Усе навіны

Гуркоў пра працу на СТБ: «У мяне былі праблемы са зборнай з-за маіх перакананняў. Гэта быў для мяне такі залік у асабістым забегу»

12 жніўня, 12:14

Кіраўнік грамадскага аб'яднання «Пагоня», шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў у інтэрвʼю для «Зеркала» распавёў пра працу на тэлеканале СТБ.

– Вы працавалі на СТБ. Не шкадуеце, што былі звязаныя з гэтым каналам?

– Я абсалютна з-за гэтага не хвалююся, таму што не бачу ніякіх прычын. Гэта ніяк не ўплывае на тое, хто я ёсць, на мае асабістыя якасці. Я ніколі не здраджваў сабе. Проста была аглядная праграма «Тыдзень спорту» – справаздача аб спартыўных мерапрыемствах, і ўсё. Я не пісаў тэкст сам – там працавала каманда. Здаецца, за ўвесь час быў усяго адзін жывы эфір, а так мы ўсё пісалі загадзя.

– СТБ да 2020-га не быў такой пляцоўкай прапаганды, як цяпер, але ў вас тады былі пытанні да беларускага тэлебачання?

– Ды ў мяне заўсёды былі пытанні да беларускага тэлебачання, але ў выніку я апынуўся на беларускім тэлебачанні (смяецца). І ў тэлебачання былі пытанні да мяне. Але я не працаваў у штаце ніколі – проста вёў спартыўныя навіны. Так у пэўны час выпадкова адбылося, што мне паступіла такая прапанова, я падумаў: чаму б і не? Тады якраз былі праблемы са зборнай з-за маіх перакананняў. Гэта быў для мяне такі залік у асабістым забегу, скажам так. Тыпу «вось я тут яшчэ пабываў», нягледзячы ні на што. Таксама цікавы досвед – паглядзець на гэта ўсё знутры.

– Вы сачылі за рэдакцыйнай палітыкай, за тым, якія навіны і як падаюцца?

– Не, мне не было цікава сачыць за гэтым. Што я там магу не ведаць? Ці варта глядзець тое, што вам нецікава? Што новага там убачыш? Я што, ня ведаў, у якой краіне жыву?

– Многіх гэта спыняе – звязваць сябе з вялікім дзяржтэлеканалам, на якім кожны дзень расказваюць, якая ў нас цудоўная Беларусь.

– Дык яна ж і цудоўная. Ідэя ж добрая! Выканаўцы не вельмі. Краіна ў нас афігенная, самая прыгожая, людзі – добрыя, што можа быць дрэннага ў радзіме (смяецца)? Мяне не турбуе тое, пра што вы мне спрабуеце расказаць. Тым больш што гэта было недзе там, некалі там.

– Я пытаю пра гэта, таму што прапаганда – інструмент, які прывёў Расію да таго, што адбываецца цяпер, і Беларусь таксама.

– Так, але самыя апазіцыянеры ў нас хто – Дудзінскі і Кахно, правільна (Дзяніс Дудзінскі да пратэстаў быў вядучым на БТ, Дзмітрый Кахно – на АНТ. – Tribuna.com)? Дзе яны былі ўвесь час, спытаеце іх. У нас размова неяк пераходзіць на асобы, гэтага ўвогуле не хочацца. Тое, чым я займаўся на СТБ, не супярэчыла маім перакананням. Я не вёў палітычных праграм. Думаю, у пэўны момант мае жаданні нейкага самаразвіцця перасекліся са «Сталічным тэлебачаннем». І што? Дакладна так, як нейкі час я быў у зборнай Рэспублікі Беларусь пры Міністэрстве спорту. Гэта проста збег абставінаў, – распавёў Гуркоў.