у аснову. Зрэшты, ён застаецца адным з тых гульцоў, якія будуць прэтэндаваць на месца ў старце.

2-е месца – Дэзірэ Дуэ, «Рэн»

17 гадоў, атакуючы флангавы паўабаронца

У свае семнаццаць Дэзірэ ўжо паспеў запомніцца заўзятарам кіеўскага «Дынама», калі забіў у вароты кіяўлян у групе ЛЕ (а таксама гуляў супраць данецкага «Шахцёра» ў плэй-оф). Ды і акрамя таго – нагуляць больш за тысячу хвілін у старце каманды, якая змагаецца за найвышэйшыя месцы ў чэмпіянаце.

Для «Рэна» Дэзірэ – гэта прадмет гонару за акадэмію і каманду. Выхаваны цалкам у сістэме брэтонцаў, Дуэ здаецца гульцом без слабых бакоў. У сабе сямнаццацігадовы хлопец сумяшчае і хуткасць, і ўдар, і крэатыў, і пачуццё свабодных зон, і разуменне партнёраў. Калі траўмы будуць абыходзіць Дэзірэ – мы ўбачым сапраўдную зорку сусветнага футбола.

Дарэчы, фан-факт: за «Рэн» гуляе і старэйшы брат Дуэ – Гела. 20-гадовы правы абаронца дэбютаваў за брэтонцаў значна пазней за малодшага брата, а ў матчы з «Ліёнам» – замяніў сваяка.

1-е месца – Кефрэн Цюрам, «Ніца»

22 гады, цэнтральны паўабаронца

Два сыны Ліліяна Цюрама цяпер – адны з самых гарачых лотаў у еўрапейскім футболе. Старэйшага – Маркуса, здаецца, хоча бачыць у сябе ці не кожны буйны еўрапейскі клуб. А малодшы – Кефрэн, менш сціпла, але таксама прэтэндуе на пераход у топ-клуб ужо ўлетку.

Ён – увасабленне таго тыпу паўабаронцы, якога марыць бачыць у камандзе кожны трэнер. Нястомны, хуткі, з выдатным бачаннем поля і проста выдатным пасам. Цюрам умее трымаць тэмп, гуляць на апярэджанне, дыктаваць гульню і першым адбіраць мяч у фазах контрпрэсінгу.

Амаль стоадсоткава: улетку Кефрэн пакіне «Ніцу» за значныя грошы. І, магчыма, нават паб'е адзін з трансферных рэкордаў.

Фота: Panoramic/Global Look Press, Federico Pestellini/Global Look Press

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты