Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Дзед Буфона ажаніўся з дзяўчынай свайго галоўнага канкурэнта ў кар'еры. Рамантычная брамніцкая гісторыя Італіі 1950-х

Дзед Буфона ажаніўся з дзяўчынай свайго галоўнага канкурэнта ў кар'еры. Рамантычная брамніцкая гісторыя Італіі 1950-х

Абодва былі брамнікамі і гулялі за «Мілан», «Інтэр» і зборную.

25 чэрвеня, 13:19
Дзед Буфона ажаніўся з дзяўчынай свайго галоўнага канкурэнта ў кар'еры. Рамантычная брамніцкая гісторыя Італіі 1950-х

У 1950-х гадах знявечаная вайной Італія пачынала свой эканамічны цуд (або «il boom», як кажуць італьянцы). Рэформы Альчыдэ дэ Гасперы і план Маршала штурхнулі краіну ў бок небывалага росту эканомікі. Горад Мілан стаў адным з яго эпіцэнтраў, аб'ядноўваючы прамысловую магутнасць і італьянскі талент да стварэння ўсяго люксавага і прыгожага.

У Ламбардыю ехалі працоўныя рукі з Поўдня, мясцовы завод «Альфа Рамэа» развіваў машынабудаванне і спрабаваў канкураваць з «Фіятам», Хуан Мануэль Фанхіа з рулём «Альфа Рамэа» перамагаў на этапах Формулы-1. Шынны гігант «Пірэлі» выйшаў на даваенную моц, а па вулачках горада ўжо бегаў юны Джорджа Армані, які пакуль толькі ўпрыгожваў вітрыны дарагіх крам. Луіза Прада толькі распачынала перабудову сямейнага бізнесу дарожных сумак. Тэатр «Ла Скала» апладзіраваў геніяльнаму рэжысёру Лукіна Вісконці, а ў гендэліках можна было папросту сустрэць заезных зорак – Федэрыка Феліні, Марчэла Мастраяні ці Сафі Ларэн. Малады разбойнік Адрыяна Чэлентана граў рок-н-рол з сябрамі на невялікіх міланскіх пляцоўках, а амбіцыйны юнак Сільвіа Берлусконі быў старанным студэнтам юрыдычнага факультэта, а яшчэ – яны заўзелі за розныя каманды.

Менавіта на гэтым фоне адбывалася супрацьстаянне «Інтэра» і «Мілана» і іх галкіпераў – Ларэнца Буфона (стрыечны дзед Джанлуіджы) і Джорджа Гецы. Гэтае супрацьстаянне выйшла за межы футбольнага поля і дасягнула апагею вакол жанчыны, у якую былі закаханы ўсе мужчыны краіны.

Эдзі Кампаньёлі: італьянская тэлевізійная мара і найвядомейшая жанчына краіны

У 1950-х Італію накрыла татальная амерыканізацыя, моладзь слухала рок-н-рол, выбірала віскі замест віна, у дворыках часцяком гулялі ў бейсбол, а сімвалам крутасці станавіліся цыгарэты Camel. Пра гэта спяваў у сваім хіце «Tu vuò fà l’americano» («Ты хочаш быць амерыканцам») неапалітанскі спявак Рэната Карзонэ, крыху высмейваючы новыя звычкі італьянцаў.

Амерыканская мода прыйшла і на італьянскае тэлебачанне, дзе з шалёным поспехам запусцілася шоу «Пайсці ці падвоіць?». Гэта адна з самых першых перадач-віктарын, якія паўтаралі амерыканскае шоу The $64,000 Question. Сутнасць даволі простая: спачатку ўдзельнік адказвае на некалькі пытанняў па сваёй тэме, а калі зладзіцца, то перад кожнай наступнай задачай вядоўца пытае: «Ідзеце з прызам або падвойваеце выйгрыш?». Пасля пэўнай сумы пытанні станавіліся больш складанымі, а гулец кожны тыдзень прыходзіў на шоу, каб адказаць толькі на адно пытанне або пайсці з выйгрышам.

Вядоўцам быў харызматычны ўраджэнец Нью-Ёрка Майк Банджорна, але на шоу былі яшчэ адны дзеючыя асобы, акрамя вядоўцы і ўдзельнікаў. Гэта асістэнткі, якія амаль не размаўлялі, але зрывалі дах усім мужчынам перад экранамі тэлевізараў. Іх задачай было выносіць кветкі гасцям і прыгожа выглядаць у кадры.

Адной з такіх жанчын стала бландынка Эдзі Кампаньёлі, якую часта называлі «маўклівым камердынерам».

Дзяўчына ўвогуле мроіла быць сцюардэсай, але аднойчы выпадкова патрапіла ў калідоры тэлеканала «Rai» – і пайшло-паехала. Эдзі паспела выступіць у знакамітым «Ла-Скала» ў оперы «Вясталка», якую ставіў Лукіна Вісконці.

Як бы там ні было, але папулярнасць шоу ўражвала. У італьянцаў толькі пачыналі масава з'яўляцца тэлевізары, таму ўсе рэстараны, дзе можна было паглядзець перадачу, былі запоўнены гледачамі. Гэта паўплывала на кінематограф, бо гледачоў было столькі, што «Пайсці або падвоіць?» паказвалі ў кіно ў найлепшы час. Фанатам гульні сам быў Папа Пій XII, а егіпецкі кароль Фарук, які жыў у выгнанні ў Італіі, падарыў 4 тысячы долараў адной з удзельніц, якая жадала наняць медсястру для хворай маці. У нейкі момант уладальнікі ўстаноў у Італіі дабіліся пераносу шоу з суботы на чацвер, бо яны гублялі кліентаў з-за тэлеперадачы.

Эдзі Кампаньёлі стала самай вядомай жанчынай Італіі, на піку шоу яе пазнавальнасць і народная любоў была большай за самых вялікіх зорак кіно таго часу Сафі Ларэн і Джыны Лалабрыджыды. Бландынцы прыпісвалі інтрыжкі з вядучым Майкам Банджорна і буйным італьянскім комікам Альберта Сордзі, аднак сапраўдны фурор выклікаў раман маўклівай Эдзі з брамнікам «Інтэра» Джорджа Гецы.

Гецы (па мянушцы «камікадзэ») супраць Ларэнца Буфона: самае вялікае брамніцкае супрацьстаянне 1950-х

Гецы вырас у жывапісным горадзе Чэзнаціка каля Рыміні. З дзяцінства ён больш за ўсё любіў дзве рэчы: футбол і мора. «Гэтым футболам ты толькі псуеш абутак», – казала яму маці, якая працавала настаўніцай. «Я стаю на варотах, тут амаль не б'юць нагамі», – адказваў малы Джорджа.

У 1951 годзе, калі яму споўніўся 21 год, Гецы перайшоў у «Інтэр» і стаў асноўным галкіперам «нерадзуры». «Інтэр» з Гецы ў варотах выйграў два запар чэмпіёнствы, а першы нумар каманды па праве лічыў сябе галоўным галкіперам горада.

Калі атакай запраўляла чацвёрка Ленарт Скоглунд, Іштван Н'ерш, Беніта Ларэнцы і Джына Армана, то непераўзыдзены Гецы адказваў за захаванасць варот. З-за манер гульні брамнік атрымаў мянушку «камікадзэ», бо мужчына бясстрашна кідаўся ў ногі супернікаў, прымушаючы нервавацца трэнера і заўзятараў.

Гецы паехаў асноўным брамнікам на ЧС-1954 у Швейцарыю, згуляў там два матчы, але ў вырашальным паядынку венгерскі трэнер Лаяш Цэйзлер вырашыў паставіць больш дасведчанага Джавані Віёлу з «Юве», які прапусціў чатыры ад гаспадароў, а Італія з'ехала дадому.

На піку славы Джорджа пазнаёміўся з Эдзі Кампаньёлі, пра іх раман пісалі і казалі ўсе газеты. На тэрасах рэстаранаў ахвотна смакавалі падрабязнасці любоўнай гісторыі вядомага брамніка і тэлезоркі.

Праўда, справы ў самога Гецы ішлі ўжо не так добра: «Інтэр» тры гады запар не мог фінішаваць хаця б у тройцы. У гэты час месца найлепшага галкіпера горада святога Амвросія заняў Ларэнца Буфон, які даўно чакаў свайго зорнага часу.

Ларэнца – карэнны фрыулец, яго бацькі пазнаёміліся на фабрыцы ў Францыі, а калі Буфону было тры гады, вярнуліся ў Італію. Хлапчук з дзяцінства любіў маляваць, асабліва ў яго атрымлівалася маляваць Мадону. «Аднойчы бацька Джавані сказаў мне, што калі ў мяне выходзіць гэтымі рукамі так добра маляваць, то чаму б не стаць у вароты? І я пагадзіўся», – успамінае свае першыя футбольныя крокі Ларэнца.

У 1949 годзе Італія перажывала трагедыю з самалётам каманды «Тарына», а юны галкіпер спрабаваў замацавацца ў дарослым футболе. Ва Удыне яго не прынялі, затое ён падышоў «Мілану», праўда, толькі як чацвёрты галкіпер. За некалькі месяцаў да яго падышоў сам Нільс Лідхольм – лідар каманды, і сказаў, што хоча, каб ён гуляў. Хоць швед не быў трэнерам, вельмі хутка Буфон стаў асноўным у камандзе «расанеры», а клуб выйграў першае чэмпіёнства з 1907 года. Усяго з «Міланам» Ларэнца выйграў чатыры Скудэта і два Лацінскія Кубкі.

Пасля ЧС-1954 галкіпер «расанеры» пачаў выклікацца ў зборную, абышоўшы Гецы, ён стаў першым галкіперам «Мілана» з 1913 года, які стаяў у варотах Скуадры. Буфон быў усяго на паўгода старэйшы за свайго суперніка, таму абодва былі ў найлепшым футбольным узросце.

«Аднойчы пасля матча з Іспаніяй да нас у распранальню прыйшоў сам Рыкарда Самора. Ён сказаў мне, што ганарыўся б мець такога сына, як я. Гэта быў адзін з самых шчаслівых дзён у маім жыцці», – узгадвае Буфон.

Хаця сваёй найлепшай гульнёй у складзе зборнай Ларэнца лічыць матч супраць Англіі ў 1961-м, калі яму прыйшлося пакінуць поле на насілках.

Буфон перамог на асабістым фронце, але так і не выйграў галоўны еўракубак

У 1958 годзе адбылася нечуваная падзея: Буфон ажаніўся з Эдзі Кампаньёлі, якая яшчэ нядаўна была дзяўчынай яго галоўнага канкурэнта – Джорджа Гецы. Той цяжка перажываў развод і, па словах плеткароў, доўга не мог ачуцца.

«Яна яшчэ гадоў пяць-шэсць да гэтага прыходзіла да нас на «Сан-Сіра», але я лічыў яе занадта маладой, адпраўляў у школу. Але аднойчы па тэлебачанні яна выносіла кветкі футбалістам – і я запрасіў яе на спатканне», – распавядаў пра свой першы шлюб Ларэнца.

Вяселле праходзіла ў царкве Сан-Гатарда, на яго сабраўся такі натоўп, нібы гэта быў шлюб манархавых асоб.

Адзін з найвядомейшых папарацы горада Антоніа Мелуза нават зламаў сабе камеру, намагаючыся сфатаграфаваць заручаных. Людзі займалі чаргу з самай раніцы, а ў газетах напісалі пра дзесяць тысяч чалавек каля царквы. Вяселле Буфона і Кампаньёлі стала сімвалам адраджэння Італіі, бо ў ёй аб“ядналіся дзве італьянскія мары: кальча і тэлебачанне.

Шэрай плямай для галкіпера ў тым сезоне стала толькі тое, што «Мілан» зноў не здолеў выйграць КЕЧ, прайграўшы ў фінале «Рэалу» з лікам 2:3. Ларэнца быў асноўным на працягу ўсяго турніру, але ў фінале на «Эйзеле» выйшаў Нарчыза Сольдан. Каманда Лідхольма, Ск'яфіна і Чэзарэ Мальдзіні саступіла «Мадрыду» ў дадатковы час. Хто б мог падумаць, што ўсяго праз пяць гадоў «Мілан» будзе трыумфаваць на гэтым турніры з самым нечаканым для гэтага брамнікам – Джорджа Гецы.

Калі Мілан гуляў на вяселлі Буфона і Кампаньёлі, Гецы ўжо быў у іншым горадзе. Джорджа адправіўся ў «Джэноа», бо ў «Інтэры» вырашылі, што пара абнаўляць склад, таму даверыліся малодшаму на тры гады Энца Матэучы. У адпачынку Гецы даведаўся пра тое, што ён больш не патрэбны «Інтэру». Доўга ў Генуі былы галкіпер зборнай не заседзеўся, «Мілан» у наступным сезоне таксама вырашыў амаладзіцца – і раптам адмовіўся ад Буфона на карысць 23-гадовага Альф'еры, аднак для перастрахоўкі паклікалі больш дасведчанага Гецы.

Цяпер ужо Ларэнца паехаў у Дженоа, але таксама на сезон, бо праз год яго запрасіў да сябе… «Інтэр». Вялікае супрацьстаянне працягнулася, цяпер легенды спаборнічалі за месца ў зборнай на ЧС-1962. «Мілан» з Гецы фінішаваў першым, але менавіта Буфон прапусціў найменш галоў, таму Джавані Ферары абраў яго і двух маладых: Альбертозі і Матрэля. Італія той ЧС праваліла, але Гецы было чым адказаць Буфону. У наступным сезоне ён разам з Міланам такі ўзяў доўгачаканы КЕЧ, адолеўшы ў фінале «Бенфіку» з Эйсебіа.

Ларэнца Буфон – адзіны жывы сведка тых падзей

Абодва брамнікі завяршылі кар'еру ў раёне 35 гадоў. У Буфона аказалася больш на адно Скудэта і больш матчаў за зборную, але Гэцы здабыў Кубак чэмпіёнаў. Статыстыка матчаў паміж імі: па 6 перамог у кожнага і 6 нічыіх, Ларэнца прапусціў 21, Джорджа – 24.

Па спартыўных дасягненнях гэта можна назваць нічыёй. Гецы пасля завяршэння кар'еры заняўся сваім уласным гатэлем у Чэзанціка, які носіць назву «Інтэрнацыянале». Джорджа адкрыў ва ўстанове канцэртную пляцоўку, на якой выступалі найлепшыя артысты і комікі пакалення, а знакаміты галкіпер пасля заканчэння кар'еры сябраваў практычна з усімі італьянскімі селебрыці таго часу. Памёр ён за 60 гадоў ад сардэчнага прыступу.

А што ж Буфон і Кампаньёлі? Шлюб пратрымаўся ўсяго дзесяць гадоў, у 1968-м пара разбеглася. У іх нарадзілася дачка Патрысія, якая з'яўлялася разам з маці ў канцы 1970-х у перазапуску шоу «Пайсці або падвоіць?» Ларэнца пасля растання з'ехаў у халасцяцкае падарожжа ў ЗША. Ён зняў аўтамабіль і катаўся па гарадах, пра якія марыў: Лас-Вегас, Лос-Анджэлес, Чыкага, Нью-Ёрк. «Я сапраўды любіў яе», – узгадваў Буфон.

Пазней ён зноў ажаніўся з жанчынай па імені Ларэдана, працаваў скаўтам, сябраваў з Марчэла Мастраяні, прапаноўваў свайго стрыечнага ўнука Джыджы ў «Мілан», адкрыў для футбола Джанлуку Песота, який теж не підійшов «Мілану», захоплювався Доннаруммою та багато малював.

Цяпер Ларэнца 93 гады, увесь яго дом застаўлены ўласнымі карцінамі, якія ён нікому не прадае.

Эда пасля разводу займалася бізнесам, часам з'яўлялася ў тэлевізары, а тэлевядучы Майк Банджорна ўзгадваў, што яна ўсё жыццё была ціхай і сарамлівай. Памерла самая папулярная італьянка 1950-х ва ўзросце 60 гадоў у Мілане ад інсульту.

Іншыя пасты блога

Усе пасты