Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Як там Стась у «Дынама»: шайбаў не патрабуюць, але закідвае ў меншасці, забірае чужую энергію на перакурах

Як там Стась у «Дынама»: шайбаў не патрабуюць, але закідвае ў меншасці, забірае чужую энергію на перакурах

Можа выпіць піва.

Аўтар — bytribuna com
22 лістапада, 13:50
Як там Стась у «Дынама»: шайбаў не патрабуюць, але закідвае ў меншасці, забірае чужую энергію на перакурах

Форвард Андрэй Стась, якому ў кастрычніку споўнілася 35, ужо даўно не топавы выканавец для ўзроўню КХЛ. За «рэгулярку» ён апошні раз набіраў больш за дзесяць балаў ажно ў сезоне-2016/17. За мінулы сезон беларускі хакеіст закінуў адну шайбу і аформіў сем асістаў у 59 матчах за «Трактар», які ў ліпені адмовіўся ад паслуг віншавальніка Лукашэнкі.

Стась не раз казаў, што хоча завяршыць кар“еру ў мiнскім «Дынама». Перад цяперашнім сезонам клуб даў гульцу кантракт на два гады – калі верыць расiйскаму «Спорт-Экспрэсу», на 56 тысяч долараў за сезон, што ў 4,4 разы менш, чым у Чалябінску. Тым не менш гэта пяты заробак сярод беларускіх гульцоў «Дынама». Сам Стась не адказаў на зададзенае яму супрацоўнікамі дзяржТБ пытанне пра ўмовы.

Расійскі трэнер «Дынама» Дзмітрый Квартальнаў зрабіў Стася капітанам, чаму гулец не здзівіўся, нагадаўшы, што «найстарэйшы» ў камандзе. Квартальнаў не стаў мяняць на лёдзе звыклую ролю вопытнага форварда, які працягвае гуляць чэкера – спецыяліста па контратаках. Стась, які калісьці лічыўся адным з найлепшых хакеістаў КХЛ у сваім амплуа, часта ідзе ў прэсінг у чужой зоне і ўступае ў актыўны адбор шайбы. Для Квартальнава форвард стаў ключавым выканаўцам пры гульні ў меншасці. Стась добра чытае камандныя дзеянні супернікаў, таму за матч можа некалькі разоў уцячы да чужых варот пры гульні ва ўсечаным складзе. Сярод дынамаўскіх форвардаў у меншасці больш гуляе толькі Мікіта Пышкайла – 3:03 у сярэднім за матч. У Стася – 2:54, больш за шэсць змен у меншасці ў сярэднім за гульню.

Якасныя ўражанні ад гульні Андрэя добрыя, але колькасныя паказчыкі каманды не так уражваюць. Са Стасем на лёдзе «Дынама» прапусціла тры шайбы ў меншасці, а ўсяго «зубры» ў такім фармаце гульні атрымалі 26 галоў – больш толькі ў шасці каманд. Дынамаўцы прапускаюць у 22,2% выпадкаў гульні ў меншасці – горш толькі ў пяці клубаў КХЛ.

Затое тры з пяці сваіх закінутых шайб Стась аформіў якраз пры гульні «Дынама» ў меншасці. Больш у КХЛ так закідвае толькі форвард «Амура» Кірыл Капусцін (4).

«Дзейнічаем па трэнерскім заданні, ловім супернікаў на памылках. Спадзяюся, што гэта не канец галам у меншасці, будзем паляпшаць паказчыкі. Аднак галоўная задача пры недакамплекце складу – не прапусціць. На гэта плануем у першую чаргу абапірацца», – казаў Стась.

За шэсць папярэдніх рэгулярак форвард толькі аднойчы меў у цэлым больш шайб – у сезоне-2021/22 сем разоў закінуў за «Трактар».

«Напэўна, ён бярэ энергію ў маладых хлопцаў, можа, забірае, пакуль яны перакурваюць. Мы задаволеныя Андрэем, ён малайчына, наш лідар, у ключавых момантах ён у нас у гульні», – падзяліўся Квартальнаў у пачатку лістапада.

Пры гульні ў роўных складах Стась пачынаў сезон у чацвёртай тройцы атакi. Там Андрэй выконваў звыклага цэнтрфорварда, стабільна меў па 12-13 хвілін айстайма і не меў задачы закідваць, але, як ужо сказана, перыядычна адзначаўся. У канцы кастрычніка Квартальнаву прыйшлося ўносіць змены ў расклады з-за траўмаў форвардаў. У выніку Уладзіслава Кадолу перавялі на фланг атакі, а на вызваленнае месца ў цэнтры трэцяга звяна паднялі Стася. Разам з гэтым узрос і гульнявы час Андрэя – зараз ён праводзіць на лёдзе па 13-14 хвілін. У гульні супраць аднаго са сваіх былых клубаў, «Авангарда» (4:3 Б), Стась і зусім атрымаў айстайм 20:44.

Набіраць ачкі з трэцяй тройкі атакі ў хакеіста не атрымліваецца – 0+0 у лістападзе. Аднак гэта не прыводзіць да нараканняў. Ад Стася на лёдзе патрабуецца зусім іншае – падставіць клюшку, адыграцца, дзесьці пазмагацца, паспрабаваць вярнуць шайбу. Сярод дынамаўскіх нападаючых Стась другі па заблакіраваных кідках (13).

Няма роўных у камандзе Стасю па гульні на ўкідванні. На кропцы нападаючы выйграе 63% шайбаў – 303 з 481. Гэта чацвёрты паказчык па лізе з удзельнікаў 100+ укідванняў.

Стась таксама паспеў падзяліцца адным з сакрэтаў сваёй гульні – распавёў, што ў дзень матча вельмі стараецца «не браць і не даваць у доўг, фінансавыя пытанні ў прынцыпе не вырашаць, не ажыццяўляць ніякіх аплат». Ну а пасля сустрэчы, таму што «жывы чалавек», можа і выпіць піва – але не тады, калі ў яго трэніроўка на наступную раніцу.

Іншыя пасты блога

Усе пасты