Tribuna/Футбол/Блогі/Футбольное поле/Палітычны скандал у групе беларусаў: касавары зышлі з поля праз паводзіны румынскіх заўзятараў, гульню ледзь не скасавалі
Відэа

Палітычны скандал у групе беларусаў: касавары зышлі з поля праз паводзіны румынскіх заўзятараў, гульню ледзь не скасавалі

Чым усё скончыцца?

Аўтар — Alex Zagorski
13 верасня, 19:25
Палітычны скандал у групе беларусаў: касавары зышлі з поля праз паводзіны румынскіх заўзятараў, гульню ледзь не скасавалі

12 верасня, пакуль зборная Карласа Алоса саступала Ізраілю, у паралельным матчы групы беларусаў паміж Румыніяй і Косава адбываўся палітычны скандал: сустрэча была спынена ў сярэдзіне першага тайму праз паводзіны румынскіх заўзятараў.

Яшчэ падчас выканання нацыянальнага гімну Косава ультрас з групоўкі Unite Sub Tricolor («Аб'яднаныя пад трыкалорам») пачалі скандаваць «Сербія, Сербія», арганізатарам давялося павялічыць гучнасць, каб іх заглушыць. А ўжо падчас гульні касавары не вытрымалі і сышлі з поля: на трыбунах з'явіліся банеры «Косава – гэта Сербія» і «Бесарабія – гэта Румынія» (гістарычны рэгіён у Еўропе, які знаходзіцца на тэрыторыі сучасных Малдовы і Украіны).

Відавочна, гасцей пакрыўдзіў першы банер, да таго ж румынскія ультрас пачалі скандаваць гэтую фразу. Сыходзячы з поля, футбалісты зборнай Косава саркастычна хлопалі ў далоні трыбунам:

Пасля пратэсту касавараў скандаванні на некаторы час скончыліся, тым не менш на сектары запалілі фаеры і пачалі нешта кідаць на поле. Уціхамірыць ультрас паспрабаваў капітан зборнай Румыніі Нікушор Банку, але беспаспяхова: групоўка адмаўлялася прыбіраць банеры, а зборная Косава – працягваць сустрэчу.

Паводзіны ультрас не падабаліся астатнім гледачам на стадыёне: сведкі кажуць, што трыбуны скандавалі ім правальваць. Беспарадкі скончыліся толькі тады, калі дыктар зрабіў апошняе папярэджанне: «Перастаньце скандаваць назву суседняй краіны. Інакш матч будзе адменены». У выніку банеры прыбралі – паўза працягнулася 50 хвілін.

Гульня скончылася упэўненай перамогай Румыніі 2:0, якая з 42-й хвіліны гуляла ўбольшасці (пасля аднаўлення сустрэчы другую жоўтую картку атрымаў форвард Косава Ведат Мурыкі). Румыны з 12-ю пунктамі працягваюць займаць другі радок у табліцы групы I, апярэджваючы на адзін бал Ізраіль і на восем – зборную Беларусі.

Вядома, што падобныя паводзіны заўзятараў не застануцца без пакарання: румынскія выданні паведамляюць, што іх зборная рызыкуе правесці два хатнія матчы без заўзятараў – супраць Андоры (15 кастрычніка) і лідара групы Швейцарыі (21 лістапада). Акрамя таго, ад УЕФА румынам пагражае штраф 100 тысяч еўра за недапушчальныя палітычныя скандаванні. Да таго ж, гэта рэцыдыў: Федэрацыю футбола Румыніі ў гэтым цыкле ўжо штрафавалі на 15 тысяч еўра за паводзіны заўзятараў на матчы супраць Беларусі.

Інцыдэнт на ўчорашнім матчы кіраўнік Дэмакратычнай партыі Косава Мемлі Краснікі назваў праявай фашызму: «Няма лозунгу, здольнага змяніць рэальнасць. З 17 лютага 2008 года Косава – незалежная дзяржава, з 3 траўня 2016-га – сябра УЕФА. Палітычныя лозунгі, фашысцкія скандаванні, асвістванні ці абразы на адрас нашых хлопцаў нас не спыняць. Косава як зборная будзе з гонарам прадстаўляць краіну ў свеце – нават там, дзе гэтага не хочуць. Мы шмат працавалі дзеля гэтага і не саступім дробным фашыстам. Косава вечна».

Асудзіў паводзіны ультрас і легенда румынскага футбола Георге Папеску: «Ніколі не зразумею такога стаўлення. Мы павінны пакінуць палітыку ля ўваходу на стадыён. Мы не павінны шкодзіць зборнай. Косава гэта Сербія ці не – не наша справа! Не трэба гэта цягнуць на стадыён. Як называецца група фанатаў? «Аб'яднаныя пад Трыкалёрам»? Значыць яны і павінны падтрымліваць трыкалор, пад якім гуляе каманда. Ці яны за нешта помсцяць зборнай?»

Варта адзначыць і палітычны падтэкст: Румынія дагэтуль афіцыйна не прызнае Косава незалежнай краінай – праз асцярогі сепаратызму на тэрыторыі Трансільваніі сярод тамтэйшых венграў. Больш за тое, кіраўніцтва зборнай Румыніі абмяркоўвала мэтазгоднасць правядзення матчаў з Косава, але УЕФА прыгразіла тэхнічнымі паразамі і ад байкоту адмовіліся. Цяпер матч з касаварамі прывёў да скандалу і стоадсоткава скончыцца буйнымі штрафамі і пакараннямі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты