Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Зорка «Напалі» Кім ідзе ў войска. Толькі на 3 тыдні, але ў гэты час яго паспрабуюць набыць са зніжкай

Зорка «Напалі» Кім ідзе ў войска. Толькі на 3 тыдні, але ў гэты час яго паспрабуюць набыць са зніжкай

У Паўднёвай Карэі гэта тычыцца нават футбалістаў.

Аўтар — Бона Сфорца
4 чэрвеня, 12:14
Зорка «Напалі» Кім ідзе ў войска. Толькі на 3 тыдні, але ў гэты час яго паспрабуюць набыць са зніжкай

У пачатку траўня італьянская прэса паведаміла, што абаронца ўладальнікаў Скудэта Кім Мін Чжэ пройдзе скарочаную ваенную службу ў шэрагах арміі Паўднёвай Карэі, якая працягнецца каля 3 тыдняў.

У гэтай краіне вельмі адказна ставяцца да ваеннай падрыхтоўкі, бо наяўнасць агрэсіўнага суседа прымушае мабілізавацца. Амаль 95% мужчын тут праходзяць поўную ці альтэрнатыўную службу, а «касіць» лічыцца маветонам нават сярод мясцовых знакамітасцяў.

У Паўднёвай Карэі ўсе мужчыны праходзяць службу. Нават зоркі K-pop і Сон з «Тотэнхэма»

Служба ў карэйскай арміі праходзіць дастаткова грунтоўна, а доўжыцца 21 месяц (23 – для тых, хто трапіў на флот). Удзельнікі сусветна вядомага K-pop гурта BTS таксама будуць праходзіць службу. Цікава, што ім давядзецца быць у арміі нават даўжэй за футбалістаў. У снежні мінулага года пайшоў іх вакаліст Кім Сокджын, якому споўнілася 30 гадоў (у яго была адтэрміноўка). Ён самы старэйшы і першы з сямі ўдзельнікаў гурта, хто пайшоў служыць. Цяпер у войска рыхтуецца адзін з самых вядомых K-pop артыстаў – Чонгук.

Вядома, спартсменам перарываць кар'еру амаль на два гады ў сваім самым прадуктыўным узросце не вельмі хочацца, таму існуюць пэўныя абыходныя шляхі.

Ісці ў войска ў Карэі можна з 18 гадоў, а прызыўны ўзрост доўжыцца да 28 гадоў. Мужчына сам абірае, калі ён хоча прайсці службу ў гэты часавы прамежак. Як правіла, хлопцы спачатку ідуць вучыцца, а пасля гэтага аддаюць доўг радзіме. У футбалістаў некалькі магчымасцей абысці агульную службу, патрапіўшы на скарочаную, якая доўжыцца ўсяго некалькі тыдняў.

Для гэтага спартсмену трэба зрабіць штосьці адно са спісу:

1. Атрымаць любы медаль АГ;

2. Стаць пераможцам Азіяцкіх гульняў;

3. Адгуляць два гады за адзін з мясцовых вайсковых клубаў.

Выдатным прыкладам тут з'яўляецца капітан нацыянальнай зборнай Сон Хын Мін, які разам з Кімам выйграў Азіяцкія гульні-2018, а службу вырашыў прайсці ў 2020-м (калі яму заставалася ўсяго чатыры месяцы да 28 гадоў), менавіта тады, калі футбол быў на паўзе. Дарэчы, на Азіяцкія гульні ў 2014-м «Баер» яго не адпусціў, чым моцна засмуціў гульца.

«Я не магу сказаць вам, што мы там рабілі, але гэта былі цяжкія тры тыдні. У пакоі жылі чалавек 10, мы ўсе вельмі зблізіліся», – згадвае свае армейскія часы найлепшы бамбардзір АПЛ сезона 2021/22.

Пазней стала вядома, што праграма форварда была не горшая за трэніроўкі: марш-кідкі на 30 км, стральба, падрыхтоўка і абарона ад хімічнай, біялагічнай і ядзернай зброі. Нават давялося адчуць на сабе дзеянне слёзатачывага газу. Са 157 чалавек радавы Сон увайшоў у пяцёрку найлепшых курсантаў.

Пакуль Кім будзе служыць, будзе вырашацца яго футбольны лёс

Падобная сітуацыя і ў Кіма. Яму ўжо 26 гадоў, таму засталося ўсяго два гады на праходжанне службы. Калі ўлічыць, што праходзіць зборы лепш за ўсё ў міжсезонне, то выбар гэтага лета не здаецца дзіўным. Як мы ўжо згадвалі, Кім – пераможца Азіяцкіх гульняў 2018 года, на той момант яму быў 21 год, ён мог абіраць, калі служыць.

У гэтым сезоне абаронца вельмі ўдала зайшоў у Серыю А, апынуўшыся ў «Напалі» Лучана Спаллеці, які ішоў да першага за 33 гады чэмпіёнства. Карэец цалкам мог апынуцца ў французскім «Рэне», але неапалітанцы здолелі дамовіцца з «Фенербахчэ», таму гулец прыйшоў да іх на замену Кулібалі. Клуб заплаціў проста смешныя на сёння 18 мільёнаў еўра і атрымаў аднаго з найлепшых цэнтральных абаронцаў сезона ў Еўропе. Яго рост 190 см і мае моцную камплекцыю, якая дазваляе яму дамінаваць у паветры. Акрамя таго, Кім вельмі добры ў дакладнасці перадач, што робіць яго вельмі важным гульцом у складзе.

На пачатку траўня гулец заявіў, што хутка пойдзе ў армію. Менавіта ў гэты час будзе вырашыцца яго лёс. «Манчэстэр Юнайтэд» гатовы актывізаваць клаусулу гульца – 50 мільёнаў еўра. Але такая акцыя на гульца будзе дзейнічаць толькі з 1 па 15 ліпеня (гэта значыць, калі абаронца будзе праходзіць службу) — гэта было прапісана ў кантракце.

Фота: Maurizio Borsari/Global Look Press, Alessandro Garofalo/Global Look Press

Іншыя пасты блога

Усе пасты